- Вось-жа й я кажу блізу тое самае. У істоце мы з табой згодныя. Можа нават ужо найбліжэйшыя дні зьіначаць нашу долю, а тады будзе відаць. А цяпер мы раськіданыя, неарганізаваныя й слабыя, каб што-небудзь рабіць. Ды нас, гэтых недасекаў, можна на пальцах пералічыць... Ну што-ж, будзем чакаць ходу падзеяў.
- Думаю, што й чакаць доўга не давядзецца нам, бо пэўна-ж у армію забяруць за колькі дзён.
- І яно праўда... Хоць я, апрача кароткатэрміновага збору яшчэ перад пачаткам вучэньня ў унівэрсытэце ў 1930 годзе, папраўдзе сказаць, і ў арміі ня быў - выгнаньне ды пазьнейшае бадзяньне зь месца на месца ратавала. Ды не хацеў-бы, бо пазнаў смак салдаччыны й за тыя колькі тыдняў муштры. Абрыдла на ўсё жыцьцё, асабліва палітычныя заняткі, што прагорклі да самага нутра. Вось-жа й цураюся, пакуль удаецца, войска, як мага. Дзе на ўлік вайсковы ня стану, дзе скручу, што часова праездам там жыву, дзе на выклік райваенкамату ня стаўлюся, а неўзабаве зьеду дзе ў іншае месца. Гэтак дацягнуў аж пакуль у запас, як старога, не пералічылі, ужо тут, у Менску, гэтае зімы. Гэтак і ператрываў, дзякуй Богу.
- Дык і ў мяне нешта падобнае. Свайго часу вучэньне ратавала, калі яшчэ было льга карыстаць з палёгкаў. Пасьля праца, разьезды ўлетку, калі на зборы клікалі, а там гады... Але цяпер, думаю, не ўратуемся.
- Але, цяпер, у вайну, цяжэй будзе ўратавацца - законы ваеннага часу не на жарт суровыя, - дадаў Кастусь. - Тут ужо ня выкруціцца... Давядзецца, як паклічуць, ісьці цягнуць лямку.
- А цікава-б было згадаць, як складзецца доля кожнага з нас, ці ўратуем жыцьцё ў гэтай завірусе?
Яны разьвіталіся з адным і тым-жа настроем няпэўнасьці за будучыню кожнага і клопатам аб тым, што ім доля прынясе заўтра.
У апошнюю часіну Язэпу падумалася, ці не небясьпечна Кастусю ісьці начаваць дамоў дзеля ягонага мінулага засланьня, якое, пэўна-ж, ведамае ў НКВД. А сяньня-ж у дзень ужо быў агалошаны «ўказ» савецкага ўраду аб ізаляцыі «соцыяльна-небясьпечных элемэнтаў». Зусім магчыма, што й Кастусь падлягае гэтаму «ўказу» й будзе аднесены да гэтае катэгорыі. Ды наагул, пэўна-ж, пачнуцца масавыя арышты, і каму-каму, а Кастусю зь ягонай мінуласьцяй можа-б трэба было хавацца.
Гэтая думка мільгнула, ды зараз-жа згасла ў Язэпавай сьведамасьці.
- Дык-жа ён лепш ведае, што яму рабіць, - падумаў ён. - Можа ня так борзда адразу пачнецца ўсё гэта, а я ўжо сяньня яму буду казаць і папярэджваць. Можа яшчэ зарана сяньня прапанаваць яму застацца начаваць у мяне. А наапошку, чым я больш гарантаваны ад гэтае самае долі? Хіба са мной ня можа быць таго самага, што зь ім? Чым-жа мы ў суці розьнімся, апрача таго, што мне, выпадкам, у свой час пашанцавала перахавацца, а ён трапіў у пастку.
І хоць ён ведаў, што Кастусь не абразіўся-б за напамін быць асьцярожным, аднак, пачуцьцё такту й прыроджаная інтэлігентнасьць Язэпавае натуры зьдзержыла яго тымчасам ад гэтае парады свайму сябру.
Яны разлучыліся з узаемным схаваным прачуваньнем нечага нямінучага, няведамага й неспадзяванага, што мусіць зваліцца на іхныя галовы неўзабаве. Калі яны паціскалі адзін аднаму руку на разьвітаньне, на мамэнт асабліва выразьлівым сталася прадбачлівае адчуваньне, што гэта яны ўжо мо апошні раз спаткаліся й цяпер мо апошні ўжо раз адчуваюць цёплы дотык сяброўскае рукі й апошні раз бачаць узаемна спагадлівы блеск вачэй. Можа гэтая ростань станецца апошняй на цэлае жыцьцё, калі давядзецца каму зь іх перажыць гэтую новую наслань.
Нешта каля дванаццатай гадзіны ўначы Кастусь апынуўся ў сваёй каморцы. Там было страшэнна горача. Паправіць гэтую сытуацыю было немажліва. Вокны мусілі быць завешаныя коўдрамі, пакуль у пакоі сьвяціла сьвятло. Пакідаць-жа вокны адчыненымі на ўсю ноч у такія часы выдавалася вельмі небясьпечным. Гэта-ж аднопавярховы маленькі дамок, ды яшчэ тут, на ўскраіне, дзе й да міліцыі далёкавата. Калі гэта было небясьпечна з узгляду на зладзеяў ды забойцаў у мірны час, дык цяпер тым больш загадзя трэба быць асьцярожным. А за дзень пад палкім чэрвенскім сонцам, у той год асабліва пякучым, гэты дамок да таго прагрэўся, што ў пакоі было цяжка дыхаць.
Бацькі даўно ўжо спалі... Маці, падняўшыся на стук і адчыніўшы Кастусю дзьверы, хутка зноў заснула... У цішыні чуваць было яе дыханьне. Відаць, стамілася зьвечару ад думнага бяссоньня й нарэшце, пераможаная сном, здалася яму, змораная да таго доўгім штодзённым хатнім клопатам ад самае раніцы. З кухні ледзь-ледзь чутна даносіліся шорахі дыханьня старога бацькі.
Читать дальше