– Нічога ў нас не зменіцца і нічога ўвесь народ аб лепшым жыцці ведаць не будзе. Бо хто што ведае, калі ацалее, дык нават ніводным словам з іншымі не абмовіцца. А калі б нават уся Расія пра гэта ведала, дык таксама нічога зрабіць было б немагчыма. Такі ўжо наш лёс. Толькі капіталісты, калі захочуць, здолеюць у Расіі новае жыццё пабудаваць. Але толькі тады, калі скінуць наш урад і ліквідуюць НКВД. Самі ж мы і праз тысячу гадоў не вызвалімся.
Не разумею, як я надумаўся расказаць усё гэта пані Юзэфе. Першы раз у жыцці некаму (і сабе самому) праўду пра ўсё гэта паведаміў. Шкадую нават пра гэта, але нічога ўжо не зробіш. Зрэшты, калі што, дык не прызнаюся, што такое казаў. Могуць забіць нават, але не прызнаюся. Злуюся на сябе і на пані Юзэфу, што такая размова ў нас адбылася. Ведаю, што нікому яна пра яе не данясе, бо і сама б тады была ліквідаваная. Але вельмі мне прыкра, што капіталістаў хваліў, а наш расійскі ўрад крытыкаваў.
З таго дня я пачаў часцей пра гэтыя справы гаварыць. Я ўжо нічога не хаваў, бо быў упэўнены, што нашы сюды ўжо ніколі не прыйдуць. Калі Германія вайну выйграе, тады наш урад ліквідуюць, НКВД павыразаюць і паразганяюць і свой парадак увядуць. Калі ж Англія з Амерыкай перамогуць, дык яны ўсё вернуць і тут, хутчэй за ўсё, ізноў будзе Польшча. Нягледзячы на тое, я баюся гэтых думак і пачаў дрэнна спаць па начах. Увесь час мне сняцца арышты, даносы, высылка ў лагер, турмы, экзекуцыі…
Аднак жа і шчаслівы я быў, калі жыў у Расіі і пра ўсё тое, што цяпер ведаю, нічога не ведаў. Што з таго, напрыклад, што я цяпер маю добры касцюм, чаравікі і гадзіннік, калі тут кожны мае гадзіннік і ў скураных чаравіках альбо ботах ходзіць. Альбо тутэйшая добрая ежа… Калі яна ёсць заўсёды, дык і думаць аб ёй няма чаго. А як у Расіі часам фунт цукру на паёк атрымліваў, дык ганарыўся і быў вельмі задаволены, бо ведаў, што цябе надзвычайна адзначылі і атрымаў ты вялікае шчасце. Натуральна, былі мільёны такіх, хто заўсёды галадаў і ў рыззі хадзіў. Але што мне было з таго? Кожны ж пра сябе павінен дбаць. Я ж належаў да лепшага класу, быў афіцэрам і камсамольцам, таму мяне мусілі болей цаніць, чым нейкага там абывацеля. А цяпер як парабак я жыву лепей, чым раней як афіцэр, але ніякай спецыяльнай павагі не маю, кожны мяне дурнем лічыць і ніхто мне не зайздросціць. Там я мог з часам высокае становішча заняць, а тут да канца жыцця парабкам застануся. А калі нават ажанюся тут і здолею ўласную гаспадарку закласці, дык такіх гаспадароў тут поўна паўсюль… Раней я думаў, што з’яўляюся вельмі шчаслівым чалавекам, бо жыву ў Расіі, а не за граніцай. А цяпер ведаю, што гэта было маё глупства. Але ад гэтага я лепей не пачуваюся.
Да Малугаў я і надалей хаджу увесь час па суботах альбо па нядзелях. Усе там вельмі добра да мяне ставяцца, а адна з дачок, Антося, дык нават вельмі зычліва на мяне пазірае і ахвотна са мной размаўляе. Ведаю, нядобрай дарогай Малуга да свайго багацця ішоў, але што мне з таго? Зрэшты, калі ён і з’яўляецца агентам амерыканскіх капіталістаў, дык мне гэта аніяк не шкодзіць. Няхай ужо лепей тут будуць амерыканцы, чым немцы альбо бальшавікі. Бо тады я буду ўпэўненым у сваім жыцці.
Некалькі разоў стары Малуга выцягваў мяне на размову аб Савецкім Саюзе. Але я заўсёды гаварыў яму, што мала аб тым ведаю, паколькі быў звычайным рабочым і паходжу з сялянскай сям’і. У войску ж быў радавым, узятым падчас мабілізацыі. Але аднойчы ён мне сказаў так:
– Круціш ты, хлопча, языком, як пёс хвастом. Усё ты ведаеш, але гаварыць баішся ці не хочаш. Так цябе палітрукі выдрэсіравалі.
А Андрэй неяк са мною доўга ў полі размаўляў. Палі нашыя побач, таму калі мне пані Юзэфа па палудні есці прынесла, дык і ён прыйшоў да мяне пабалакаць. Дзве рэчы мне расказаў. Гаварыў, што перад вайной тут амаль усе маладыя хлопцы за Савецкі Саюз выступалі і было шмат такіх, хто належаў да камуністычнай партыі.
– Мне цяжка ў гэта паверыць, – прызнаўся я.
– Шчырую праўду табе кажу, – запэўніў Андрэй. – Я таксама быў супраць польскага ўрада. Мы чыталі розныя вашы часопісы і брашуры. Часам прыязджалі да нас камуністы з павету альбо з Вільні. І амаль уся моладзь за Расію была. Бо мы думалі, што ў вас там сапраўды вялікі дабрабыт і вольнасць. Што падаткі вельмі малыя, што жыццё вясёлае. Некалькі дзясяткаў нашых хлопцаў нават праз граніцу ў Расію пайшлі. Але вярнуўся толькі адзін і пачаў нам апавядаць, што ў вас не рай але пекла. Такія гісторыі нам апавядаў, што ажно злосць брала, бо паверыць у такое не маглі. Думалі, што паліцыя яго перакупіла, каб супраць Саветаў агітацыю праводзіў. Пазней застрэлілі яго праз вакно ва ўласнай хаце. Дагэтуль ніхто не ведае: хто яго забіў… Але пасля таго, як вы самі сюды прйшлі, дык мы адразу ад камунізму вылячыліся. Чаго польская паліцыя і ксяндзы з амбонаў за 20 год не зрабілі, дык вы тое самі за 20 дзён здзейснілі. Нават так сталася, што Германіі аддаем перавагу ў параўнанні з вамі, хаця гэта таксама наш вялікі вораг і піяўка добрая. Але як свіння ў мужыцкую хату не лезе, партрэтаў Гітлера паўсюль не вешае і ў людзей боты з ног не здзірае.
Читать дальше