Нейк аж зусім весела стала Андрэю, і пасля заўважыў ён, што з-за будкі выйшла мужчынская постаць. Ён пазнаў таго ўчарашняга цыгана. Той нешта загаварыў, малы падняў галаву і нешта адказаў. Гэтыя словы здаліся Андрэю як «ла-ла-ла-ла».
Андрэй весела ўсміхнуўся, і нават хацелася яму падмаргнуць каму-небудзь ці куды-небудзь; ён весела пачаў пераходзіць на другі бок рэчкі. А цыган сядзеў ужо над самай вадою і перакусваў двума пярэднімі зубамі саломінку.
«Што яму скажу?» - падумаў Андрэй.
- Табак маеш? - гукнуў цыган.
- Маю.
- Д-дай, будзь ласкаў.
- Можна.
- А можа многа маеш, дык я куплю.
- Няма.
- Я добра заплачу.
- Дык няма ж.
Андрэй быў рад гэтай гаворцы і сеў на беразе.
- От у вас тут учора весела было, я аж заслухаўся з таго берага, - сказаў ён цыгану. - Чаму сягоння ціха?
- Няма. Паехалі ўжо.
- Хто?
- Музыканты нашы... і спявачкі.
- Куды?
-А я не ведаю. Пайшлі раніцаю ў горад, а адтуль, кажуць, некуды выехалі. Некуды іграць на зіму наняліся, мусіць.
Тады раптам адчуў Андрэй нейкі страх перад тым, што гэта ж і тая дзяўчына, мусіць, паехала. Тады стала ясна яму, які смутак вялікі ў яго па ёй.
- Тут учора адна вельмі ж скакала.
- Тая яшчэ тут.
- Не паедзе?!
- Паедзе зараз. Яна скакаць і спяваць добра можа. Ого! Хто лепш за яе скача! У горадзе так не ўмеюць скакаць, і яна паедзе туды. Яна артысткай хоча быць... Гэта сястра мая, Нонна...
Апошнія словы сказаў ён з нейкаю гордасцю, а Андрэй успомніў, як летам ездзіў ён у горад купляць патрэбныя яму кніжкі, быў у тэатры і бачыў там на цеснай сцэне танец, шырэйшы за ўсякія дзікія прасторы.
Цыган нешта заспяваў сабе пад нос, а Андрэй пачаў рваць вяршкі з аеру і кідаць у ваду.
- Слаўная дзяўчына, - сказаў ён раптам, не ведаючы, што яму гаварыць.
Цыган з-пад ілба нейк непрыветліва глянуў на яго, і голас яго перайначыўся, стаў нейкім трохі варожым:
- А табе што?
- Мне што?
- Але.
- Што ж мне?! Мне нічога. Хіба я павінен гаварыць, што яна няслаўная, калі яна слаўная.
- А ты як жа гэта ведаеш?
- А можа і не, чорт яго ведае.
- То ты чаго ўжо кінуўся ў другі бок?
Андрэй паглядзеў на цыгана і падумаў: «Што мне гаварыць з ім і нашто гэта я з ім гавару... І што для мяне яго сястра?! Хіба патрэбна мне думаць аб гэтым. Яна так жа далёка ад мяне, як і я ад яе. Яна недаступна мне, як і я ёй, і думкамі нашымі, і настроямі...»
Яны яшчэ раз удвух закурылі, і цыган падняўся, моцна пацягнуўся і пазяхнуў... Паказалася з-пад чорнай жакеткі сіняя суконная камізэлька з залатым тоўстым ланцужком і цацкамі ад гадзінніка, і ад гэтага постаць яго стала нейкай вельмі ж адмысловай на гэтым зялёна-пажоўклым нізкім беразе.
- Табе трэба ісці куды? - сказаў Андрэй.
- Куды мне трэба ісці?! - задумаўся цыган і, памаўчаўшы, сказаў: - Пайсці на дарогу, там нашы ехаць павінны...
І яны ўдвух перайшлі на другі бок рэчкі і абодва пайшлі ў розныя бакі, холадна нейк развітаўшыся... Раней дык цікавіў Андрэя гэты чалавек, а гэта нядобра ўжо было быць з ім разам. Раней цікавіў як брат тае дзяўчыны, а цяпер за гэтым жа стаў нейкім варожым. Андрэй адышоўся трохі, пасля азірнуўся, каб упэўніцца, ці далёка ён. Яго не было ўжо відно, і Андрэй з трывогаю ад нервовага ўзбуджання вярнуўся назад. Ён пільна паглядзеў на той бераг, на тыя палатняныя будкі. Ціхія і ў адзіноце стаялі яны. Вакол іх скрозь быў роўны і нізкі поплаў, згрызены і пажоўклы, налева жаўцелі кусты, а направа і проста роўнасць даходзіла далёка да сіняй нізкай істужкі - можа лесу, а можа хмар. Было блізка некалькі не згрызеных жывёлаю кустоў, некалькі лапін ад вогнішчаў і далёка наводшыбе блішчаў пад жоўтым сонцам белы конскі чэрап, высахшы і струхлеўшы пад вятрамі. Гэта была вялікая задуменнасць, як бы ўвасабленне нейкай філасофіі прастораў свету... Уяўлялася нейк, што тут павінна была быць высокая трава, горача і страшна ясна свеціць сонца і дзьме гарачы вецер. І пад ветрам гэтым трава будзе спяваць ціхія і задумёныя песні над конскім чэрапам. І мелодыя гэтая будзе закалыхваць усю зямлю, пакуль не з'явіцца на ёй чалавек і не засмяецца над законамі гэтай мелодыі...
«Гэта ж Нонна яна завецца», - набегла раптам у Андрэя думка, і ён нейк па-дзіцячаму ўсміхнуўся...
І пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з ім робіцца.
IV
...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры і трава халодныя... Відны людзі, часам больш іх, часам менш, і нечым і нейк жывуць яны... І там далей таксама гэта ёсць, і калі я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свеціць, і шырокі поплаў жоўты ад яго. І журботна нейк ад таго, што стала пуста і глуха, як паехалі ўсе...
Читать дальше