— А вы пісьменьнік? — зьнянацку запыталася дзяўчына, і Йван на імгненьне сумеўся.
— Э-э... не зусім...
— Літаратуразнаўца?
— Нешта падобнае, — Іван сёрбнуў кавы, кіўком галавы заклікаў дзяўчыну зрабіць тое ж самае.
— Вы тут Гэмінгуэя згадвалі, — дзяўчына зрабіла маленькі глыток, — ён вам што... надта падабаецца?
— Бачыце... — Іван уздыхнуў, нетаропка прайшоўся ўздоўж стэляжоў, — тым часам, калі ён, Гэмінгуэй, прыйшоў да нас, мы мала ведалі заходнюю літаратуру. Не было з чаго выбіраць і, адпаведна, не было магчымасьці выбудоўваць піраміду мастацкай вартасьці. Так што гэты барадаты весялун, які прарваўся праз жалезную заслону адным зь першых, адразу ж апынуўся на вяршыні... — Іван сёрбнуў пітва, маракуючы, на якой такой вяршыні апынуўся творца — піраміды ж тады не было, але на падмогу прыйшла суразмоўніца.
— Ну, гэта тэорыя... А што вы можаце сказаць пра свае асабістыя “дачыненьні” з Гэмінгуэем? Падабаецца ён вам?
— Мне падабаецца зусім іншы чалавек: маладая бібліятэкарка, якая не жадае піць каву, — пасьля такога камплімэнту трэба было вытрымаць паўзу, і Йван куснуў канапку. — А што да згаданага вамі таварыша, дык у маладосьці я ўважаў ягоных герояў — лейтэнанта Генры, ці то Гары Моргана... — Іван ізноў задумаўся, разважаючы — за каго ён уважаў гэмінгуэеўскіх герояў і нечакана, залпам дапіўшы каву, загаварыў, як той Калюжны — блытанай хуткагаворкай: — У нас... а сёмай гадзіне... фуршэт... у кавярні «Трансвааль»... прыходзьце... там і пагамонім. Я вас буду чакаць ля ўваходу, — і, не дачакаўшыся адказу, Іван крутнуўся на абцасах, рынуў да дзьвярэй і, ужо ў калідоры, голасна паўтарыў: — Буду чакаць... ля кавярні!
— Каму гэта ты? Ці не жанчыне? — запытаўся Лёнька Холад. — Сябрук толькі што ўзьняўся па лесьвіцы і зморана дыхаў.
— Ну а каму ж яшчэ? — выдыхнуў Іван, і Лёнька паляпаў яго па сьпіне. — Гляджу на цябе, Ваня, і зайздрошчу. Іншыя госьці яшчэ толькі аглядаюцца, а ты ўжо rendez-vois прызначаеш.
Сябрук сказаў ўсё гэта ад шчырага сэрца, жартуючы, але вусны Іванавы пакрыўджана расьцягнуліся і так — зь Лёнькавай далоньню на плячы і з крывой гіморай на твары — Іван увайшоў у залю.
Першым пасьля перапынку чытаў рэфэрат пан Рыдлеўскі. Называўся ён даволі прэтэнцыёзна: “Эрнэст Гэмінгуэй і праблема алькагалізацыі сацыялістычнага грамадзтва”. Слухаць гэтую лухту ўжо не было моцы. Іван сьціснуў далонямі скроні, наструніў слых, з мазахісцкім захапленьнем пачуў Лёнькавы голас: “Ну што ты стаіш, як ёлупень. Ідзі, запрасі вунь тую, кірпатую...” Словы даляцелі з мораку прамінулых гадоў і патанулі ў бязладнай гамане і гітарным брынканьні.
Факультэцкая вечарына з нагоды навагодняга сьвята грымела, сьпявала і танчыла. Іван, як заўсёды, ціснуўся да сьцяны, пужліва пазіраў на бокі. Ён саромеўся дзяўчын; ён іх папросту баяўся, і сябрук, ведаючы ягоную сьціпласьць, кожнага разу піхаў у сьпіну і горача шаптаў у вуха: “Ды паціскай ты якую... яны таго толькі і чакаюць”. Вось і цяпер, калі факультэцкі ансамбаль зайграў штосьці з Абадзінскага, Лёнька піхнуў яго пад драбы, п’янавата прамармытаў: “...Ідзі, запрасі вунь тую, кірпатую...”
Кірпаўка стаяла ля ёлкі і зыркала ў іхны бок. Гэта была дзяўчына-першакурсьніца, якая кожнага разу запрашала Лёньку на белы танец, і сябар, роблена ўздыхнуўшы, зь неахвотаю браў дзяўчыну за локаць. Лёнька тады быў закаханы ў Соньку Гальдэнбэрг — высокую, халерна прыгожую габрэйку зь біяфаку. Сонька была на вечарыне, і сябрук з заміраньнем сэрца чакаў, што тая запросіць яго на белы танец. Але замест танклявай ды прыгожай кожнага разу падлятала нізенькая й кірпаносая; сябрука гэта нэрвавала, таму ён і тыцнуў Івану пад драбы...
Ці ж гэта ня крыўдна: падбіраць тое, што іншым непатрэбна? Крыўда зрабіла яго сьмелым, ён рушыў да ёлкі, галянтна — кіўнуўшы галавой — запрасіў кірпаўку на танец, і калі дзяўчына, дыхнуўшы парфумай, прыціснулася да ягонай грудзіны, цела ягонае працялі гарачыя дрыжыкі. “Мяне Іванам завуць”, — прамармытаў ён, каб суняць дрыготку. “А мяне Любай”, — адказала дзяўчына. Ёлка бліскала рознакаляровымі агнямі, адбірала вочы зіхоткай мішурой: і агні, і зіхоткая мішура, і сябар Лёнька, які танцаваў поруч, аблапіўшы прыгажуню Соню, і ўвесь навакольны сьвет патаналі ў бяздоньні дзявочых вачэй, і Іван, крануўшыся носам пахкіх кудзерак, падумаў: “Вось яно, шчасьце!”
Спалохана, нібыта ад нечага штуршку, Іван ачуўся. Ён, відаць, схрапянуў у сьне, бо ўсе наўкол пасьміхаліся і глядзелі ў ягоны бок. Іван пацёр далоньню лабешнік, скоса зірнуў на дзьверы.
Читать дальше