І во колькі часу сядзіць на камені-ганку, а яны ні кропелькі не адышлі, гудуць і гудуць, і ўсё па іх быццам мурашкі поўзаюць. А сядзець жа быццам і досыць ужо. Трэба ж і праўда падумаць, каб што дзецям даць. Пашукаць у варыўні, можа, якая бульбіна ў загародцы ў куток закацілася і не споршылася? А мо на сяло схадзіць да каго? Бо ў гародзе тым ці знойдзеш яшчэ што. Парэчкі-зяленухі хіба?
Ад згадкі пра парэчкі ў перасохлым роце яе варухнуўся язык, яна пракаўтнула сухі камяк і сказала сама сабе пра дзяцей ці не голасна: «А хай бы і паглядзелі, мо ўжо і зачырванеліся дзе на ўгрэве. Дык жа не, у хату паперліся, абрадаваліся, даўно не бачылі, не былі ў хаце...»
І як пачуўшы яе, выйшаў з хаты Косцік, а ўслед за ім і ўсе — Толя, Міша, Вася і Сонька. Яна не бачыла іх, але спіною адчувала — усе тут, стаяць за ёю, на ганку.
— Ну што, дзеткі?
Ніхто не азваўся, ні самы малы Косцік, ні самая старэйшая Сонька.
— І што я рабіць з вамі буду? — немаведама ў каго, спыталася Стэпачка.— І што, га? З пяццю вамі — адна?..— Хацела сказаць «без бацькі», але не сказала, не вымавіла гэтых слоў перад дзецьмі.
Даўно ўжо, ці не гады два назад, сасніла сон, які вытлумачыла для сябе так, што загінуў, злажыў сваю галаву яе Раманок. Яна не хацела ў тое верыць і аднак жа, штораз вяртаючыся да таго сну, верыла і не ўцярпела, пайшла да Волькі Булыкавай, і тая разлажыла перад ёю карты і таксама сказала, што няма на свеце яе Раманка, хай яна, Стэпачка, як хоча, верыць ці не верыць, а толькі карты не хлусяць. І яна паверыла. Надзя Ляксеева была сарамаціла яе. «Пабойся бога,— казала,— грэшна так думаць, хаваць мужыка, нейкім дурным картам паверыўшы...» А яна ёй у адказ: «Не картам веру, а сэрцу свайму... Няма Раманка майго...»
Дзеці зноў прамаўчалі, не агукнуліся на яе словы. Адна Сонька, здаецца, незадаволена крутанула галавой. Стэпачка якраз азірнулася, убачыла тое і датумкала, што Соньчына праўда, што не трэба было ёй гэтага гаварыць, і спахапілася, і загаварыла, нібы нічога перад тым не казала:
— Чаго ж я расселася, га? Не паранее. Трэба, дзеткі, і за работу брацца. Добры дзядзька не прыйдзе, не зробіць за нас,— Яна паднялася, абцягнула на худых клубах спадніцу, акінула вачамі надворак, праз расчыненыя дзверы зазірнула ў хату, у першую палову.— Ты, Вася, скоч на аселіцу, парэж там дубцоў і звяжы лазовы дзяркач, каб было чым і хату падмесці і во тут, ля ганка, прыгрэбці. Добра, сынок? А ты, Сонька, вады прынясі. І не палянуйся, дачушка, другі раз схадзіць, а мо і трэці, у балею налі, калі не дзіравая... А пасля, Вася, паглядзі разам з Мішам, хай паможа табе, дроў якіх, прапаліць у печы трэба. Мала што лета, а не палена столькі. А я з меншымі ў гарод пайду, мо што на зуб знайду. Трэба ж, дзеткі, жыць нейк, калі ўратаваліся...
Браўся на адвячорак дзень 3 ліпеня 1944 года.
Ці ўспамінала калі Стэпачка дзень той? Уга, колькі разоў. І той дзень, і ранейшыя, якія падзялілі яе жыццё на дзве розныя, нязлучныя між сабою палавіны — да вайны і пасля вайны. Як жа іх не ўспамінаць!
Але ж от дарма кажуць, што ў старасці ўсё як і ў дзяцінстве. Мусіць, зусім яно наадварот. Дні ў дзяцінстве былі доўгія, а ночы кароткія, а старасць месцамі іх мяняе, дні ўкарачае, ночы падточвае-падаўжае, бягуць гэтыя дзянькі ой як хуценька, не агледзішся! Ці даўно тое было, як яна сядзела на цёплым камені-круглеі, прыбіўшыся ўрэшце да сваёй хаты? Здаецца, зусім нядаўначка. Калі не ўчора, дык нейкі тыдзень назад. А між тым, сорак гадкоў прамінула — палова з пражытых ёю. Во, па радыё і па тэлевізары толькі і гавораць пра саракагоддзе з дня вызвалення. У Мінску метро збіраюцца пусціць. Людачка на тым метро як памешаная. І ёй, Стэпачцы, спакою не дае. Неяк яна, з месяц назад, была прыхварэла трошкі — грып гэты самы прыслепіўся, ці што, дык унучачка кожан дзень ці не поедам ела, па-добраму, але ела: «Бабуля, ты глядзі ў мяне, не хварэй, загадваю не хварэць, быць у форме, бо без нас, як мне сказалі, метро не адкрыюць». І сама заліваецца, смяецца, шчабятуха! Унучачка даўно ўжо, з вясны яшчэ, паклялася, што павядзе яе, сваю бабулю, у метро і правязе праз усе станцыі ў адзін бок і ў другі. А яна во, усё можа быць, мо якраз і падвядзе Людачку, возьме ды і ўложыць яе ў пасцелю самота гэтая незразумелая, нэндза душэўная...
Як спалохаўшыся гэтай думкі, паднялася Стэпачка з тахты, пайшла на кухню, запаліла газ, паставіла на пліту чайнік, пасля наліла ў кубачак кіпеню, укінула колькі лыжачак малака-згушчонкі і папіла-паела з пячэннем. Людачка такі «чай» упадабала, і яна, старая, услед за ўнучкай, хоць спачатку і смяялася з кнігаўкі, а сама як пакаштавала аднойчы, дык і пераканалася, што смачны малочны «чай», мо смачнейшы за той грузінскі ці цэйлонскі, за якім усе ганяюцца. Папіла, і быццам палепшала ёй: унутры стала цяплей, дык, здаецца, і душа трошкі адтаяла, пацяплела.
Читать дальше