Незвычайна лёгка быць добрым чалавекам.
Пра дрэнныя ўчынкі слухаецца зь недаверам; дапускаюцца іх недарэкі... Такія, каму няма ахвоты працаваць. Нудныя гультаіскі. Або дурныя. (Дурных, чамусьці, пазнавалася па тым, што яны насілі акуляры ды ўважліва прыглядаліся субяседнікам. Па-курынаму, чуйна й не разумеючы.) У суседнім, са Сьцяпанавым, пакоі трываў пажылы бухгальтар, як кожны бухгальтар — прыклад блізарукасьці. Крахтаў ён над калёнкамі лічбаў, зьлічваючы глупствы. Невыразна лаючыся пад носам, выходзіў ён з-за пісьмовага стала, засоўваў далоні за пазухі, горбіўся, таптаўся на месцы, разважаў папяровую праблему. Калі-б ня грошы, гэты чалавек, праўдападобна, зьяўляўся-б сьмяшлівым... Вам здаецца, мілыя, што грошы прыдуманыя дзеля таго, каб імі раскідацца! (Гневаўся стары.) Але гэта, мілыя, няпраўда. (Рабіў адкрыцьцё.) Яны створаны для таго, каб нават самы благі злыдзень даў людзям хоць нейкую карысьць. (Яго словы перакруцілі: каб і са злыдня выціснуць хоць якой-колечы карысьці. Не расьсьмяшылі яго.) Ні фараон, ні паншчынны цар не змаглі так пагнаць да працы, як менавіта яны, во! (Ён дабіваўся прызнаньня яму рацыі, пасьля чаго расказваў анэкдот; цікава, што кожны раз сьвежы, нечуваны.) Часамі бухгальтар хварэў. Смуткавалі.
У пасьлякалядную раніцу бухгальтар зайшоў на кватэру Сьцяпана, які, памыўшыся, сядаў сьнедаць. Цешча, з пакругленымі вачыма, паведаміла зяця: "Да цябе — якісьці п'яніца!" (Потым гаварыла яна, што госьць уявіўся ёй супрацоўнікам міліцыі.) Барадаты — загадаваў неахайную прычоску — ледзь варочаў ён языком і прасіў у Сьцяпана шклянку чорнай кавы. Я, мілы, ноч ня спаў і дома ня быў... Проста да цябе... Прабач мне, мілы, за неспакой, які...
— Прысядзьце, дарагі сябра, — Сьцяпан запрасіў яго да стала. Бухгальтар, аднак, марудзіў і, нарэшце, сказаў, што просіць Сьцяпана пагутарыць бязь сьведкаў. (Таму, мабыць, і падумалася бабе пра сышчыкаў.)
— Як гэта табе сказаць, мілы, — ён чакаў кавы. — Ах, як выказаць?.. Мо' й беспатрэбна?..
— Пасьпеце ў нас. Вы-ж хварэеце. Вярнуся я з працы, тады мы й пагутарым. Будзе час, — Сьцяпан зірнуў на ручны гадзіньнік, знарочна. — Цяпер мы да нічога не дагаворымся...
— Пачакай, — падняў той руку. — Пачакай, мілы. Я коратка, — цешча падала каву, і ён лакомліва сербануў яе са шклянкі, гарачай. — Ну, якіх— небудзь хвілінаў пяць, добра?
— Давайце.
— Вось, так: учора клікалі мяне ў... — аглянуўся ён на недачыненыя дзьверы ў калідор. — Клікалі — гэта далікатна, мілы, сказанае... Звычайна, прыйшоў адзін, па-цывільнаму, і запытаў: гэта вы? Я адказаў. А ён: ідзеце са мною! Я: чаго вам трэба? Ён: на месцы скажуць вам. Я: што? А ён: ну, пайшлі! Думаю сабе: капцы! — ён дакрануўся паркай шклянкі. — Ну, мілы, пайшоў я зь ім. А там, ведаеш, дзьве хвіліны гутаркі: што я магу сказаць пра такога аднаго знаёмага, які, аказваецца, замяшаны ў нейкую пакражу...
— Пасьпеце ў нас, — Сьцяпану кпліва разяўляўся рот. Ён пазяхаў. — Вам, калега, патрэбны адпачынак...
— Так, так... Я пасплю, вядома, але перш хачу...
— Я вас слухаю.
— На чым я зараз скончыў?
— Вас выклікалі ў міліцыю... — чорт яго спадзяваўся, што размова акажацца важнай!
Разумееш, пераважна, запозна. Забойства сакратаркі ашаламіла Сьцяпана ўжо іначай. Значэньне няшчасьця ўсплывала ў ім паволі, каб сфармавацца ў непрадбачаную цэласьць. Думка — гэта час. Сьмерць дзяўчыны i выклік чалавека ў міліцыю датычаць таго-ж толькі ў вадным выпадку, на адной працягласьці магчымай непазьбежнасьці! Красуня магла пажыць i гэтак далей.
8.
У кааператыве рыхтавалі вэрыфікацыю цэнаў. Мерапрыемства патрабавала ўзгадненьняў з ворганамі ўладаў. Падставай для таго зьяўляліся два элемэнты: кампазыцыя сыравінных матэрыялаў i ўклад працы. Пастановы ўправы аб'ектыўна накіроўвалі вэрыфікацыяй. Але, неафіцыйна, ясна — сакратаркай яшчэ тады працавала нябожчыца — пастулятыўныя цэны павінны быць высокімі, каб было з чаго ўступаць. Прыходзілі прадстаўнікі ваяводзкай камісіі па цэнах, i старшыня зачыняўся зь імі ў габінэце. Выпівалі яны непраўдападобную колькасць чорнай кавы й не выходзілі адначасова з заканчэньнем працоўнага дня; казалі, што шэф спойвае іх.
Прапаноўваныя цэны, пасьля памяркоўных карэктураў, зацьвердзілі ў студзені. Адчувалася, у каапэратыве прыўзьняты настрой i нават знайшліся такія, што з гэтай нагоды ладзілі складчыну на супольную выпіўку. Малую, па дваццаць пяць злоты. Сьцяпан кінуў пяцьдзесятку, зялёную (былі й сінія, шырэйшыя). Літроўкі куплялі ў краме зь недарэчным нэонам "Самасей", у якім гасла літарка "а", сярэдняя. За чаркай многа гаварылі; перабівалі адзін аднаму, размахвалі рукамі, усьпеньваліся, гудзелі да вечара, фактычна, ні пра што. Хвалілі старшыню! Сьцяпана ня брала гарэлка. Выходзячы дамоў, ён адзначыў самому сабе, што добра зрабіў, паўстрымоўваючыся ад гвалтоўных ацэнак вэрыфікацыі. Нейкі сёмы інстынкт шапнуў яму быць маласлоўным, ня ў крыўду сабе кажучы... Так, гэтая залатая сярэдзінка ў шматлікіх зьяўляецца пробай іх кваліфікаванасьці. Калі так, значыць — яна патрэбная ў дзейнасьці.
Читать дальше