Яна ўбачыла яго абпаленыя і таму рудыя бровы, запалыя вочы.
«Ён сябе называе чалавекам», — цьмяна і спустошана падумалася ёй.
— Звер! — крыкнула яна, і ад крыку ў ёй прачнуўся страх. Яна ўзмахнула рукамі, нібы хацела паляцець з гэтага месца, і тут яе рука зачапілася за бязмен, што вісеў на цвіку на сцяне. Дзіна схапіла бязмен — ён апёк марозным холадам руку — і, як малатком, ударыла Баўтрука па галаве. Ён хіснуўся назад, потым наперад, шапка звалілася з галавы. Па лбе, па шчоках густа пабегла кроў, і ад яе адразу зачырванеліся вусы і барада. Баўтрук закрыў твар рукамі, уздрыгнуў усім целам, крывавым вокам глянуў на Дзіну праз пальцы. Потым падняў са снегу шапку і, сагнуўшыся, пайшоў да плота. За ім па снезе цягнулася стужачка крыві, быццам ён ішоў і рассыпаў на белы снег журавіны.
Дзіне раптам востра кальнула ў грудзях. Нібы хто распаленым жалезным прутом дакрануўся да жывога сэрца. Яна ўпала на чорную цвёрдую зямлю стопкі, што пахла бульбай і агуркамі, і ад вялікага напружання, ад страху страціла прытомнасць. Вядро з вуголлем перавярнулася, зноў ажыло полымя. Вузенькая яго пасмачка нясмела дакранулася да Дзінінай рукі, потым адскочыла, прытаілася, быццам выпрабоўвала, ці ўзнімаецца Дзіна з зямлі, але праз колькі імгненняў зноў працягнула перад сабой свой чырвоны язычок.
Раніцай другога лістапада Міхаіл Андрэевіч Рылюк даведаўся, што з фронту ў Мінск на дапамогу Мінскаму Савету прыйшоў браняпоезд. Рылюк кватараваў каля Аляксандраўскага вакзала ў невялікім драўляным доміку, які належаў дэпоўскаму слесару Андрэю Белахвосту. Белахвост паведаміў яму пра браняпоезд і яшчэ сказаў, што браняпоезд спыніўся на мосце Палескай чыгункі і ўсе ягоныя гарматы і кулямёты накіраваны на горад.
— Нарэшце, — узрадаваўся Рылюк, — нарэшце ў нас, Андрэй, таксама ёсць сіла...
Ён, спяшаючыся, апрануўся і пайшоў на Петраградскую вуліцу, у Мінскі Савет. Па дарозе яго ўвесь час не пакідала радасць.
— Нарэшце мы зможам заткнуць раты крыкунам з «Камітэта выратавання рэвалюцыі», — думаў ён. — Жданаву з Калатухіным і ўсёй іхняй кампаніі надышоў канец. Хваліліся, што адным махам справяцца з бальшавікамі, крычалі, што бальшавікі сядзяць на накрыўцы каструлі, у якой ужо закіпела вада. Ажно самі сядзелі на гэтай накрыўцы...
У Мінскім Савеце ён сустрэўся з таварышамі з бальшавіцкай фракцыі, адразу ж спытаўся:
— Адкуль браняпоезд?
— З другой арміі. Камендант браняпоезда падпрапаршчык Пралыгін.
Усе былі радасныя, усе адчувалі, што з сённяшняга дня перавага ў сіле на баку бальшавікоў.
Рылюк адразу ж пайшоў у дэпо. Па дарозе, сустрэўшы двух маладых хлопцаў, мурзатых, закопчаных, відаць, памочнікаў машыніста, спытаўся:
— Дзе тут знайсці Голубева?
— Каля пакгаўза. Маршыруе са сваімі чырвонымі гвардзейцамі, — сказалі хлопцы.
На пляцы, на якім зусім не расла трава, але затое тлуста блішчала мазута і валяліся кавалкі наздраватага шлаку, рабочыя-дружыннікі займаліся страявой падрыхтоўкай. Апрануты яны былі хто ў што: у салдацкія шынялі, у марскія бушлаты, у кіцелі чыгуначнікаў, у шэрыя сялянскія світкі. Камандзір атрада Іосіф Голубеў, каржакаваты, плячысты, з цёмнымі заліхвацкімі вусамі, кончыкі якіх загіналіся ўгору, хадзіў уздоўж строю. Быў ён у чорнай бліскучай скуранцы, на баку, у вялікай драўлянай кабуры, вісеў маўзер. Яны паздароўкаліся, і Рылюк сказаў:
— Чуў пра браняпоезд, Пятровіч?
Голубеў кіўнуў галавой.
— Падмога падаспела ў самы раз. А наша задача зараз, Пятровіч, яшчэ болей узяць пад кантроль станцыю, усе цягнікі, што ідуць з фронту. Ні адна жывая душа не павінна праслізнуць у бок Петраграда да Керанскага. Дэмабілізаваных будзем прапускаць, але толькі без зброі.
— У нас мала народу. Усяго пяцьдзесят штыкоў, — спахмурнеў Голубеў. — Не хопіць сілы.
— Звяжамся з чыгуначным вузлом, з таварышам Чатырбокам. Яны дапамогуць. Першы рэвалюцыйны полк Мінскага Савета таксама павінен даць людзей.
— Ну тады дзела, — узрадаваўся Голубеў. — На замок возьмем станцыю... — Ён павярнуўся да свайго атрада, вясёлы, узбуджаны, крыкнуў:
— Перакур, хлопцы!
Дружыннікі адразу разбіліся на купкі. Востра запахла тытунёвым дымам.
— Скажы, добры чалавек, — падышоў да Рылюка пажылы чыгуначнік з трохлінейкай за плячыма, у салдацкім шынялі, у суконнай нямецкай шапцы з доўгім казырком, — ці доўга гэтая самая рэвалюцыя будзе працягвацца? Як думаеш: да калядаў справімся?
— А гэта ўжо ад нас саміх залежыць, — засмяяўся Рылюк. — Згуртуемся, ударым дружна, не дадзім буржуям апамятацца, сілу сабраць — тады і пераможам.
Читать дальше