Вася пасля, праз тыдзень, пэўна, прыехаў з людзьмі забіраць тыя драбы. На дзвюх машынах прыехалі, з кранам. Адна вялікая такая машына, у кузаў не ўзлезці — так высока. Падняў кран тыя драбы, у кузаў апусціў — дык і схаваўся спалены Васеў «козлік», як быццам там яго і няма. Яна, Стэпачка, знізу і не бачыла ўжо тых чорных драбаў.
Ну, а Вася не выдумляў нічога, як было, так і расказаў на рабоце. Казаў пасля, там нейкую камісію стварылі, ацэньвалі таго «козліка», на якім ён рабіў і які спаліў, і прысудзілі аплаціць яго. Папраўдзе, дык не прысудзілі, бо суда не было. Каб ён самаволам паехаў у Альхоўку, дык мо і судзілі б. А ён папрасіўся з'ездзіць да маткі, яму дазволілі на тым «козліку» з'ездзіць, то і не судзілі, адно — абавязалі аплаціць. Лёгка сказаць — аплаціць. А чым? Усё з сябе спусці. Што надта было тады ў Васі? Жаніўся перад тым гады чатыры назад, Леначка, дзіцятка, паявілася, хату ж толькі-толькі займеў, у той хаце пуста яшчэ было, адно ложак, каб спаць, ды стол, каб паесці. І тут на табе — яшчэ бяда такая. Яны думалі-думалі — што рабіць? Сонька казала, усім скінуцца, хто колькі можа, па-брацку. Яно, ведама, каб тое зараз, цяперашняй парой, то чаму б і не? А тады — што мог Міша скінуць ці Толік з Косцікам? Яшчэ беднавата тады жылі. Неяк не ўмелі жыць, ці не было з чаго, а толькі ж, памятае, ні ў кога запасу не было. У яе ў самой — ні капейкі за душой. І яшчэ ж і другое. Брат ці сястра, ведама, не пашкадавалі б, а — братавая, а муж сястрын? Вася на тое Соньцы — дзякуй, сястра, але — не трэба, неяк выкручуся. А як выкруціцца?
От і дадумалася яна прадаць хату, хляўчук, кароўку. Хопіць і доўг аддаць, і сякую-такую капейчыну на смерць сабе пакіне. І прадала. І вясною тою, шэсцьдзесят чацвёртага года, яна ўжо не сеялася ў Альхоўцы. Сёй-той казаў, што дарма, што магла б і засеяць соткі, ніхто яе за гэта не папракнуў бы, але яна адмовілася, не захацела. Не! Калі ўжо няма тут яе хаты, няма тут яе самой, дык не будзе яна апастыляцца, не будзе нічога рабіць. Нават і грады не пасадзіць. Адно — калі ацалее якая ягадзіна ці яблык, дык пад'едзе, збярэ, гэта не сорамна будзе, бо яе рукамі пасаджана, а калі не яе, дык Раманковымі. Прадала, а сама перабралася ў Мінск, да сына, перабралася во роўна дваццаць гадочкаў назад, аказваецца.
Вася не пагаджаўся, каб яна хату прадавала. На карову — згаджаўся, а на хату — не. А што з каровы той? Гэта цяпер, людзі кажуць, кароўка цягне і на восемсот, і нават на тысячу, калі добрая і маладая. А тады? Смешна казаць: трыста восемдзесят рублёў яна за сваю ўзяла. Стараватая ўжо была, дзевятым целем хадзіла, і з выгляду не надта каб, як іншыя каровы — і вымя таго між ног няма, і ў крыжы вузкая, і віхору на лобе няма — значыць, малако не тлустае, вадзяністае. А яшчэ пасля зімы Красуля яе зусім на Красулю не падобна — худая, поўсць паклычаная, лепяхамі вісіць. От трыста восемдзесят і даў чалавек з Родзевіч. Прыйшоў, паглядзеў, сказаў цану, дык яна і не пярэчыла.
А хату Вася не хацеў, каб прадавала. Дык яна ўжо тады сама як заўпарцілася. Пачала ўжо і на яго: ці ж я ўжо столькі месца займу ў цябе, сынок? Што, мне ўжо ў цябе з Аняй і кутка не знойдзецца? А ці ж заўсёды я здаровая буду? Шэсцьдзесят ужо. Што, мне і акалець тут некалі давядзецца адной? Вася аж пакрыўдзіўся. «Мама, я адно кажу, а ты — другое. Я і сам хацеў табе сказаць, каб да нас з Аняй перабіралася, але каб і хата наша тут стаяла, а ты...» Ай, сынок, запярэчыла яна яму, хата будзе стаяць, калі жывуць у ёй, а без прыгляду, без гаспадара доўга не пастаіць. А ў цябе во бяда, дык хай яна апошнюю добрую службу нам саслужыць. Лічы, не я табе памагаю, а бацька, які ставіў гэтую хату, ставіў, каб і самому жыць, і каб дзецям, хоць катораму з дзяцей, дасталася. От выпала так, што табе яна, Васечка, і дасталася, і ты на бацьку не крыўдуй, прымі, як яго дарунак табе.
Гаварыла так сыну, а сама чакала, спадзявалася, што ўпрэцца Вася, не прыме такога падарунка, адгаворыць яе, не дазволіць рашаць іхняга дворышча ў Альхоўцы. І гэта не цяперашняя яе выдумка. І тады яна вельмі хацела таго, жадала, каб адгаварыў яе Вася прадаваць хату. Дык жа — не адгаварыў. Хутка пагадзіўся. Сказаў: «Ну, як ведаеш, мама. Куток табе заўсёды ў мяне знойдзецца, а тут — рашай сама, каб пасля не крыўдавала, каб не думала, што я цябе сваёй бядою ці дурноццем падбіў на тое...» Што ж ёй пасля гэтага заставалася? Назад ужо адступаць не было куды. Апавясціла людзей, што прадае хату, а разам з ёю і пуньку, і хляўчук. Зноў жа, насуперак парадам пакінуць што-небудзь на сядзібе, не спяшацца, каб адразу ўсё падчыстую. Калі рашаць, дык ужо ўсё. Дзеці сюды не вернуцца, не падобна, не паказвае на гэта, значыць, і ёй не грэх заплюшчыць тут на ўсё вочы. Ну, год, другі, трэці пасядзіць яна тут адна, як сава ў дупле, а — тады? Хто тады вады падасць, хто грубку прапаліць, хто рукі, урэшце, сашчэміць на грудзях, як аледзянеюць? Паедзе і яна да дзяцей. Услед за дзецьмі. Мо ўжо і праўда такі век надышоў, што не пакідае на месцы нікога, круціць, шматае і гоніць кудысьці ўсіх, як асенні вецер-узвей апалае лісце?
Читать дальше