— І не сорамна табе? Няхай ужо яны бібікі б'юць, але ж ты — да школы ходзіш, а паводзіш сябе бы Рыгарулькаў Міцька!
Косцеў брат, Міця, пачаў гаварыць толькі ў шэсць гадоў. Цяпер яму ішоў дзесяты, а ён усё яшчэ на падворку выкладваў чыгунку з дроў.
— Нябось, сын беластоцкай цёткі Ганулі ў пікара не гуляе! — упікала далей мама.
Надта ж рана яна хацела бачыць нас дарослымі! Няхітрым педагагічным прыёмам было ў яе — выстаўляць крайнасці: прыдуркаватасць Міці і — працавітасць цёткі Галены, якая бытта бы выбілася ў людзі з-за працавітасці і цяпер сабе жыла, як пані, у вялікім горадзе. З пэўнага часу ў прыклад ставілі ўжо і цётчынага сына.
Не могучы нічога адмяніць, я потым знайшоў выйсце.
Да школы было шэсць кіламетраў. Туды з Валодзькам адпраўляліся, калі напасвім кароў. Яшчэ насілі па шэсць-сем літраў малака на продаж, а з бутэлькамі — гэта паўпуда цяжару. Насілі дзень у дзень, восенню і зімой.
Ідучы ў школу, я на хаду чытаў кніжкі. З першых старонак забываўся на цяжар, быў у амерыканскіх прэрыях з траперамі ці ў джунглях.
На палявых работах кніжак чытаць не будзеш, і я выдумваў сабе розныя гісторыі. Станавіўся інжынерам, рабіў хітрыя машыны і раздаваў іх — Кірылісе, дзядзьку Кавальцу, Салвесю, Марціну, Настусі...
2
Калі я быў у пятым класе, бацькі перавезлі будынкі з вёскі пад Ліпнікі. Сталі мы жыць на хутары.
Ля нашага поля паставіў сваю хату Марцін Грушэўскі.
Цэлай вёскай страшаўцы памаглі скласці хаціну на новым месцы і Настусі. Не прымаў удзелу ў яе пераездзе толькі бацька. Уяўляю сабе, якую маці ўзняла б дома буру, каб наш бацька памкнуўся што-небудзь зрабіць для яе. Ён знайшоў апраўданне перад сваім сумленнем:
— Памагаць былой прыслужніцы легіянераў? Не дачакае яна! Няхай бы круціла менш хвастом!
Што ён хацеў сказаць гэтым «круціла менш хвастом», мы з Валодзькам не разумелі, а мама яго слухала ахвотна.
Настуся і па новых хутарах стала бегаць і адрабляць суседзям. Марціну — бо ў яго гумне клала на зіму збожжа. Кірылісе — за краўца. Нам — за каня ці за сячкарню.
Хоць Настусін вялікі круглы твар усё яшчэ прамянеў здароўем, усё ж пасля смерці мужа голас у яе прыцішэў, з'явілася дабрадушна-ліслівая ўсмешка. Суседак яна толькі слухала, падтаквала і падхвальвала.
Я, напрыклад, сядзеў на лаве з бойкай між каленяў і біў масла. Пры гэткім занятку думкі нікуды не накіруеш: можаш зламаць чаранок, выплюхаць смятану. Я паныла соваў калатоўкай і не ведаў, колькі яшчэ біць — паўгадзіны, гадзіну...
Адчыніліся дзверы, увайшла цётка Настуся.
— Дай мне!
Удава на хаду перахапіла бойку, гупнулася на лаву шырокім, туга абцягнутым рыжай спадніцай раздвоеным задам, і смятана пад калатоўкай у яе руках загаварыла на ўсю кухню. Я не дыхаў — мама магла паслаць да іншай работы, трэба было хітраваць. Зараз яна ўцягнецца ў размову, тады бяжы на двор і рабі што сабе хочаш...
Прыкінуўся галодным. Не спяшаючыся, аблупіў цыбуліну, ткнуў яе ў соль. Адрэзаў кавалак хлеба...
— Ах, як ваш Алёшка вырас, вы толькі гляньце! — падлашчылася Настуся.
— Растуць дзеці!..
— Мусіць, з яго будзе якісьці вучоны. Учора спаткала пад Гарадком — ідзе і кніжку сабе чытае. Вецер, дождж сячэ — вачэй не падняць, дарога кепская, а ён нават са сцежкі не саб'ецца!
Смех: чытаць кніжку на хаду і дурань зможа, абы ведаў літары.
Вось кліночак пад маму цётка і падбіла.
Мама глянула на мяне гэтак, як могуць зірнуць толькі мацяркі, а ты і праўда пачынаеш адчуваць жудасна-шчаслівы страх перад тым, што яна табе абяцала ў будучыні,— узнікала затоенае жаданне хутчэй быць такім, якім яна цябе бачыла.
— О, ужо такіх файных дзяцей, як ён у нас удаўся, і не знайсці! Самі са Сцяпанам мэнчымся, яны абодва няхай ужо вучацца, выходзяць у людзі!..
І тут без ніякага пераходу і сувязі мама з гонарам пахвалілася:
— Але ты паглядзі, Настусь: унучцы папа Вінаградава наш старэйшы на перапынку парваў фартух!
— О-о, да каго падбіраецца! — пахаладзела Настуся.
— Настаўніца на сходзе скардзілася — парваў! — аж сцішыла мама голас да шэпту, нібы ў маім учынку — вялікі сэнс, а папоўну я зачапіў не выпадкова.
Яна ўжо не заўважала, што Настуся пакрыўджана маўчыць. Мама пачала з захапленнем расказваць, як на бацькоўскім сходзе хвалілі Валодзьку.
Усё. Цяпер — ходу!
3
Калі Настуся з дачкой прыходзіла да нас капаць бульбу, Веру апранала, як да царквы, а сама была ў той самай вылінялай кофце і спадніцы нібы з іржавай бляхі.
Читать дальше