- Ведаю... Добра.
- Не адчыняйце дзвярэй у кухню. Калі хлопцы захочуць курыць, дык няхай на двор ідуць. А то як накурылі былі раз, дык яе вельмі ж кашаль душыў. Нават у кухні няхай не кураць махорку гэтую сваю. Я ім заўсёды гавару, і яны заўсёды забываюцца; вельмі ім у галаве!.. Не адыходзь ад яе.
- А калі ты вернешся?
- Буду старацца справіцца як найхутчэй... На змроку хлопцы будуць жывёлу паіць, дык скажаш ім, няхай вядзёр з тры вады ўльюць у кухні ў цэбар; як прыйду, дык папалашчу бялізну - сёння раніцою, палячы ў печы, памыла.
- Дык можа я папалашчу цяпер, пакуль ты прыйдзеш?
- Не, ты сядзі, не адыходзь.
- А калі быў доктар?
- Даўно, тыдняў мо з чатыры, як быў. Лякарства тое самае раз у аптэцы бралі. Гэтак сказаў быў.
- Памагае?
- Сама ж бачыш, дзе яно памагае!
- Можа б яшчэ пазваць доктара?
- Можна і пазваць, але што за карысць. І так відаць, што ніякай паправы не будзе.
- Сястрыца, ціха, не плач.
- Нічога... Мамачка-а-а...
- Ціха, ціха, ну ідзі... Сама ж казала, каб не будзіць яе.
- Ужо нічога, гэта ў мяне ад слабасці. Ужо чатыры ночы не спала каля яе.
- Дык ты не ідзі, калі ты гэтакая слабая, нашто табе ісці канечне. Можа б пайшоў Віця?
- Ён пайшоў бы, каб мароз не гэтакі вялікі.
- Ён холаду гэтак баіцца, ці можа нездароў?
Тут адбылося кароткае маўчанне, пасля якога:
- Няма ў яго ў што апрануцца. Ён у летнім фрэнчы ходзіць. Памятаеш?
Зноў адбылося маўчанне. Яно было як жарства пад голымі каленьмі малога дзіцяці.
- А можа заўтра пайсці - ты за ноч набярэшся сілы, паспіш. Я ж буду сядзець тутака.
- Не, мне добра будзе прайсці марозам. Галава пасвяжэе. І палатно сёння прынясу, можа яшчэ пакрою сёння, а заўтра пашыю - а то вельмі ж ён, небарак, мучыцца ў гэтым фрэнчы - гэтакія маразы!
- Дзе ты будзеш сёння кроіць! Спаць ляжаш.
- Буду бачыць. Так дык я яму заўтра пашыла б; кудзелю ўчора ператрасла, а на падшэўку з таго ж самага кавалка... Я сама ткала б, дык дзе там - адна ў хаце, і яе даглядаць трэба, і... у хаце і так цесна, не павярнуцца... Цяпер тут вальней трохі, як Віця кухню адбіў, не гэтак пара ўсялякая цягне, як у печы паліцца, свяжэй тут ёй дыхаць... Віця сам дадумаўся.
- А дзе ён дошак узяў?
- У клеці столь зняў, там яна не лішне патрэбна.
- Дык ты хіба ідзі, а то цябе і ноч на дарозе агорне... А чаму б не запрэгчы каня?
- Мне прайсці здаравей будзе... Глядзі ж яе. Не адыходзь надоўга.
- Добра.
Пасля гэтага стукнулі ціха хатнія дзверы і мацней - сенечныя. І пад нагамі заскрыпеў мёрзлы снег. У хаце запанавала цішыня.
* * *
Кухня тая была - невялікі куток насупраць печы. Пабеленыя калісьці цалёўкі, якімі яна была адбіта ў хаце, былі няшчыльна прыстаўлены адна да адной, і праз шчыліны свіцелася ўсё, што рабілася ў хаце. Ціха было, і нікога тут.
У сенцах затупалі боты, і дзіцячы грубаваты голас загаварыў ціха:
- Снег да ботаў прымёрз... От папрымярзаў!
Неўзабаве другі, вясёлы голас:
- Што ты сам з сабою гаворыш, дурань ты?
Першы голас:
- Вельмі ўжо ты разумны... Гэта я снег з ботаў абіваю.
І пайшлі гаварыць:
- Ужо ў хату пойдзеш?
- Але.
- Жывёлу панапойваў?
- Няўжо ж не!
- Дык сядзі ў хаце ціха, не стукай нічым.
- Хаця ты не стукай, а я то не стукаю.
- Не стукаеш! А ўчора маму пабудзіў.
- Бо мне трэба было палена раскалоць на падпал.
- Дык не мог ты ў сенцы выйсці!
- Усё роўна, і ў сенцах стукае.
- От, яшчэ будзеш аскірзацца!
- А што ж!
Нейкі час маўчалі, а пасля зноў той першы, дзяціны, абазваўся голас:
- А ты што цяпер рабіць будзеш?
- Кончу ўпраўляцца і ў хату прыйду... Ідзі, дык я зачыню сенцы.
Адчыніліся хатнія дзверы з сянец, і ў кухню ўвайшоў той, хто гаварыў кагадзе ў сенцах дзіцячым голасам. Ён быў у шарачковай кароткай, вельмі гаматной капоце - мусіць, яна была на кудзелях, - у ботах, у шапцы з вушамі - з шэрага труса. Ён адразу скінуў з сябе капоту, шпурнуў на лаву; паважна, як стары, хукаючы на рукі, падышоў да стала. Дастаў з акна пачак тытуню, скруціў папяросу і закурыў. Узяў з качэргаў нейкі ражон, прычыніў ім дзверцы ў коміне і пускаў туды дым, задзіраючы галаву. Ён быў белагаловы, сінявокі, гадоў яму было дванаццаць, а можа і трынаццаць. Гэтак ён стаяў і курыў, радасна адчуваючы хатняе цяпло.
У хаце, там, дзе ляжала хворая, зашаравалася аб зямлю дрэва - мусіць, ножка ў зэдліку. Дык курэц у кухні, душачыся дымам, апошні раз шпарка зацягнуўся і схаваў недакурак у кулак. Хацеў зачыніць у коміне дзверцы, але не было ўжо калі - з хаты падходзілі да кухонных дзвярэй, ён ледзьве ўспеў стаць каля стала, як у дзвярах з'явілася сястра.
Читать дальше