Стомлена ўстаў з табурэткі, злёгку адштурхнуў рукою Любу, ад чаго на яе белай сукенцы засталася бруднаватая пляма, ні слова не кажучы, пайшоў за маці.
— Ты што, ашалеў? Так набрацца! Ты ж — малады! — узяла загрудкі старая, як толькі зайшлі па кухню.— Сорам! Які сорам! Не пі! Hi кроплі больш!
— Мама, я цвярозы, я зусім цвярозы, мама! Такі цвярозы я яшчэ не быў ніколі, мама! Што са мною робіцца, мама?! Што я нарабіў?! — амаль закрычаў ён і стаў уздрыгваць ні то ад адчаю, ні то ад плачу.
— Раней трэба было думаць! Позна цяпер думаць! Абняславіўся сам, нас увёў у сорам, захацеў яшчэ Клаўдзію Аляксееўну, Любу абсмяяць?! — Голас у яе быў сухі і строгі, нават злы.— Сунь сваю дурную мазгаўню над умывальнік! Сунь! Вада халодная, памагае ад дурасці. Мыйся, мыйся! На каго стаў падобны! Мыйся, а то зараз як лясну па мордзе, не пагляджу...
Яго ўразілі, скаланулі гэтыя халодныя, чужыя матчыны словы — і яна не разумее, не, нікому на свеце не зразумець яго, і паслухмяна пайшоў да ўмывальніка.
Мыўся доўга, не спяшаючыся — куды спяшацца?! Калі бачок апаражніўся, падняў вечка, наліў туды яшчэ паўвядра. Сцюдзёная, амаль ледзяная вада памалу супакойвала, прыводзіла ў сябе. Выцерся ручніком, узяў шчотку, строс са штаноў пыл, нацягнуў вычышчаны пінжак, які падала маці, звыклым рухам паправіў гальштук і выйшаў да гасцей у святліцу. Hi слова не кажучы, сеў на сваё месца поруч з узбуджанай Любай, нахіліўся, папрасіў прабачэння, усміхнуўся гасцям: маўляў, усё ў парадку.
Сват, каб згладзіць ніякаватасць, борздзенька загадаў напоўніць чаркі і выпіць за здароўе маладых. Вясельнікі і госці зрабілі гэта з задавальненнем. Яму таксама захацелася асушыць налітую чарку, але Люба стрымала за руку, непрыкметна адставіла ўбок і падсунула сваю з напіткам. Ён паглядзеў з удзячнасцю і вачыма сказаў: добра, дзякуй, Люба. У адказ яна таксама спрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешкі не атрымалася.
Люба сядзела ўзбуджаная, сцятая, толькі сяды-тады на яе вуснах прабівалася нешта накшталт абавязковай дзяжурнай усмешкі, як гэта і належыць маладой. Міхасю раптам стала да пяшчоты шкада яе. Каб хоць як суцешыць, нахіліўся і шапнуў вінавата: «Даруй, калі можаш.Непрыгожа атрымалася... праз гэтую праклятую гарэлку».
Яму было брыдка, што хлусіць. Але што мог сказаць? Апроч хлусні, ён і не ведаў, чым можна хоць трохі супакоіць Любу, згладзіць сваю віну перад ёю.
— Нічога, нічога, Міхась,— нібы здагадалася яна.
Ён разумеў, што трэба яшчэ нешта сказаць, але што сказаць — не ведаў. Выручыў сват.
— Маладым г-о-о-р-ка! Г-о-о-р-ка-а! — мо дзесяты раз сёння прабасіў ён.
Госці пачціва, нават дружна падтрымалі:
— Го-о-р-ка! Гор-ка-а!
Цяпер Міхась нават узрадаваўся гэтаму «горка», устаў, амаль ускочыў з месца і, не зважаючы на Любіна аднекванне, абняў яе і доўга-доўга цалаваў у вусны. Вясельнікі і госці ажыўлена запляскалі ў далоні, дружна выпілі і, гамонячы, прыняліся за закусь.
Здаецца, нарэшце, вяселле стала наладжвацца. Аднак гэта ўжо мала хвалявала Міхася. Ён адчуваў сябе стомленым, спустошаным, здавалася, нават слова вымавіць — непасільны цяжар. Вясельнікі і госці гаманілі наперабой, нехта некага хацеў перакрычаць, нехта жартаваў, смяяўся, але ён не чуў, не хацеў чуць, сядзеў сцішана, сяды-тады кідаючы погляд на Любу. З кожнай хвілінай яна змрачнела і змрачнела і ўжо не рабіла спробу захаваць належную ціхую ўсмешку на вуснах. З чаго б гэта яна? Мо прыгадала Яловіка? I адразу ж засадніла, ніяк не хацела знікаць, нешта накшталт рэўнасці, накшталт крыўды. А потым прыгадалася, як па-дзіцячы наіўна некалі не раз, вядома, толькі ў мроях, перамагаў Віктара ў адкрытай і сумленнай бойцы на ваччу ва ўсёй вёскі, на ваччу ў Любы. Але Яловік быў чэмпіён па штанзе і боксу, старэйшы і на галаву вышэйшы за яго... Цяпер во як павярнулася! Яловіка няма ў жывых, а Люба ўжо яго, Міхасёва, жонка. А каб быў жывы Яловік? Пэўна, яны мелі б тузін дзяцей. На што-што, а на гэта ўсе Яловікі здатныя — вунь у самага меншага чацвёртае нарадзілася...
Употай кінуў позірк на засмучоную Любу — і нейкая непрыязь да яе варухнулася ў душы. Няўжо гэта яго жонка?! А як жа Верачка?
Ад згадкі пра маленькую, з заўсёды здзіўленымі вачанятамі дачку цяжкі, пякучы камяк падкаціў над горла. Сірата... Бацька загінуў у аўтамабільнай аварыі... Гэта штодня будзе ўбіваць ёй у галаву Іра, пакуль Верачка не падрасце, каб самой ва ўсім разабрацца. Сірата пры жывым бацьку...
А ў іх з Любаю таксама можа быць дачка. Можна нават назваць Вераю. Прыгожае імя. Тады сам выбраў для дачкі. Пайшоў і запісаў, хоць Іра ўжо называла малую Вольгай — у гонар бабулі. Спачатку Іра засмуцілася, потым ні то жартам, ні то ўсур’ёз сказала: «Во! Калі ты такі, нараджу табе адну за другой тры дачкі — Веру, Надзею, Любоў. Паглядзіш, нараджу! — і залілася гарэзлівым шчаслівым смехам.— От зяцёў некалі будзеш мець...»
Читать дальше