— Бачыце, як занепакоіліся паны?! Ой, мужчыны, там, відаць, пайшло дзело!.. Сталі б паны псаваць дарэмна грошы на прадажных пісак і на паперу!..
Гэтак пракаменціраваўшы газетку, людзі працягвалі сваё:
— Селі італьянцы ў цыпелін ды на чале з Нобіле паляцелі шукаць Паўночны полюс ды і разбіліса. Мусаліні да ўсіх звярнуўся за дапамогай, толькі СССР абмінуў. І амерыканцы, і французы, і немцы браліса ратаваць іх — усё панскай пароды, далікатныя, куды ім!.. Саветы глядзелі, глядзелі на гэта месяц, другі і не вытрывалі — ведайце нашых! Ледакол «Красін» выйшаў у Ледавіты акіян, іграючы, паздымаў з ільдзін адубянелых макароннікаў, прывёз іх у Архангельск і — у лазню!
— Ого, савецкія людзі ўсё могуць! — захапляўся Рыгор, Косцяў бацька.— Нельга было выжыць пырнік з палёў, спалучылі яго з пшаніцай і здымаюць па пяцьсот пудоў з гектара!.. А я сваё поле дзяўбу, дзяўбу бараной, выграбаю, выграбаю пырай на мяжу!.. Наваліў горы цэлыя, і што з гэтага? Толькі грыжу сабе нажыў — нават на падсцілку не прыдатны. Высахне — палю. Палічы, мэнш, колькі пшаніцы кожны год пускаю ў неба з дымам!..
Вера ў Савецкую ўладу была светлай да наіўнасці, упартай да смерці. І мой бацька быў у ёй гэтакі ж цвёрды.
За Беластокам недзе паліцыянты падпаілі падпольшчыка ды выпыталі ўсе таямніцы. Тады бацька сабраў сваіх камуністаў і камсамольцаў ды прыняў у іх клятву — ні ў якіх выпадках не піць гарэлкі.
Недзе каля 1930 года за мяжу ўцёк халасцяк з суседняй вёскі Зубкі — Раман, але пасля двух месяцаў чамусьці вярнуўся. Бацька запрасіў яго да нас. На цікавую гутарку прыбег і Турак — бацькаў знаёмы з далёкай Ярылаўкі.
Раман заявіўся разбіты, пануры, маўклівы і пастарэлы. Я вучыў урокі. Мужчыны мяне не таіліся, лічылі маленькім і дурным. Пасадзіў бацька госця за стол, выгодна рассеўся сам, сабраўся слухаць:
— Ну, то расказвай, як там!
Раман доўга маўчаў ды ўздыхаў. Тады пачаў расказваць, што ў Саветах жанчыны на нагах носяць галёшы, склееныя з гумы. І быццам бы ён на ўласныя вочы бачыў, як там стаяць у чарзе па звычайны хлеб.
На хвіліну ў нашай хаце запанавала цішыня.
— А-а, мярзотнік, паспелі ўжо і цябе купіць паны! — раптам схапіўся з лавы бацька.— Прэч з маёй хаты, прадажная шкура!
Чалавек сумеўся, заміргаў вачыма і ўстаў.
— Прэч, прадажнік ты! — бацька заскрыгітаў нават зубамі і затупаў.
— Сцяпан, паслухай...— задрыжаў у чалавека голас.— Іване, выслухай мяне ты, мы ж сваякі нават з табой!
Турак разгублена ўсміхнуўся. Бацька ўжо сашчапіў кулакі:
— Прэч, нягоднік!
Раман толькі заплакаў і пайшоў.
Паліцыянты яго азалацілі б, каб Раман згадзіўся расказваць усім, што бачыў за мяжой. Аднак гэты чалавек не хацеў падрываць веры ў сваім народзе, кідаць цень на СССР. Ды ці сам не мог перанесці душэўнага надлому, ці — мянушкі здрадніка.
Нікому не сказаў Раман больш ні слова. З нашай хаты пайшоў на зубкоўскія агароды і ўтапіўся.
Між іншым, рэчачцы, у якой ён прыняў смерць, людзі не палічылі патрэбным нават даць назву — у самым глыбокім месцы яна не мела і метра глыбіні.
4
Вера ў Савецкую ўладу запаланіла і маё сэрца.
Мамін брат Іван выехаў-такі ў Канаду, паступіў на лясныя работы. Калі зарабіў грошай, купіў турыстычную пуцёўку. З Таронта паехаў па ёй у СССР і там застаўся назаўсёды.
З Бялявіч прымчаў на веласіпедзе дзядзька Мікалай і аб'явіў маці навіну:
— Манька, ад нашага Івана пісьмо. Ён ужо ў Саветах!
— Ну, дзякуй богаві! — ад хвалявання мама апусцілася на куфар.
Уздыхнуў з палёгкай і бацька. Расчараваны сваім братам «нэпманам» Аляксеем, усю надзею ён ужо ўскладваў на швагра. Ён нават быў прадаў бычка, унёс і свой уклад у «шыфкарту». Не, не дарэмнай была трата, швагер выйшаў на дарогу.
— І даўно: тры месяцы там жыве, а мы, бачыш, нічога не ведаем!
— А што робіць там?
— У казанскім інстытуце... Вучыцца на вецерынара...
— Ве-це-ры-на-ара? — жахнулася яна.
Акоціцца ў якога дзядзькі авечка і — на ўсю вёску навіна, а тут — гэткая сенсацыя! Збеглася палова Страшава. Разгубленыя людзі пачалі абмяркоўваць здарэнне.
Расчараваны быў і я. Дзядзьку хацелася бачыць лётчыкам, камандзірам, палярнікам, вучоным, але не доктарам, каторы лечыць кароў, коней і свіней.
— То няўжо ён не мог сабе падабраць што лепшае? — раззлавалася мама на брата.— Хіба ён здурэў?!
Маму падтрымалі суседкі:
— Такі файны, фартовы хлапец!.. Няхай бы лепш на чалавечага доктара вучыўся!
— Трэ было дзеля гэтага рвацца ў Расею?!
Читать дальше