Любіла яна чысціню ў хаце. Столь тую самую яна сяды-тады і два разы на год мыла — другі раз перад пакровамі, перад зімою, от калі стаіць восень сухая ды цёплая, дык і памые. Хай чысцейшая будзе, святлей у хаце хоць трошку. Бо калі столь чорная, дык пры газнічцы ці пры лучыне як у яме сядзіш, а не ў хаце, а тады ж часта даводзілася сядзець і пры газнічцы, і пры лучыне, бо беднавата яшчэ жылося. А падлогу мыла кожную суботку. І кожан раз з дзеркачом, і не проста цёплаю вадою, а лугам. Дык тады кожная падложынка — таксама як навошчаная. Яна яшчэ, памыўшы падлогу, на аселіцу збегае, аеру ўжне ды па свежых, непрасохлых падложынках насыпле. І блыха, як завядзецца, здохне, і водар у хаце — як на лузе. Ляжаш спаць, дык як на капе сена, адно салаўёў не чуваць...
Хату сваю згадаўшы, пачала думаць чамусьці пра Ляксея Камоцкага, балазе на экране гаварылі ўжо аб нечым іншым. Успомніла Ляксея і ўсміхнулася сама сабе. Гэта ж ужо на яе вачах, як яна прыйшла ў Альхоўку, хадзіў ён, хлопцам будучы, штовечар да Яўхімавых. Да Зіны прыходзіў, да старэйшай Яўхімавай. А Зіна тая, круцёлка, упадабала настаўніка. Быў такі ў Альхоўцы настаўнік тады — Галубовіч. Высокі, чарнявы, з капелюшом на галаве і з гальштукам на шыі. Як ён там дзяцей вучыў, невядома, а ўсё спектаклі ладзіў, пастаноўкі ў панскім доме. Усе альхоўскія і з бліжэйшых вёсак дзеўкі млелі па ім. І Зіна Яўхімава прападала ў панскім доме вечарамі. А Ляксей прыйдзе да Яўхімавых і чакае, пакуль Зіна дадому прыпляцецца. Са старым Яўхімам пакурыць, з Надзяй пагаворыць. Надзю малой лічыў, не таіўся ад яе, што іхнюю Зіну ўпадабаў, выпытваў у Надзі тайны пра Зіну. Ці не праз усю зіму з хаты не вылазіў, не бачыў таго, што ўсім даўно відаць было,— што Зіна з настаўнікам гуляе. Хадзіў датуль, пакуль яны і не пабраліся, Зіна Яўхімава з тым Галубовічам. Ён жа і звёз яе неўзабаве, і далёка недзе, на Гомельшчыну, ці што. Зіна да вайны пісьмы пісала, два ці тры разы прыязджала, а пасля вайны як у ваду канула. Не чуваць і не чуваць. Яўхіма на свеце ўжо не было, а Надзя не адразу і дадумалася, каб напісаць туды каму — у сельсавет ці ў раён... і толькі, мусіць, ужо недзе ў сорак сёмым даведалася, што загінула Зіна, што ўся яе сям'я загінула: сама Зіна з дзецьмі ў канцлагеры ў Азарычах, а Галубовіч яе — у партызанах, у засадзе. Ага, дык як Галубовіч узяў Зіну, Ляксей прыйшоў, як штовечар, да Яўхімавых і вазьмі скажы Надзі: давай і мы з табой пажэнімся, я прывык да цябе, ты мне ўжо і за Зіну лепей... І Надзя згадзілася, пайшла. І жылі вунь як добра. І да вайны, і пасля вайны. Старэйшага свайго, Воўку, яны страцілі ў апошнюю блакаду, а з Веркай і блізнятамі ацалелі, вырваліся неяк з акружэння ля Дзікага возера, як і яна сама. Пасля вайны ў Ляксея з Надзяй і яшчэ малое знайшлося — дзеўка, Маня, пястушка іхняя. Добрай дзеўкай вырасла: і школу на «выдатна» скончыла, і універсітэт у Мінску, замуж за афіцэра выйшла, хоць яна, Стэпачка, ужо і не бачыла таго яе мужыка-афіцэра...
А Ляксей Камоцкі да вайны быў у Альхоўцы за брыгадзіра. Крыху марудлівы, пра якіх кажуць — цямці-лямці, але справядлівы і да работы жадзён. Ніводнай бабы ці мужчыну ніколі не пакрыўдзіў. Не глядзеў, сусед ты ці не сусед, сваяк ці не сваяк: што зрабіў, тое і зарабіў, лішняга працадня не дапіша. Але ж яна, сорам прызнацца, не проста так Ляксея цяпер успамінае. Была адна прыгода, ад чаго праз усё жыццё ёй, Стэпачцы, было і сорамна, і ніякавата і перад ім, і перад самой сабой, і перад Раманком.
Той вясною паслалі Раманка старшынёй сельсавета ў Казельчыцы, за дзесяць кіламетраў ад Альхоўкі. Яна з дзецьмі за ім не паехала. Каб гэта знаццё, што надоўга, дык мо і ўгаварыў бы яе Раманок. А так ён і сам не ведаў, на які час яго пасылаюць. Тады ж, грэх казаць, не надта лічыліся: сказана — едзь, дык і ўсё тут, а ці ў цябе сям'я, дзеці, гаспадарка, якую рашаць ці не рашаць, як нікому і знаць не трэба. Раманок з тых Казельчыц то прыедзе нанач, то не прыедзе — ведама, дзесяць кіламетраў! А ёй ужо і ў галаву дурное лезе: дзе ён, у каго начуе, а ці не пагорнецца да кабеты якой? І так тое ў галаву ўзяла, што ледзь не ашалела. Прыедзе Раманок, дык яна ўжо быццам і не рада, усё высочвае, каб угадаць, было ў яго што ці не было. А ў страха, кажуць, вочы вялікія. Дык ёй і праўда ўжо здаецца — не, не такі раней быў яе Раманок, як асцюдзянеў да яе і да дзяцей, усё на стому спасылаецца. А каб падумаць ды паразважыць, каб паверыць, што і праўда яе Раманок стамляецца там, бо не высыпаецца і не паесць як след, а ўсё сухама, урыўкамі, а яшчэ ж у сядле дзесяць вёрст пратрасецца, дык чаму ж не будзе стомлены,— да гэтага ніяк яна, Стэпачка, не даўмеецца. Засланіла ўсё рэўнасць дурная.
Читать дальше