Ах! Ён хацеў завалодаць гэтым пахам! Завалодаць не так неразважлiва, як тады, на вулiцы Марэ. Пах той дзяўчыны ён проста выпiў, пералiў у сябе i тым самым разбурыў. Не, водар дзяўчыны за сцяной ён хацеў прысвоiць па-сапраўднаму: зняць з яе, як скуру, i зрабiць сваёй уласнасцю. Як гэта зрабiць, ён не ведаў. Але ў яго было два гады запасу, каб навучыцца. У сутнасцi, гэта не павiнна было быць цяжэй, чым абабраць рэдкую кветку, зняць з яе пах. Ён устаў. Амаль багавейна, нiбы пакiдаючы святую, якая спала, ён пайшоў, прыгорблены, ацiшэлы, каб нiхто яго не згледзеў, каб нiхто яго не пачуў, нiхто не здагадаўся пра яго каштоўную знаходку. Так ён дабег уздоўж гарадскога мура у другi канец горада, дзе духмяны пах дзяўчыны нарэшце згубiўся. Яго ўпусцiлi назад праз браму Фенэан. Ён спынiўся ў цянi дамоў. Смярдзючы пах завулкаў дадаваў яму пэўнасцi i дапамог ацугляць ягоныя шалы. Праз паўгадзiны ён ужо быў спакойны. Па-першае, думаў, ён больш не падыдзе да саду за мурам. Не след рабiць гэтага. Гэта занадта вярэдзiць яго. Кветка распусцiцца там i без яго, а ўжо як яна будзе распускацца, яму i так вядома. Ён не дасць сабе раней часу ўпiвацца. Ён павiнен дапасцi да працы. Ён павiнен пашырыць свае веды i ўдасканалiць сае рамеснiцкую ўмеласць, каб быць пры поўнай зброi, калi настане жнiва. У яго было яшчэ два гады запасу.
36
Непадалёк ад заставы Фенэан, на вулiцы дэ-ля-Луў, Грануй знайшоў маленькае парфумнае атэлье i спытаўся, цi няма яму працы.
Гаспадар, майстар парфумнiцтва Анарэ Арнульфi, яшчэ летась узiмку памёр i ягоная ўдава, увiшная чарнавалосая кабецiна гадоў пад трыццаць, вяла iнтэрас адна з дапамогаю чаляднiка.
Мадам Арнульфi доўга скардзiлася на цяжкiя часiны i сваё гаротнае матэрыяльнае становiшча, але потым заявiла, што хоць яна i не можа дазволiць сабе наняць другога чаляднiка, але мае ў iм вялiкую патрэбу, бо на яе навалiлася гара працы; апрача таго яна нiяк не можа пусцiць другога чаляднiка да сябе ў дом, але ж, з iншага боку, у яе ёсць невялiкi хляўчук у алiўкавым садзе за францысканскiм кляштарам -- усяго дзесяць хвiлiн хады адгэтуль, дзе непераборлiвы малады чалавек мог бы, калi спатрэбiцца, начаваць; вядома, казала мадам, яна сумленная гаспадыня i гатовая несцi адказнасць за цялеснае здароўе сваiх чаляднiкаў, але, з iншага боку, яна не можа забяспечыць iм два разы на дзнь гарачы стол; адным словам, мадам Арнульфi -- i гэта Грануй адразу скемiў -- была жанчына надзейная, мыслiла здарова i дзельна. I як што яго самога грошы не цiкавiлi i ён задаволiўся двума франкамi на тыдзень i iншымi жабрацкiмi выгодамi, яны хутка згаварылiся. Паклiкалi першага чаляднiка, камлюкаватага дзецюка Друо, i Грануй адразу здагадаўся, што мадам прывыкла дзялiць з iм пасцель i не прымае без яго дзелавых рашэнняў. Той стаў перад Грануем (ён глядзеўся проста да смеху малюпасенькiм каля гэтага гуна/, расставiўшы ногi i распырскваючы вакол сябе пах спермы, акiнуў яго прыдзiрлiвым позiркам, быццам хацеў такiм спосабам выявiць нейкiя цёмныя намеры альбо магчымага супернiка, нарэшце, паблажлiва выскалiўся i кiўком даў згоду.
Такiм чынам, усё было ўладжана. Грануй атрымаў поцiск рукi, халодную вячэру, радно i ключ да халабуды -- гэта быў хляўчук без вокан,--дзе прыемна пахла авечымi бобахамi i сенам i дзе ён згоршага-злепшага ўдадкаваўся. На другi дзень прыступiў да працы ў мадам Арнульфi.
Стаяла нарцысавая пара. Мадам Арнульфi разводзiла кветкi на сваiх маленькiх дзялянках у горадзе альбо купляла iх у сялян, з якiмi шалёна тузалася за кожны кошык. Кветкi дастаўлялi ў атэлье рана ранiцай, iх высыпалi з кашоў дзясяткамi тысяч, зграбалi ў велiзарныя, але лёгкiя, як парушынкi, духмяныя купы. Тым часам Друо распускаў у вялiкiм катле свiное i валовiнае сала; у гэтае падобнае на смятану варыва, якое Грануй павiнен быў увесь час памешваць доўгiм, як памяло, шпаталем, Друо шуфляваў свежыя кветкi. Як да смерцi напалоханыя вочы, яны нейкае iмгненне ляжалi на паверхнi i адразу бляклi, калi iх падхоплiваў шпаталь i ўмiнаў у гарачы тлушч. I амаль у тую ж самую хвiлiну яны ўжо размякалi i вялi, i, вiдавочна, смерць iх заставала так неспадзявана, што iм не заставалася iншага выбару, як перадаць свой апошнi пахучы ўздых якраз той самай стыхii, у якой яны каналi, бо -- Грануй зразумеў гэта i аж падскочыў ад радасцi,-- чым больш кветак ён перамешваў у сваiм катле, тым мацней пахнуў тлушч. I гэта ж не мёртвыя кветкi заходзiлiся пахам у тлушчы, не, гэта быў сам тлушч, якi прысвоiў сабе водар кветак.
Тым часам варыва загусала, i яны баржджэй-баржджэй вылiвалi яго на вялiзнае рэшата, каб вызвалiць ад вiльготных трупаў i падрыхтаваць пад свежыя кветкi. Так яны засыпалi, мяшалi i фiльтравалi цалюткi божы дзень без перапынку, бо працэс не дапускаў запавольвання, так што да вечара ўся груда кветак прапускалася праз кацёл з тлушчам. Адыходы -- каб нiшто не прападала-- залiвалi варам i да апошняй кроплi выцiскалi на шпiндальным прэсе, што да таго ж давала яшчэ алей з далiкатным пахам. На аснове водару, душа цэлага мора кветак, застаючыся ў катле, замкнутая ў шэра-белым тлушчы, цяпер павольна застывала.
Читать дальше