Каця. Ах, што такое? Дайце прайсці!..
Не даюць, перамінаюцца з нагі на нагу, падштурхоўваюць адзін аднаго.
А н т о н. Каця, мы хочам пагаварыць з табою... Мы ўжо не дзеці. Хутка выпускныя экзамены. Потым шляхі нашы разыдуцца ў розныя бакі. Скажы, нарэшце, каго з нас траіх ты выбіраеш?
Каця. Ах, хлопчыкі, я вас усіх выбіраю! Усіх трох люблю аднолькава...
У гэты час у актавую залу, махаючы рукамі, каб не звярталі на яго ўвагі, на дыбачках увайшоў завуч Андрэй Адамавіч.
А н т о н. Мы былі самыя лепшыя ў класе сябры. Нас дражнілі трыма мушкецёрамі. Заўсёды мы былі разам, стаялі адзін за аднаго гарою... пакуль не з'явілася ты...
— Антон, што значыць «з'явілася»? — перабіла Сасноўская, гледзячы ў нейкія лісткі.
А н т о н. Ой, пакуль ты не перавялася да нас з іншай школы. Мы пісалі табе запіскі, ты адказвала на іх, хадзіла з намі ў кіно, танцавала на дыскатэках, падказвала нам урокі, давала спісваць... Мы не маглі падзяліць цябе. Трох лепшых сяброў ты зрабіла трыма ворагамі. Але мы не хочам больш варагаваць! Выберы аднаго з нас — так будзе лепш, і мы зноў станем сябрамі!
Каця. Ах, як гэта для мяне нечакана! (Задумваецца.) Добра. Калі так, я згодна. Я выберу з вас кагосьці... але не цяпер, а скажам, гады праз два. Калі за гэтыя два гады вы мяне не забудзеце, мы ўсе зноў збярэмся разам, і я выберу з вас таго, хто за гэты час большага ў жыцці даб'ецца. Вось ты, Антон, добра пісаў сачыненні — пастарайся за гэты час стаць журналістам ці хоць бы паступі на жур-фак... Ты, Віця, заўсёды ўсё перапрадаеш — ад жвачак да шпаргалак, вядомы ўсёй школе фарцоўшчык, пастарайся стаць, напрыклад, бізнесменам... А ты, Мікола, любіш парадак, дысцыпліну, збіраешся вучыцца на афіцэра — вось і паглядзім, што з цябе праз два гады атрымаецца... Такая мая ўмова. Ці згодны?
Каця працягвае далонь, і ўсе ўтрох у знак згоды кладуць свае далоні на яе.
Пад тую ж школьную музыку змяняюцца дэкарацыі. На сцэне — гратэскна-шыкоўны офіс: з камп'ютэрамі, тэлефонамі, дэкаратыўнымі пальмамі... Каця, загрыміраваная пад дарослую дзяўчыну, сядзіць за часопісным столікам, увесь час глядзіцца ў люстэрка, трымае ў пальцах незапаленую цыгарэту.
— Прайшло два гады! — прашаптала Сасноўская завучу, і той кіўнуў, што зразумеў.
Каця-бізнесменша. Як я хвалююся! Хто б мог падумаць, што яны мяне не разлюбяць!.. Вось-вось яны прыдуць, і я вымушана буду адмовіць ім, сказаць, што за гэты час я пакахала зусім іншага чалавека... Як растлумачыць ім гэта? Як даказаць, што я зусім не жорсткая, не легкадумная?! Так, Антон цяпер піша артыкулы, друкуецца ў газетах. Віця ўдала робіць бізнес, Мікола вучыцца ў прэстыжным ваенным вучылішчы. Але ж яны нават не здагадваюцца, што ўсімі сваімі поспехамі яны абавязаны мне! Так, мне. Што ўладкоўваць іх памагаў мой дзядзька, які займае высокую пасаду, і пра існаванне якога яны нават не здагадваюцца... Я адплаціла ім за каханне і вернасць, папрасіла дзядзьку, каб памог ім. Але ці трэба гаварыць ім пра гэта? Прыніжаць іх самалюбства? Не, хай думаюць, што ўсяго дабіліся самі!..
Перад дзвярыма ў офіс топчуцца Антон з фотаапаратам на шыі, Віця ў касцюме, у беленькай кашулі, Мікола ў ваеннай форме, у фуражцы.
А н т о н. Не, я не магу! Хай нехта з вас зойдзе і ўсё растлумачыць...
В і ц я. А што тлумачыць?
А н т о н. Што ў нас ва ўсіх — нявесты! Дый так... Школьныя сяброўствы, клятвы, цацанкі-абяцанкі — гэта несур'ёзна. Прайшло столькі часу — мы ўжо не дзеці!
М і к о л а. Ды чаму мы ўвогуле павінны перад ёю адчытвацца?
А н т о н. Не забывайцеся! Ці не думаеце вы, што змаглі б нечага дабіцца ў жыцці без Кацінага дзядзькі? Вось так яно. А хто прыдумаў?
Віця. Ну, ты, ты...
А н т о н. Хто яшчэ ў школе пранюхаў пра яе дзядзьку? Хто, ведаючы, што ў яе добрая душа і што яна на ўсё пойдзе, каб аддзячыць нам за каханне, якога не было, прыдумаў усю тую камедыю з запісачкамі, калі мы хадзілі за ёю, як прывязаныя, запрашалі ў кіно, на дыскатэкі? «Ах, мы ўсе цябе кахаем!», «Ах, выберы з нас каго-небудзь аднаго!»
В і ц я. Ты, ты.
Мікола. А раз ты, дык і выкручвайся сам! Ідзі і жаніся з ёю!..
Андрэй Адамавіч запляскаў у ладкі, перапыняючы рэпетыцыю:
— Хлопцы, хлопцы, досыць! Падыдзіце сюды, калі ласка! Ну, хлопцы, закруцілі вы так, што галаву зломіш... Хто гэтую... гэта ўсё прыдумаў? А, забыўся — ну, вядома ж, Антон!
— Няўжо вам не спадабалася, Андрэй Адамавіч? — уразілася Сасноўская.— Вы ж нават да канца не даглядзелі, а там канцоўка нечаканая: убачыўшы Кацю, яны закахаюцца ў яе, на гэты раз па-сапраўднаму!
Читать дальше