Дваццаць гадоў мінулася. Шмат, здаецца, а прабеглі — ці згледзела? Як адзін дзянёк быццам. Калі па сабе мераць. Адно — унукі неўпрыкмет падрасталі. Яны найперш і станавіліся для яе вешкамі, што пазначалі пражытыя ёю ў горадзе гады. Гэта ж ужо даўно яна не толькі бабка, але і прабабка. Пацыўкае яшчэ, дык праўнучка, Соньчына ўнучка, зробіць яе немаведама якой бабкай, што ўжо і не вымавіць. А як на сваё жыццё азірнецца, дык быццам і не было гэтых дваццаці гадоў. Хуценька прабеглі. Пэўна, таму, што ўсё-ткі ў горадзе, не ў сяле. Лягчэй, лацвей у горадзе жыць. Але ў сяле затое — цікавей. У сяле гады чалавек лічыць, а ў горадзе — дні, бо ўсе тыя дні — як адзін. Бягуць чарадою, як вагоны — надта ж аднолькавыя ўсе. У сяле чалавек зіму перачэквае, вясну, летца і восень працуе, потам абліваецца, от і лічыць жыццё сваё і суседскае на гады: от і яшчэ гадок прайшоў, а там перазімуем і зноў вясенька надыдзе, а вясною грэх паміраць, вясною і муха жыве, і жаба спявае, а не толькі салавей...
Ай-яй-яй, маладых папікала, а ў самой во не галава, а рэшата, спахапілася нечакана Стэпачка. Тэлевізар каторы час робіць, а яна, як пані, ляжыць сабе і не шманае.
Паднялася, тузанула штэпсель з разеткі ці не зласнавата, бо на экране не то бегалі, не то скакалі, а яна глядзець не можа на той спорт. Яна ўжо, каб умела, даўно б напісала на тое тэлебачанне, каб не круцілі штодня столькі спорту. Чаго яго круціць, каб хто спытаў? Калі каму хочацца, дык хай ідзе на стадыён ды скача, бегае ці на галаве стаіць. А па тэлевізары лепш кіно хай пакажуць ці пастаноўку, папяюць хай ці раскажуць што, як вунь пра звяроў чалавек расказвае...
Выключыла тэлевізар, а рабіць усё адно няма чаго. Пастаяла Стэпачка, падумала, пайшла ў ванну, анучку ўзяла, прынялася пыл выціраць, якога няма, бо па пяць разоў усюды з анучкай за дзень пройдзецца. Выцірае і зноў пра тое ж думае і думае. Хочацца ёй даўмецца нарэшце, што больш за ўсё шкрабянула яе ў Альхоўцы і ў Ганаровічах, ад чаго гэта яна быццам занядужала. Лічы, ужо два дні, як зноў у горадзе, а ўсё ачомацца не можа, усё нешта грызе яе і грызе, спакою не дае. Можа, ад таго ўсё, што мацерына і татава магілкі не дагледжаны? Ведама, забалела ў яе душа, як убачыла, што магілкі тыя амаль з зямлёю зраўняліся. Цяпер жа вунь якія помнікі і агародкі ставяць людцы! Але ж тады, як сабраліся яе тата і мама, не было такой завядзёнкі. Сціпла хавалі. І труны ніхто, пэўна, не абіваў і не фарбаваў, і агародку калі ставілі, дык хіба драўляную, штыкетнікавую, і помнікаў каменных не было на могілках. Здаўна крыж на магіле ставіўся. Дзіцятка памірала, дык маленькі крыжык, а як сталы чалавек аддаваў богу душу, дык і крыж, адпаведна, большы ставіўся, сёй-той, хто мог, і вялікі, у два росты чалавечыя, доўгі і тоўсты, як падняць, дубовы крыж ставіў — каб не на год-другі, а надоўга, на дзесяткі гадоў. І яна пахавала тату і маму па той яшчэ людской завядзёнцы, і, пэўна ж, не ў крыўдзе былі на яе за тое яны. І таму, ведама, не праз гэта другі дзень блага ёй, адзінока і журботна. А чаго ж тады?
Не дадало ёй весялосці, ведама, і тое, што пабачыла ў Альхоўцы. Што ж хацець, час і там не стаяў на месцы. Вечнага нічога і нікога няма. Усё, што нараджаецца на зямлі, што ўзнікае на ёй, усё, прыждаўшы свайго часу, памірае, разбураецца. Горка ёй было хадзіць зарослымі сцежкамі і не пазнаваць таго, што калісьці ведала да драбніц і без чаго не ўяўляла жыцця свайго, але ж, зноў-такі, не гэта асела ў галаве і не гэта меле там, пытлюе ў цяжкіх жорнах думкі-зерні.
Урэшце, і не ад таго ж Стэпачцы журботна, што не доўга і ёй, як яе альхоўскім таварышкам, засталося быць тут, на гэтым свеце. Думала яна пра гэта ўжо неаднойчы і неаднойчы заікалася перад Толікам, каб не хаваў яе на гарадскіх могілках, а завёз у Альхоўку, да людзей, з якімі жыццё зжыла. Наадварот, здавалася б! Выбрала яна там месцейка, наказала Зосі, каб не забылася, падказала дзецям, дзе яна хацела б легчы пад крыж ці пад камень,— як паставіла апошнюю вешку на сваім жыццёвым шляху. Павінна была б яна супакоіцца, а то, бач, растрывожылася.
А можа, гэта яна, Стэпачка, здзяцінілася ўжо? Можа, проста, як малое дзіця, гуляе ў хованкі сама з сабою? Яна ж добра ведае, што смокча, што гняце яе пасля паездкі ў Альхоўку. Усё ўваччу стаіць той прагал, дзе некалі была ў вёсцы, у шэрагу іншых хат, іхняя з Раманком хата. Яна тады ішла ад Зосі раніцаю, пазірала па абодва бакі ад вуліцы і міжволі адзначала сама сабе, ці ўсе хаты на месцы. Яна ўзіралася ў іх, як у людзей, і бачыла не так хаты, як тых, што калісьці, за яе часам, тут жылі ў іх, і ёй было горка бачыць, што вунь тая хата і гэтая зглухлі, аслеплі, памерлі. Калісьці Банукова хата глядзела на вуліцу адкрытымі, добрымі, гасціннымі вачамі-вокнамі — гэтак жа, як глядзела на свет і на людзей старая Банучыха, яе гаспадыня, а хата Анюты Гэрцавай, наадварот, пазірала на вуліцу праз навісь вішанніку ваўкавата, злосна, нібы цікавала за кожным, хто праходзіў паўз яе,— акурат як сама Анюта.
Читать дальше