І так засланіла, што аднаго разу, калі здарылася так, што засталася яна ў полі з Ляксеем удваіх, павярнуўся ў яе язык падступіцца да яго з тою гаворкаю. Не хвалілася нікому Стэпачка, не расказвала і не раскажа ўжо нікому, пастаралася выкінуць тое з галавы, забыць начыста, як сон дурны, але ж от не забылася, помніцца слова ў слова, што было сказана між імі тады на полі, ля сцірты снапоў. Калі б Людачка магла яе думкі запісаць на тую сваю цэўку, дык і запісалася б так: «А што, Ляксей, спяшаешся куды?» — «Ды каб сказаць...» — «То мо прысядзь тады, га? Ці баішся?» — «Каго, Стэпачка?» — «Ну, мяне... Ці Надзі сваёй...» — «Ну і жарты ў цябе...» — «А я не жартую, Ляксей. Чаму б нам і не падурэць...» — «Ты што, дзеўка, ашалела? Чаго раптам?» — «Не пытайся, Ляксей, нічога не пытайся... Трэба мне! Душу супакоіць! Каб адпомсціць яму!..» — «Каму? Раманку?» — «Ляксей, не пытайся ж, кажу! Надзя не ўведае...» — «А Раманок твой? Ды я сам яму раскажу! Што ў галаву ўзяла! Ты што, ненармальная?..» — «Ненармальная, Ляксей, ненармальная. Змэнчылася, каторую ноч не сплю...» — «Дурная ты баба, і больш нічога! Калі так, то бяры дзяцей і едзь да яго, а не... Ох і даў бы я табе, будучы Раманком! Каб тыдзень сесці не магла...» — «Мне б лягчэй было, каб і адлупцаваў...» — «Яшчэ слова скажаш, дык я адлупцую! Ідзі дамоў, Стэпачка! Нічога ты мне не казала, і не чуў я нічога! Ясна?..»
Гэта ж паўвека мінула, а і цяпер яе як варам абліло. Што на яе тады найшло, дык і не ведае. Гэта ж пасля, як Рамчанка ўжо не было, ніколі ні разу і думка такая ў галаву яе прыходзіла, а то ж... Не, мусіць, праўду такі кажуць, што чалавек з раскошы шалее. Пасля вайны, галечаю тою, не магло ёй такое ў галаву прыйсці. А перад вайною, бач, дадумалася, ашалела баба. Перад вайною, асабліва апошнія два-тры гады, добра ўжо жылі людзі. Было ўжо і хлеба, і да хлеба, нельга богу грашыць. А па вайне і першы год, і другі, і трэці, і дзесяты не было раскошы. Якая там раскоша! Адзець на змену не было чаго. Сарочку якую на шасток у лазні ўскінеш, каб вошы папрудзіліся, і зноў надзенеш, бо другой не было. І яна, і дзеці зімой і летам адным цветам — адно насілі, латанае-пералатанае. Ашалець ад усяго таго і праўда можна было, толькі сапраўды ашалець, а не таго, каб...
Яна, Стэпачка, кожан раз, як прыгадае што з таго часу, дык і наплачацца, сама таго не хочучы. У сорак пятым выпраўляла Соньку ў Мінск. У педагагічнае вучылішча, на настаўніцу вучыцца. А ў чым выправіць, каб хто спытаў? Адна сукеначка на ёй — ні на ногі нічога няма, ні на плечы накінуць. Хоча, бачыце, дачка ў Мінск, а ўперлася: не паеду босая нізавошта! І яна, Стэпачка, плача, і Сонька разам з ёй. Пайшла да старшыні сельсавета. У сельсавеце тады старшынёй Забаўскі быў, яго пасля ў раён забралі. Паплакалася, расказала, што пасылаюць дачку на вучобу, а босай дзеўка не хоча ехаць. Напісаў Забаўскі запіску. І яна з той запіскай у раён. Там ёй выдалі палітончык, тоненькі такі, як пінжачок, на шоўкавай падшэўцы, баціначкі карычневыя на шнурках і шапачку-берэтачку, усё ношанае, але чыстае, з таго, што амерыканцы прысылалі, сказалі. Ішла яна дадому і ног пад сабой ад радасці не чула. А прыйшла, агледзеліся і зажурыліся разам з Сонькай. Палітончык аказаўся хлапечы, давялося гузікі перашыць і на левым крысе дзіркі - петлі зашыць, а на правым зрабіць новыя, а баціначкі не падышлі зусім — малыя, вузкія, нагу не ўплішчыць. Добра, Надзінай Верцы падышлі, нават велікаватыя трошкі аказаліся, але Надзя ўзяла, а ўзамен дала свае даваенныя балеткі. Сонька і ім рада была — усё ж не босая, бо ўбіла сабе ў галаву, што ў Мінск босай няможна...
Яна пра ўсё гэта Людачцы расказвала, а тая на цэўку сваю запісвала. І пра тое, як Соньку выпраўляла і як пасля хлопцы, адзін за адным, у Мінск выпраўляліся, у тым ліку і Толік, бацька яе цяперашні. Дужа ёй усё цікава ведаць, як пасля вайны было. Разумная надта ж нейкая, шчырая і спагадлівая ўнучка вырасла. Не па-дзіцячы ўражлівая і цікаўная. Яна, Стэпачка, расказвае, Людачка слухае, а як што не разумее ці як што здзівіць яе, дык і пачне пытацца. Сто пытанняў задасць. А яна на тыя пытанні і адказаць не заўсёды здатная.
Памятае, расказвала Людачцы, як авечак даглядала, як звеннявой па кок-сагызу была...
«Я, дзіцятка, прывыкла і ў калгасе ўсё рабіць гэтак, як і сваё. Да вайны абы-што рабіла. Куды брыгадзір пасылаў. Жаць хадзіла, лён палоць, восенню і зімою лён той самы мяла і трапала. І сіла ў мяне была, і спрыт, і гонар. Са мной рэдка якая баба магла зраўняцца. Раманок, дзед твой, нябожчык, мною ганарыўся нават. «Правільна робіш, Стэпачка,— казаў,— што не паддаешся, хай ведаюць, што ні я, ні ты сабе палёгкі не даём...» Я й не давала. Жаць пойдзем з бабамі, дык я не буду языком мянташыць, чужыя костачкі перамываць. Я перавяслаў нараблю і пайшла загон гнаць. Пакуль там хто толькі зажынае, дык я ўжо крыжык-другі снапоў пастаўлю. І лён той самы. І кагалам трапалі-мялі, у калгаснай пуні, і кожны сабе дадому браў. Я лепш дома любіла лён мяць. Тут аніхто не замінае. А там, ведама, баб збярэцца, адна перад адной па слову, дык галава баліць. Яно, кажуць, у кагале спрытней, лацвей рабіць, мо і праўда, але гэта ў мяне, мусіць, натура такая — як адна, дык я больш зраблю. Я Ляксея прасіла: прывязі мне воз таго лёну на падворак, і я табе яго чыстымі ручайкамі здам. А калі зраблю, вечарам ці днём, у будзень ці ў свята, гэта ўжо маё дзела. І ці абагнаў мяне калі хто! Я заўсёды больш ручаек здам. І ручайкі мае не тоненькія, а як пальцамі, жменяй абшчапіць...
Читать дальше