Пад дзень тухлі пажары. І раніцою прыйшлі першыя атрады нашых.
Я з ім у той дзень і развітаўся.
Ён пайшоў услед за фронтам, думаючы пра свайго замучанага каня, пра не зжатае ўпору і, мусіць, знішчанае дома жыта. І адчуваў боль на шыі, дзе быў чырвоны рубец.
Я чую яго апошнія словы, і я ўвесь у агні і бурах.
1926
I
На тым беразе гараць агні і чутно, як там на нечым іграюць. Суха неяк выбіваюць такт кароткія зыкі і будзяць над зямлёю гуллівасць. Пры агнях варушацца постаці людзей, яшчэ зусім ясныя ад ружовага вечара. Яшчэ і стук нейкі чуцён, і добра відно, як каля пярэдняе палатнянае будкі трое людзей не то гэта памагаюць музыцы, ці то самі поўны ёю: дробна ляскаюць яны ў такт далонямі рук... Нехта крычыць, нехта як бы плача - можа гэта якая балотная птушка ўзнепакоілася ад людскога шуму... І ўсе гэтыя зыкі напаўняюць змрок асенняга вечара і аддаюцца рэхам у прырэчных паплавах...
З гэтага месца відны яшчэ далёкія і блізкія хутары і вёска, - лясы далёка, чуць відны сінню на даляглядзе, і толькі нізенькія кусты лапінамі ўкрываюць паплавы...
Усё больш гусцее вечар, і ўсё весялей робіцца на беразе. Мацней пачынаюць іграць, непрыметныя адгэтуль, нейкія суха-траскучыя музычныя інструманты раптам развіваюць з цеснага жмута зыкаў вясёлы галёп, і тады ўліваецца сюды нейкая песня, востра-крыклівая, насмешлівая над усім і разам з тым задумёная. Яна без слоў, і толькі чутны ў ёй крыкі:
Гоп-гоп, ло-ла-ло-ла,
Гоп-гой, ло-ла-ло-ла!
Больш робіцца стуку рукамі, больш шуму, і ад таго, што дагарваюць агні, здаецца, што гэта і кусты, і берагі сцішаюцца, каб слухаць вяселле цыганоў.
І ўжо неяк знячэўку выплываюць з таго бясслоўнага і крыклівага пачатку словы песні. Іх трудна разабраць, толькі чутно, што яны могуць быць усякімі, што не важны яны як тое, што нейкі сэнс перадаюць. Чуцён часты прыпеў:
Гэй, гэй! Э-э-э-эй!..
З-за пярэдняе будкі выбегла постаць жанчыны. Яна раскінула рукамі, і на гэты момант застыла тут імкненне, агорнутае вастратою радасці і смутку аб усім. Матнуліся цёмныя фалды яе лёгкай адзежы, і закалыхалася яна ў тым танцы, які мог толькі радзіцца ў неабдымных прасторах, далёка ад грымучых вуліц і грузных камяніц...
Спявалі вялікія гімны размашыста-кволыя рухі яе постаці, і ад захаплення бяздумнага і плакалі, і смяяліся ў чарнаце вячэрніх прастораў не бачаныя, а толькі адчуваемыя здалёк яе вочы. Відно было адчуваннем, што пад тымі цёмнымі фалдамі гойдаецца яе радаснае цела... І радасць была - што ўсё гэта ёсць, і смутак быў - што неяк далёка гэта, неяк недасяжна і нельга растаць у ім і разам з ім...
На другім беразе рэчкі, над самай вадою, прыпёршыся плячыма да кагадзе пастаўленых слупоў не скончанага яшчэ моста, стаяў Андрэй Сімовіч - задумёны і не вырасшы яшчэ добра хлапец. Усе пайшлі з работы, а ён адзін застаўся слухаць цыганскую музыку на тым паплаўным беразе, і як выйшла скакаць цыганская дзяўчына, ён не зводзіў з яе вачэй. Ён стаяў, забыўшыся, і той настрой - неаформленасць усяго, калі няможна вызначыць, чаго хочацца чалавеку, - навеяны музыкай, перайшоў раптам у нейкае не вызначанае яскрава жаданне пасля таго, як выйшла скакаць дзяўчына. І як бы гэта перадалося яму тое, што было ў тым танцы, згарманізаваным з самой постаццю дзяўчыны. Яна была тонкая ў лініях сваёй постаці, і разам з тым нейкая як бы лёгкая цяжкасць, заўсёды прыналежная толькі жанчыне, была ў ёй. І ад таго, што гарэлі ў яе вочы і калыхаўся стан, ад гэтага абуджваліся ўсякія пачуцці і камбінаваліся ў адно, што можна назваць адным вялікім жаданнем, з хаосам у думках. І яшчэ павялічвалі гэтыя адчуванні яе словы, якія яна неяк гаварыла часта ў такт свайго танца:
Ай-два, ай-два!..
І тады нічога неяк не засталося ў Андрэя, неяк усё згінула, і на ўсім малым і нязначным была толькі ўсё запоўніўшая пачуццямі аб сабе цыганская дзяўчына. І сам для сябе здаўся Андрэй нейкім нязграбным перад тым, што бачыў. Ён усё стаяў, моцна прыпёршыся да вільготнага дзерава; стаяў доўга, як бы прыпыніўся ход часу і ўсяго, што ёсць, і нічога вакольнага не прымячалася і прымячаць яго не трэба было. Так прастаяў ён, пакуль не пачалі заціхаць цыганы і дзяўчына раптам некуды дзелася. Тады ён, ужо з усякімі думкамі, дастаяў датуль, калі пачалі моцна крычаць нейкія птушкі, і з вялікім смуткам пайшоў дадому.
II
У той дзень многа ляцела над зямлёй жураўлёў, і сухі вецер узнімаў пыл на дарогах. Дзень быў сонечны і нейкі шырокі... Над старым дахам маўчалі пажаўцеўшыя клёны, і раніцаю з хаты доўга чуваць было, як за сцяною плюхала вада пры студні.
Читать дальше