Вось так, бабуля. Паразумеліся мы з табой, што твае дзеці, разляцеўшыся з роднага гнязда, выракшыся яго, забыўшыся на яго, не сталі шчаслівейшымі. Але самыя няшчасныя — мы, дзеці тваіх дзяцей. У іх хоць былі вы і вашы бацькі, іхнія дзяды, былі вытаптаныя вамі і дзядамі сцежкі, збудаваныя вамі і дзядамі хаты, выкапаныя вамі і дзядамі калодзежы, адшуканыя вамі і дзядамі крыніцы, сходжаныя ўздоўж і ўпоперак вамі і дзядамі лясы, балоты, палеткі, былі выпакутаваныя вамі і дзядамі, разам з далёкімі і блізкімі продкамі, песні, казкі, легенды, звычаі, святы... А ў нас? А ў нас — прагал. Прагал, бабуля.
Душа павінна мець прывязку. Каб яна не мітусілася, каб жыла цікава, папоўнена, змястоўна, душа павінна быць прывязана да пэўнага месца, павінна прыкіпець, прыжыцца на тым месцы. А мы? Месца нашага з'яўлення на свет — усяго толькі запіс у метрыках ці, пасля, у пашпарце. Месца нашага жыхарства, з аднаго боку,— стандартная кватэра ў стандартным доме, з другога боку — уся планета, а там, дзе ў вашых душах былі прапісаны рэчкі з прыгожымі назвамі, лясы і пералескі, пагоркі і лагчынкі, дубы і бярозы, якія ішлі за вамі праз усё жыццё, у нашых душах — прагал. Чые мы дзеці, бабуля? Маўчыць прагал. Не адказвае. Не адзываецца. Прагал — пустэча. А пустэча ўмее толькі маўчаць. На тое яна і пустэча...
Ты спрабавала, бабуля, запаўняць яго ў душы сваёй унучкі. Дзякуй табе за гэта! Дзякуй за тое, што не дала мне заснуць, што збудзіла маю душу. Цяпер, я спадзяюся, яна ўжо не засне. Ты чуеш, бабуля? Галоўнае — зразумець гэта. І тады ўсё будзе добра. Усё можна паправіць. Паэт даўно сказаў: душа абавязана працаваць. Чуеш, бабуля? Працаваць! А ты плачаш над прагалам у Альхоўцы. Ах, бабуля, бабуля! Паплач лепш над сваёй кнігаўкай. Ты паплач, а яна — паспіць. Падрэмле. Трошачкі. Бо ў яе стамілася не толькі цела, але і душа...
Яна, Стэпачка, не надта што і зразумела з таго, што нагаварыла ўнучка. Але, здаецца, зразумела галоўнае. Што, мусіць, і праўда не трэба залішне думаць пра той альхоўскі прагал. Можа, як кажа Людачка, знойдзецца чалавек і зрубіць сабе хату на іхнім котлішчы, і будзе жыць шчасліва, як калісь яна жыла са сваім Раманком і дзецьмі, і лёс таго чалавека будзе там шчаслівейшы, чым яе, Стэпаччын, і дзеці яго, можа, не разбягуцца, не выракуцца роднай хаты. Хай будзе так!
Зразумела, здаецца, і пра які прагал у сваёй душы гаварыла ўнучка. І паверыла, што і яго з гадамі не будзе. Бо калі пачала працаваць душа, дык ужо не перапыніцца гэтая праца. Пасля душа ўжо сама сябе падганяе. Калі і ёсць на свеце вечны рухавік, дык гэта — душа! Хай сабе Людачка і не казала такіх слоў, але ж — хацела сказаць гэта.
Ну, а калі так, дык ёй, Стэпачцы, не трэба нудзіцца. Значыць, усё-такі не марна жыла яна на свеце. Не памрэ яе душа разам з ёю. Нештачка з яе знойдзе сабе куточак у Людаччынай душы.
А што хаты яе не засталося на гэтай зямлі, на гэтым белым свеце — такой бяды. Хата ўсё роўна не вечная. Прыйдзе час — і на яе старым падмурку, на яе камянях-падвалінах трэба рубіць новы зруб, ставіць новыя стромыя кроквы, узнімаць новы сонечны дах. Нішто на свеце не вечнае. Адна душа — несмяротная! Адна душа...
І разгладзіліся маршчыны ў Стэпачкі на твары, палягчэла на сэрцы ў цёткі Стэфы.
Пра Валерыю Кім упершыню пачуў ад маці...
Прыйшоў неяк з работы, сеў вячэраць, а маці вазьмі дый скажы:
— Бачыла ж настаўніцу новую. У краме напаткала...
Ён і вокам не міргнуў. Што яму да той настаўніцы — хоць новай, хоць старой? Каб тады, як атэстат у вячэрняй «зарабляў», дык мо і не прайшло б міма яго гэтае нецярплівае мацерына паведамленне. А цяпер? Настаўніцы шафёрамі не цікавяцца, ну, а шафёры — настаўніцамі. Вось так! Як еў, так і еў, не папярхнуўся — прамаўчаў.
Толькі ж маці быццам усё роўна, блізка прыняў ён яе словы ці краем вуха спаймаў. Ёй пагаварыць ахвота. У хаце ёй няма больш каму слова сказаць, цэлы дзень усё маўчком ды маўчком, хіба толькі ка ката раз-другі апсікне. А ўжо ж і сцямнела, хай не летні, але яшчэ і не кароткі дзень дагарэў — ці ж не намаўчалася? А тут сын дахаты прыйшоў, вячэраць сеў — чаму ж ёй нарэшце язык свой не пасушыць?
— Гэта ж соль скончылася. Накрышыла бульбы ў гаршчочак, хацела ў печ паставіць, каб табе тушаніна была, лап на пяколку ў ступку, а там — пуста, ні драбінкі. Забылася, што ўжо раніцай ледзь нашкрабала лыжкай на днішчы, каб табе блін пасаліц. От і пайшла ў краму. А там і яна, настаўніца новая...
Кіўнуў ён нарэшце галавою — чую, маўляў, хоць яму тое да лямпачкі, і сам сабе, цішком, хмыкнуў, пабачыўшы, што гэткім сваім кіўком адно падахвоціў маці.
Читать дальше