Меў былы кінамэханік, апрача гарэлкі, яшчэ адну жарсьць — радыётэхніку. У школе нават марыў у радыётэхнічны інстытут паступаць, а ў восьмай клясе, знайшоўшы ў нейкім часопісе схему, змайстраваў электрагітару. Інструмэнт гэты быў у той час вялікай рэдкасьцю — паглядзець на яго нават з Азярышча прыяжджалі. Лябёдка зь ім на канцэртах выступаў, да клюбнай радыёлы падключыўшы. Ну, а як ужо ў войска ішоў, падараваў гітару Лёшку Мандрыку, сыну загадчыцы клюба. Лёшка таксама на канцэртах брынкаць узяўся, хоць граць і ня ўмеў. Але брынкаў нядоўга — штосьці там у гітары замкнула, і Лёшку падчас канцэрту токам смальнула. Мандрычыха пасьля таго гітару аб клюбны ганак разьбіла і чутку пусьціла, што Лябёдка Лёшку халеру тую падараваў, каб са сьвету зьвесьці.
З войску — а служыць яму давялося ў нейкай дужа сакрэтнай часьці — Лябёдка вярнуўся зь сяржанцкімі лычкамі на пагонах і з “корачкамі” радыёмэханіка ў кішэні. Уладкаваўшыся кінамэханікам, ён першыя паўгода не вылазіў з кінабудкі: самаробны тэлевізар майстраваў, а змайстраваўшы — у п’янку кінуўся. Аднойчы да таго дапіўся, што сеў на распалены літавальнік і апошнія свае штаны прапаліў. Пасьля таго выпадку больш тэлевізарамі не захапляўся, а ўсё сваё начыньне — літавальнік, лямпы з кандзёрамі і кавалак каніфолі — Мішку Бадунову падараваў...
— Ванька, чуеш?! — прашамацела ля вуха, і Іван выцягнуў галаву з падушкі. — Кашу еш, у печы стаіць... Я на фэрму. — На кухні пстрыкнуў выключальнік, нема вякнуў кот Барыс — маці, відаць, наступіла яму на хвост, і Іван, паморшчыўшыся, зноўку ўтоўк галаву ў падушку. Хвілю ён ляжаў, потым усхапіўся на ногі, прабег на кухню і, наставіўшы струмень у памыйную мядніцу, прашаптаў: — Еду.
ІІ
З Дабранскай гары, на якой стаіць сталоўка, вёска бачная як на далоні. Сёньня нядзеля, людзей не відаць, адно што на Траянчысіным двары завіхалася некалькі постацяў, туркацеў трактар ды чулася бязладная гамонка. Іван прымружыўся, пазіраючы ў бок Траянчысінага двара, і міжволі пасьміхнуўся. Ну, вядома: Хведзька Траян зноўку дзяліў са сваёй сястрой угнаеньні з матчынага сьвінушніка. Загнаўшы на падворак трактар, Хведзька з жонкаю ўскідвалі на трактарны вазок парсючыны гной, а сястра ягоная, Проська — ускудлачаная, у квяцістым халаце — стаяла на вазку і скідвала гной долу.
Хведзька з Проськаю ўжо ня першым разам матчына дабро дзялілі. Летась нават таварыскім судом судзіліся і па пятнаццаць рублёў штрафу атрымалі. Іван на тым судзе якраз за сьведку быў. Яму і цяпер карцела пабегчы на Траянчысін падворак ды паглядзець, як там усё будзе, але ж трэба было чакаць Лябёдку. Пагатоў, жалезны гараж, які стаяў каля Лябёдкавай хаты, быў прачынены, і гэта наводзіла на думку, што сябрук ужо недзе лётаў на сваёй “Паноніі” і мог зьявіцца ў любую хвіліну.
На вясковую вуліцу тым часам пачалі выбягаць кабеты, старая Траянчыха ўголас залямантавала, Іван стаіў дых, чакаючы разьвязкі, але нічога такога ня здарылася: Проська нечакана зьлезла з вазка, Хведзька ўлез у кабіну, і трактар, напоўніўшы навакольле белым дымам, паволі выехаў з падворка.
Убачыўшы такое, Іван незадаволена скрывіўся: летась было цікавей. Летась Проська братавай пад вока ліхтар наставіла і гной на галаву ўскінула. Пятнаццаць рублёў штрафу за тое атрымала. На суд тады ўся вёска сышлася, нават з Гатава папрыходзілі. У дзьвярах стаялі, а загадчыцы клюба Мандрычысе, якая судзьдзёй была, ад задухі і хваляваньня млосна стала.
Прыгадваючы ўсё гэта, Іван агледзеўся, разважаючы, чым бы гэта заняць рукі, а ўбачыўшы на сьцяне сталоўкі пакарабачаную трубку, у якой, па выпадку сьвята, павінен быў тырчаць чырвоны сьцяг, стаў накідваць на яе сваю пацёхканую вушанку. Зь пятага ці шостага разу яму гэта ўдалося, Іван задаволена пацёр рукі, агледзеўся, шукаючы якую палку, і ў гэты момант чуйны слых ягоны вылучыў зь бязладнага трактарнага туркатаньня дробны ляскат Лябёдкавай “Паноніі”.
Матацыкл ляскатаў з натугаю, і, што самае дзіўнае, за сьпінаю Лябёдкавай сядзела, загаліўшы белыя сьцёгны, загадчыца сталоўкі Пятроўна.
“Куды гэта яны? Ці не ва Ўсьвяцкі раён?” — падумаў Іван і на ўсялякі выпадак прыхаваўся за рогам сталоўкі.
Лябёдкавы драндулет даехаў толькі да сярэдзіны гары. Чхнуўшы, матацыкл заглух, зьехаў з дарогі, занурыўся колам у прыдарожны кювэт.
— Пятроўна, пачакай! — даляцеў да Іванавых вушэй зычны вокліч, але Пятроўна, якая ўжо шыбавала па бальшаку, на той вокліч нават не азірнулася. Датупаўшы да сталоўкі, кабета перавяла дых — было добра чуваць яе нэрвовае дыханьне, — павярнула ключ, кінула на парог грукатлівую завалу.
Читать дальше