Тах! Тах! Тах! — метадычна чуліся на полі пісталетныя стрэлы.
Параненыя не прасілі ў ворага літасці. З нейкай зацятай упартасцю і выклікам аскальвалі белыя зубы ў страшнай і адчайнай усмешцы — і моўчкі паміралі.
Ад жаху і бяссілля ў мяне падкасіліся ногі.
9
Пару дзён таму назад накідалі мы Навагрудак, ахоплены пажарам, а цяпер застаў я паабапал вуліцы абгарэлыя сцены.
На плошчы ў ценю павялых ад полымя акацый стаялі танкі з чорнымі крыжамі на бартах. У аднаго на брані вісела зялёнае вядро з рускім надпісам: «Противопожарное». Зверху машыны былі зацягнуты вялізным кавалкам чырвонага шоўку з чорнай свастыкай у белым коле. Чырвоны колер палотнішча паспеў стаць для мяне святым, абуджаў асацыяцыі з дзяцінства, з дэманстрацый падпольшчыкаў у мястэчку Гарадок, ніяк не вязаўся ў маёй галаве з павучыным знакам свастыкі і немцамі.
Побач са мной разважалі двое сялян:
— Прыкрыліся — каб свае самалёты не зблыталі.
Чалавек нават нагнуўся і паказаў суседу гачыкі, якія трымалі шоўк:
— Глядзі, прадбачылі, халера на іх, яшчэ да вайны!
— Сваё вядро немец згубіў, то, мабыць, у Лідзе здабыў сабе на аэрадроме...
— Разведка ў іх уся або на матацыклах, або на машынах, коней ужо вывелі!..
— Падрыхтаваліся, гады, як след! Не тое што нашы...
У голасе дзядзькоў адчуваўся дакор да сваіх і зайздрасць да ворага, абурэнне: чаму б нам не быць лепшымі?!
У ценю важна вылежваліся немцы. Гэтыя былі не тыя, зусім не тыя, што ў верасні 1939-га ўступалі ў нашу вёску. Ужо — нахабіста-ўпэўненыя, бяспечныя і вясёлыя да пустаты. Яны, не спяшаючыся, апляталі каўбасу, кансервы, здаволена рагаталі і ад шчаслівага свайго ап'янення ўжо не бачылі ні прахожых, ні горада.
На вежы танкіст заводзіў патэфон. Унізе ля гусеніц стаялі дзяўчаты і скалілі да яго зубы. Бытта ў насмешку, патэфон захрыпеў:
Если завтра война, если враг нападет,
Если черная сила нагрянет...
Немцу нешта не спадабалася. Ён выняў пласцінку і запусціў яе ў паветра, яна чырканула па галінцы і рассыпалася на чорныя кавалачкі.
Дзеўкі паслужліва захіхікалі.
Яшчэ зусім нядаўна, калі Іваноў вёў нас з дробнакаліберкамі праз горад на стрэльбішча, а я запяваў такую ж песню, укладаючы ў яе душу, магчыма, гэтыя самыя дзяўчаты стралялі на нас вачыма, таксама двухсэнсоўна, заманліва хіхікалі і паказвалі зубкі.
З люка вылез белабрысы танкіст, куснуў яблык, заіграў на бліскучым акардэоне і заглушыў патэфон.
У гэты момант два салдаты і цывільныя тыпы з вінтоўкамі правялі па вуліцы хлопца. Арыштаваны здаўся мне надта знаёмы. Збялелы, босы, са звязанымі назад тоўстай вяроўкай рукамі хлопец жаласліва азіраўся, сустрэўся са мной вачыма, нібы прасіў ратунку.
Гэта ж — міліцыянер, я яго часта бачыў на плошчы!.. Толькі ён без гімнасцёркі і таму здаецца маладым, меншы ростам...
Аднак я не кінуўся бараніць арыштаванага. Я нават злавіў сябе на тым, што не зводжу вачэй з белабрысага танкіста з бліскучым акардэонам, і сам на сябе зазлаваў.
10
На лесвіцы педвучылішча нейкая жанчына прыгіналася ад цяжару.
Яшчэ за тыдні два да вайны ў падвале нашага будынка размясцілі вайсковы шпіталь. Медсёстры раскладвалі там бялізну, а для нас настала новая забава — прыставаць да іх. Дзяўчаты нібы злаваліся, кідалі ў нас што трапляла ім пад рукі і какетліва рагаталі... Немцы сюды яшчэ не заходзілі. Жанчыны цяпер разбіралі бялізну. Калі падумаць, то лепш бы гэтыя рэчы дасталіся сваім людзям, але для мяне тут было ўсё святое.
— У такі час аб нажыве думаеш?! — зазлаваў я.
— Мы не зна-алі, што няможна! — з напускным плачам занылі кабеты ды пакідалі клункі на ступенькі.
— Хтосьці вам паверыць!
— Дальбо-о, не ве-едалі!
Аднекуль вынырнуў няголены чалавек з кіпай вайсковых ватнікаў.
— А ты, камсамолец, чаго стараешся?! — накінуўся ён на мяне з налёту.— Ты што сабе думаеш?! Скончылася ўсё тваё нябось!..
— Але, міну-ула тваё, го-одзе! — асмялелі бабы і пабраліся за клункі.
— Адкрыча-алі сваё, хо-опіць!
— Адкама-андавалі!
У мяне адняло мову.
Тып прыставаў:
— Хочаш, камсамолец, я цябе зараз запяку ў турму, хочаш? Там такіх — ого!..
— Бабы тыпу падтакнулі.
Узбуджаны і злосны, крочыў я далей па вуліцы і здзекаваўся сам з сябе. Хіба не гэтага трэба было чакаць?! Камсамолец! А што? У душы я даўно быў камсамольцам — і гатоў быў за гэта адказваць.
Хацелася некага біць, лаяцца.
Крыху ніжэй нашага педвучылішча — драўляная будыніна фінтэхнікума. На двары яго праз плот я ўбачыў дзіўны малюнак і спыніўся.
Читать дальше