Кунцэвіч, сам не ведаючы чаго, устаў, потым зноў сеў, ледзь сунімаючы хваляванне... Во як нечакана ўсё сталася, з горыччу думаў ён. Так нечакана... Хоць, калі разабрацца, якая тут нечаканасць? Позна ці рана, а ўсё роўна некалі мусіў наступіць час. У вёсцы спрадвеку было: бацька перадаваў гаспадарку ў сынавы рукі. Зараз, вядома, калгасы, дакладней — старшынскія пасады, не перадаюць сынам у спадчыну, але ўсё роўна бярэцца нехта маладзейшы...
Па праўдзе кажучы, Аляксей Сцяпанавіч даўно падумваў пра свой непазбежны адыход ад старшынскіх спраў, і гэта ўспрымалася спакойна, як належнае. Хвалявала адно: каму, у чые рукі перадаць сваю справу, сваю спадчыну, каб з пачуццём выкананага абавязку ціха дажываць гады, адлічаныя няўмольным лёсам. Абы толькі ў калгасе з’яўляўся талковы малады спецыяліст, пачынаў па-асабліваму пільна прыглядацца да яго, узважваючы ўсе «за» і «супроць», і, калі на некага падаў выбар, прыбліжаў, вучыў, рабіў, што мог, каб мацнелі ў палёце маладыя крылы. Але заўсёды здаралася так: ледзь-ледзь спрабуе малады свае крылы, як знаходзяцца купцы-ганцы... Лазовік, Жылінскі, Сурмач, Ясько і, нарэшце, Цярэшка, якога толькі летась забралі на «Светлы шлях»...
Прыгадалася, як ваяваў, не хацеў аддаваць Цярэшку — бы душа чула. Угаварылі: ёсць час, паспееш яшчэ падрыхтаваць сабе змену... Во як паспеў!.. Канечне ж, нізашто не адаў бы Цярэшку, лепш сам пайшоў бы ў адстаўку, каб не думаў... А думаў: праз пару гадкоў мо з Апанасавага Валодзькі толк будзе. Хоць наўрад ці з Валодзькі толк будзе — шалапуцісты, халера, не ў бацьку ўдаўся. Шкада, што не ў Апанаса пайшоў... А мо каб ажаніць, паварыць пару гадкоў — глядзіш, і пасталеў бы, прапала б гэтае дзяцінства? Хто яго ведае... А кемлівы як аграном, зямлю ведае і любіць. I, апроч усяго,— свой, гэта лепей, чым які заезджы...
I яшчэ была ў Аляксея Сцяпанавіча адна патаемная надзея — праз год канчае інстытут старэйшы сын Сцяпан. Вядома, каб заступаў Сцяпан — няёмка, нясціпла, гэта толькі ў кіно бывае... Аднак, хай пабыў бы нейкі час пад бацькавым наглядам, пацёрся сярод сваіх людзей...
Але, бадай, горай за ўсё было зараз, што здарылася гэтак знячэўку, зусім не так, як уяўлялася, як думалася. А думалася: прыедзе некалі ў райком і скажа: дарагія таварышы, пастаршынстваваў я нямала, састарыўся, трэба і меру ведаць. Прашу на заслужаны адпачынак. Во, падрыхтаваў сабе змену, хай бярэцца ён, малады...
А сталася тое, чаго больш за ўсё баяўся — дачакаўся, што паклікалі і сказалі: саступай, стары корч... Правароніў свой час, той момант... Гэтыя два гады, што засталіся да шасцідзесяці, завялі ў зман... I няма ні зменшчыка, ні ўрачыстасцяў... Нічога няма. Усё забярэ з малатка нейкі Сурміла...
— А ці ўсё вы прадумалі? — насцярожана глянуў на Лазовіка.— Ці не давядзецца як зводзіце, так і разводзіць пасля? Як тады... Ты ж помніш...
Вядома, Лазовік добра памятае... Гэтага нельга забыцца.
У самы разгар кукурузнага буму Кунцэвіч не проста так, а з трыбуны асмеліўся сказаць такое, пра што не дазвалялася нават думаць: і не збіраюся чатырнаццаць працэнтаў зямлі займаць пад кукурузу, нізашто не стану заворваць канюшыну!
То была немаведама якая дзёрзкасць. Лупцавалі на той нарадзе «злоснага антыкукурузніка», як сідараву казу. I ў дадатак да ўсяго праз тыдзень у раённай газеце з’явіўся фельетон, злы, разносны, абразлівы — на ўсю старонку. Ды яшчэ малюнкі. Асабліва адзін: стаяць Кунцэвіч і ён, Лазовік — галоўны аграном,— на каленях перад партрэтам Вільямса, на лысай галаве якога вяночак з канюшыны і цімафееўкі, бы німб у святога апостала, масіўная рама аздоблена гірляндамі з сырадэлі і вікі, адзін, закаціўшы вочы, хрысціцца на гэты партрэт, другі — паклоны б’е. I подпіс: «Заборскія травапольшчыкі». I сёння Лазовік беражэ тую газету, каб пад добры настрой пацешыць знаёмых. Аж за жываты бяруцца. I праўда — смешна. Тады было не да смеху... Кунцэвіча прагналі са страгачом, нават брыгаду не даверылі, а яго, Лазовіка, як «травапольшчыка-падпявалу», разжалавалі з галоўнага ў аграномы-насенняводы. Да «Забор’я» далучылі дабіты да ручкі, але багаты кукурузнымі традыцыямі суседні «Светлы шлях», кіраваць калгасам прыслалі намесніка старшыні райвыканкома Баранава, чалавека гарадскога, але непахіснага кукурузніка, аратара высокага класа. Пepшае, што зрабіў новы старшыня, гэта запрасіў карэспандэнтаў, сабраў мітынг, сказаў палымяную прамову і тут жа эагадаў трактарыстам заворваць канюшыну, якая ужо бралася ў сцябло. Пад «каралеву палёў» Баранаў заняў аж дваццаць пяць працэнтаў пасяўных плошчаў, і гэта лічылася вялікай перамогай, небывалым дасягненнем, пра якое пісалі ўсе газеты, аж захлёбвалася ад захаплення радыё. Баранаў паспеў «вырасціць» па тысячы цэнтнераў кукурузы на гектары, зарабіць за гэты «рэкорд» ордэн, а напрадвесні ад бяскорміцы пачаўся падзёж жывёлы...
Читать дальше