Аднак, калі ўлетку 1944 году зь Менску прыйшоў кліч ехаць на Другі Ўсебеларускі Кангрэс, беларусы Латвіі вылучылі колькі сьведамых дзеячоў, якія паехалі дастойна рэпрэзантаваць і гэтую этнаграфічную частку Беларусі.
Паехаў у Менск і Кастусь з Альгердам Собалем. У цягніку Кастусь думаў аб тым, як немцам сталася крута, бо яны ўжо страцілі ўсю заваяваную Ўкраіну ды беларускую Смаленшчыну з Браншчынай. А цяпер пайшлі на ўступкі. Немцы дазволілі цяпер утварыць нешта падобнае на ўрад - Беларускую Цэнтральную Раду з Прэзыдэнтам Радаславам Астроўскім. Ведама, жыць Радзе заставалася ўсяго колькі дзён, бо чырвоныя ўжо каля Бабруйску й Барысава. Хоць гэта й была гульня перад пагібельлю, усё-ж цікава паглядзець, што з гэтага будзе.
27 чэрвеня 1944 году будынак Беларускага сталічнага тэатру быў упрыгожаны бел-чырвона-белымі сьцягамі. Над галоўным уваходам вісела прыгожа выкананая Пагоня. Каля тэатру ганаровую варту трымалі курсанты Беларускай афіцэрскай школы. Пасьвяточнаму ўбраныя ўдзельнікі Кангрэсу падыходзілі да стала мандатнай камісыі, дзе атрымоўвалі мандат, які пацьвярджаў, што такі чалавек зьяўляецца дэлегатам Другога Ўсебеларускага кангрэсу ад такой ці іншай акругі. Побач з дэлегатамі Гэнэральнай акругі Беларусі, Беласточчыны, Горадзеншчыны, Віленшчыны, былі й дэлегаты з прыфрантовай акругі, ды нават з-за тога боку фронту. Апошнім прышлося прайсьці праз лінію агню й зьявіцца на Кангрэс абшарпанымі ды змучанымі. Але й яны былі ня меншымі энтузіястамі ідэі адраджэньня беларускае дзяржаўнасьці.
Дэлегаты рана запоўнілі тэатральную залю. А восьмай гадзіне распачалося паседжаньне. Прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі абвясьціў Кангрэс адчыненым. Былі абраны Прэзыдэнт Кангрэсу, два яго заступнікі й два сакратары. Прымаецца павестка дня. У прэзыдыюме Кангрэсу быў удзельнік Першага Ўсебеларускага Кангрэсу дваццаць шэсьць гадоў таму назад. Ён гаворыць аб тым гістарычным Кангрэсе й выбранай ім Радзе, якая абвесьціла 25 Сакавіка 1918 году незалежнасьць Беларусі. Прамоўца ўспамінае тых, хто быў душою Першага Кангрэсу й аддаў жыцьцё за незалежнасьць Бацькаўшчыны. Прапануе ўшанаваць памяць загінуўшых. Усе ўстаюць і ціха стаяць хвіліну. Пасьля ўдзельнікі Першага Кангрэсу запрашаюцца ў прэзыдыюм. Слова для справаздачы даецца Радаславу Астроўскаму. Ён гаворыць пра палажэньне беларусаў пасьля Першага Ўсебеларускага Кангрэсу. «Рыскі трактат разрэзаў жывое цела Беларусі крываваю мяжою. Ліквідацыя Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады на захадзе, расправа з так званай нацдэмаўшчынай на ўсходзе пазбавілі наш народ сілы, - распавядае прамоўца. - У цяжкіх умовах выпала мне ўзяцца за ўтварэньне Беларускай Цэнтральнай Рады. Наш народ рабуюць і паляць нашы вёскі бандыты рознага колеру. Пачуцьцё абавязку перад народам, абавязку службы яму ў найбольш цяжкія часы й крытычную хвіліну змусілі мяне ўзяцца за ролю Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады. Пры гэтым я прыняў гэтыя функцыі да скліканьня Другога Кангрэсу... На гэтым я як Прэзыдэнт і Беларуская Цэнтральная Рада складаем свае паўнамоцтвы перад Кангрэсам. Далейшы лёс Бацькаўшчыны - у вашых руках, гэта значыць у руках самога народу: або наш народ застанецца ў гэтую адказную хвіліну пасыўным і перастане існаваць як нацыя, або ён здолее скансалідаваць усе сілы супраць ворага й пераможа, займаючы пачэсны пасад сярод вольных народаў Эўропы...»
Радаслаў Астроўскі скончыў сваю прамову й сышоў з трыбуны. Пачаліся выступы з ацэнкаю дзейнасьці Рады. Закончылася абмеркаваньне апрабатаю дзейнасьці Рады й выбарам на чале яе Радаслава Астроўскага. Бурныя воплескі пацьвердзілі аднагалоснае галасаваньне. У канцы дзённага паседжаньня дэлегаты заслухалі рэфэрат аб расейска-польскіх дагаворах аб Беларусі й аб неабходнасьці іх скасаваньня. Рыскі трактат 1921 году быў раскрытыкаваны, як найвялікшае злачынства ў дачыненьні да беларускага народу. Дагаворы й пастановы, зробленыя чужымі рукамі, абвяшчаліся «праўнымі» ланцугамі на целе Беларусі.
На другім паседжаньні быў заслуханы рэфэрат аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою. Нарэшце, прымаецца рэзалюцыя Другога Ўсебеларускага Кангрэсу. Яна вызначыла правільнай гістарычную пастанову Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая на сваім сходзе 25 Сакавіка 1918 г. Трэцяй Устаўной Граматай вырашыла аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою й расейскай дзяржавай у ва ўсіх яе формах. Рэзалюцыя пацьвярджала, што Беларускі народ ніколі ня вызнаваў, ня вызнае і ніколі ня прызнае ў будучыні за форму сваёй дзяржаўнасьці накіненую яму форму БССР.
Читать дальше