Стэпачка ківае галавой:
— Хіба ж я не бачыла! Учора цябе чапаць няможна было... А нявесела мне, унучачка, пасля паездкі.
— Чаму? Ты ж хацела.
— Хацела, ведама. Ці цеперся была! А з'ездзіла, дык і так выйшла, што адзін камень скінула з грудзей, а другі ўзваліла. Як угледзела ў Альхоўцы той прагал...
— Які прагал, бабуля?
— А на тым месцы, унучачка, дзе хата мая стаяла. Наша з Раманком хата.
Людачка перастае жаваць булку, глядзіць на бабулю, здзіўляецца:
— Хіба толькі цяпер убачыла?
Стэпачка апускае галаву, уздыхае:
— От і выходзіць, што цяпер. Раней у вочы не кідалася. А цяпер кінулася. Прагал. Пустка. Як і не было. Ніколі. Не па-людску гэта. Кепска гэта, унучачка.
Людачка колькі часу маўчыць, кусае булку і запівае яе малаком. Страсянуўшы сваімі бялюткімі, як вытрапаны і выбелены лён, валасамі, кажа:
— Сантыменты, бабуля! Ну, я не кажу, веру, што вясёлага ў гэтым мала, але — перажывём, бабуля! Сама колькі разоў казала мне, што карані свае ты там абсекла. Чаго ж плакаць па шапцы, галаву страціўшы?
— Не ведаю, кнігаўка, а от плачу. Не хачу, а плачу. Заплюшчу вочы, убачу — і сэрца заходзіцца. Не то ад жалю, не то ад крыўды. А на каго — дык і не ведаю.
Унучка, дапіўшы малако і спаласнуўшы посуд, кажа:
— Цяпер я, бабуля, кладуся на тахту, выпростваю ногі і ляжу, не варушачыся, хоць бы тры з паловай тысячы секунд — хай параўнуецца спруцянелая спіна, хай адпачнуць клубы, вызваленыя з джынсаў, хай адыдуць ногі ад красовак. Ляжу і расказваю табе нешта, і ты забудзешся на свой прагал, не будзеш вешаць галавы і думаць ліха яго ведае пра што. Пайшлі, бабуля!
І вось яны абедзве ляжаць. Яна, Стэпачка, на сваёй тахце, на баку, абапёршыся на локаць і падпіраючы далонню галаву, а Людачка — расцягнуўшыся на ўвесь рост, на спіне, паклаўшы галаву не на ясік і не па качалку-падгалоўнік, а на матрац. Не відаць Стэпачцы, ці глядзіць Людачка ў столь, ці вочы ў яе заплюшчаны. Адно бачыць — Людаччыны вусны. Яны варушацца. І чуецца ўнуччын голас:
— Не аб тым плачаш, бабуля. Там, у Альхоўцы, на тваім прагале нехта паставіць хату, і яго не будзе, прагал знікне. А як запоўніць прагал у маёй душы?
Няўдаліцамі мы выраслі, бабуля. Сляпымі, глухімі, нямымі. Ходзім па зямлі, як прышэльцы з іншай планеты. Якую траву топчам — не ведаем, якія кветкі рвём — не ведаем, якія дрэвы ламаем — таксама не ведаем, якіх птушачак слухаем — зноў жа, бабуля, не ведаем. З усіх кветак, лугавых і палявых, на нашу долю застаўся адзін дзьмухавец, з усіх птушак — вераб'і ды галубы, з усіх насякомых — паласатыя восы. Ды гэта яшчэ што? А якія песні мы пяём? А якія танцы танцуем? А якой моваю між сабою гаворым? Ах, бабуля, якія прагалы ў нашых душах, якія прагалы!
Раней я дурная была. Смяялася, калі гаварылі пра душу. А душа, аказваецца, ёсць! І што не памірае яна — таксама праўда. Не памірае, а пераходзіць ад дзеда да бацькі, ад бацькі да сына, ад сына да ўнука і гэтак далей. Бясконца. І ў кожным новым пакаленні чалавек усё багацейшы і багацейшы, бо душа яго, як эстафета, пераймае душэўны набытак усіх, хто жыў да яго. І не выбарачна трымае душа гэты набытак усіх, хто жыў да яго. Не можа яна нешта адкінуць, а нешта прыняць. У ёй хапае месца ўсяму. Яна неабдымная, і чым больш прыняла, тым багацейшы чалавек. Душэўны набытак не можа быць дробязным альбо важным. Мер вагі, даўжыні, аб'ёму для яго не існуе, і адно ў душэўным набытку нельга замяніць іншым. Гэта — як талент. Альбо ён ёсць, альбо няма. У чалавека можа быць у хаце шмат дарагіх рэчаў, а душа — пустой. І наадварот. Разумееш ты гэта, бабуля? Ды што я пытаюся! Ты ў мяне ўсё разумееш.
Тое, што ў чалавека ёсць душа, я зразумела дзякуючы і табе. Назапашванне душэўных багаццяў ідзе з пакалення ў пакаленне. Таму і бессмяротны чалавек. І калі гэтая эстафета раптам парушаецца, абрываецца, гэта абарочваецца катастрофай — для чалавека. Усякаеш, бабуля?
Вось ты. Пахавала ты сваіх тату і маму. Але яны не зніклі бясследна. Усё, што яны ведалі і ўмелі, яны перадалі табе. І з гэтым іхнім скарбам табе жылося лягчэй. Ты пераняла ад іх разуменне таго, што аснова чалавечага быцця на зямлі — праца, і ў цябе ніколі не ўзнікала сумнення ў тым, што чалавек можа жыць і не працаваць, ты пераняла ад бацькоў разуменне таго, што з людзьмі трэба жыць па-людску, што, каб паважалі цябе, ты павінна паважаць іншых. Ты навучылася ад іх разумець прыгожае і агіднае, добрае і благое, чыстае і бруднае, сумленнае і подлае, пошлае і высакароднае. І ты, валодаючы гэтым скарбам, нават не ведала, не ўсведамляла, што ён перайшоў да цябе ад бацькоў, як калісьці ім — ад іхніх бацькоў. Табе здавалася, што ўсё гэта прыйшло да цябе само па сабе, што яно было з табой з самага пачатку, з дня нараджэння, з таго часу, як ты ўсвядоміла, што ты — гэта ты. Пераняўшы ўсё тое ад бацькоў, ты зразумела, можа быць, самае галоўнае: што ты жывеш не дзе-небудзь, а менавіта тут, на гэтай зямлі, сярод гэтых рэчак, пагоркаў, лясоў і балот, сярод гэтых, тутэйшых людзей, што тут твая радзіма, твой пачатак і канец, твой сённяшні і заўтрашні дзень, будучыня тваіх дзяцей і ўнукаў. І ты думала, што так будзе заўсёды. А тут раптам гэты адвечны ланцужок вазьмі ды парвіся. І парванае звяно — гэта твае дзеці, бабуля. Мой тата. Мая мама. Сталася так, што яны, мо і не жадаючы таго, адмовіліся, адкінулі прэч многае з душэўнага набытку бацькоў. Можа, іх змусілі да гэтага. Адгаварылі. Ты ж таксама, памятаеш, казала сваім дзецям: на мяне не зважайце, дзеткі, я ўжо як-небудзь тут, а вы ідзіце, вам, пэўна, суджана іншае, чым нам, не крыўдуйце на нас, што мы вас падштурхоўваем, але — ідзіце, хай вам будзе лепей, чым было нам, ніхто нас за гэта не асудзіць, мы хочам толькі аднаго, каб вы былі шчаслівейшыя, а гэта спракавечнае жаданне і хаценне кожнага бацькі і кожнай маткі... Ты ж на будзеш адмаўляцца, бабуля, што казала так? Не будзеш, канечне. Ну, а ці сталі яны шчаслівейшыя? Ты ўпэўнена ў гэтым, бабуля? Скажы, упэўнена? Маўчыш. Бо не ведаеш. Бо не ўпэўнена. Мо нават ведаеш, што не сталі шчаслівейшымі.
Читать дальше