I
Густы і мокры вецер гоніць сырыя і цяжкія хмары; яны грузна плывуць, лезучы адна на другую, закрываюць сабою неба і сонца і робяць асенні дзень шэрым і хмурным.
Часам спускаюцца яны нізка і сеюць на мокрую зямлю дробны дождж-імглу, а часам узнімаюцца вышэй і, не вытрымаўшы сілы ветру, разрываюцца і ачышчаюць бледную сінь неба. Тады пакідае ісці дождж, і пачынае выглядаць сонца.
Ад яго свету белая пена быстрай і шумлівай ад ветру ракі аддае жаўтавата-блішчастым колерам.
Рака выйшла з сваіх берагоў.
Густая і каламутная ад асенніх дажджоў вада ў ёй паднялася і заліла абодва берагі.
З быстрага размаху свайго кідае яна на іх сваёю пенай, б'ецца аб купчастыя вяршаліны затопленых ёю кустоў алешніку і крушыны і весела плюхае, бурліць і шуміць...
У тым месцы, дзе канчаецца вада і пачынаецца жаўтавата-зялёны, пацямнеўшы бераг, стаіць прыкручаны к слупку новенькі невялічкі паром. Ззаду за ім, бліжэй к сярэдзіне ракі, свецяцца ў вадзе жоўтыя дошкі-масткі, якімі абложан бераг у тым месцы, дзе ў звычайны час прыстае паром. Цяпер, як паднялася вада, ён прыстае проста к зямлі і ходзіць паверх сваіх масткоў.
Направа, збоку - залітыя вадою, асмаленыя пблі, на якіх трымаўся мост, спалены палякамі ў вайну. Паром ходзіць да часу, пакуль не будзе зроблен новы мост.
Проціў парома, у некалькі кроках ад вады прытулілася к зямлі будка паромшчыка. Яна сплецена яшчэ ў канцы лета з бярозавых дубцоў. Лісце на іх пажоўкла і пасохла і цяпер шуміць на ветры ціха і нудна.
Вакол будкі - скошаны ўлетку поплаў, сям-там чарнеюць на ім нізкія купіны, атава збіта быдлам і пацямнела.
Па ёй задумёна і важна спацыруюць вароны; месцамі зямля ад іх, на вялікі абшар, чарнее жывымі купінкамі. Як пачынае свяціць сонца, яны ўзнімаюцца і, весела крычучы, нізка кружацца над зямлёю.
На той бок ракі, на ўзгорку, сярод заворанага на зіму поля, відаць вёска Хартонаўка.
На гэты бок, не вельмі далёка - голы ўжо дубовы лес і пры ім, як клешч пры вялікім целе, - малады бярэзнік.
На беразе пуста.
Адзінокі паром трасецца на вадзе, шморгаючы аб пусты, звіты ў некалькі столак дрот, працягнуты цераз рэчку, з аднаго берага на другі. Каля будкі валяецца некалькі паленняў дроў, куча лому і каля яе патухшае вогнішча...
Паромшчык Амелька Вілач не вылазіць з свае будкі - рад, што перавозіць некага: гэтакаю пагодаю мала хто ездзіць і ходзіць.
Яму пяцьдзесят год. Цвёрдыя вусы яго канцамі сваімі растуць уніз і закрываюць рот. Мяккая, махнаценькая «папоўская» шапка яго заўсёды ссунута на патыліцу, адкрываючы шырокі лоб і даючы твару яго такі выгляд, як бы ён на доўгі час збіраецца падняць сваю галаву ўгару і чорнымі вачыма сваімі пільна ўглядацца ва ўсё тое, што робіцца вакол.
Нізка стрыжаныя валасы яго каля вушэй чуць-чуць серабрацца сівізной.
На ім кароткая цвёрдая жакетка з тоўстага гаспадарчага сукна, саматканыя порткі з вузкімі чорнымі палоскамі, уздоўж па шэрым, і боты з нізенькімі халявамі і падковамі.
Сягоння ён вясёлы.
Атрымаўшы ўчора ў іспалкоме месячную пенсію за сваю службу пры пароме, ён начаваў гэтую ноч дома - у вёсцы, на той бок лесу, вёрст дзве ад парому.
Прыйшоў ён сюды раніцаю, як яшчэ было цёмна, і свайго васемнаццацігадовага сына Міхася, які быў пры пароме замест яго, застаў стаячым пры самай вадзе.
- Ты чаго ў будку не лезеш? - запытаў ён яго.
- Толькі што прыйшоў, - адказаў той весела.
- А дзе ж ты быў?
- На тым баку, у Хартонаўцы.
- Чаго?!
- Там камсамольцы нашы спектакль ставілі, ішлі вечарам, я іх перавёз і сам пайшоў з імі.
- А паром на каго пакінуў?!
У голасе бацькі пачуўся нейкі страх.
- Ні на каго. Прывязаў на тым боку і пайшоў. Які тут чорт, думаю сабе, паедзе гэтакім ліхалеццем.
- І нічога?
- Мусіць, нічога. Як пакінуў - так і застаў.
- Добра, што каго чорт не нагнаў, - сказаў Амелька ўжо весела. - А дзе ж больш хлопцы?
- Там начуюць.
- Вось ты, чорт яго бяры, - загаварыў Амелька ўжо зусім развесяліўшыся, - пакінуў ды і пайшоў. Адвага. Я б ніколі не адважыўся. Ну, ідзі дамоў, - закончыў ён цішэй.
Міхась паглядзеў на свае мокрыя боты, падцягнуў вышэй халявы і пайшоў паволі к лесу, а Амелька, зірнуўшы на той бераг і апрача туману нічога там не ўбачыўшы, палез у сваю будку.
І з таго самага моманту аж дагэтуль ніхто тут не ездзіў.
Толькі ў гадзін восем раніцы прыйшлося перавозіць камсамольцаў - усё суседніх хлапцоў з свае вёскі.
Читать дальше