Вось ляжу я і канкрэтна паміраю. Мне прапануюць катлеты ды іншыя такія ўсялякія каўбасы, але я – не… нават увагі на ўсё тое не звяртаю. У гэты момант адчыняюцца дзверы і ў палату ўваходзіць магутна ўзброены атрад НКВД. Атачылі ўсе вокны і дзверы і трымаюць зброю напагатове. Потым з’яўляюцца самі маршалы і генералы, і робяць шарэнгу ад дзвярэй да майго ложка. А я нічога: ляжу і паміраю… Потым… потым… паказваецца ЁН!… Мой правадыр!… Сонца Расіі і свету… Ён… таварыш Сталін… Я зрываюся з ложка, станаўлюся смірна і крычу: “Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!” А ЁН набліжаецца да мяне і кажа:
– Кладзіся, Міхаіл Мікалаевіч. Досыць напрацаваўся ты ў славу нашай святой Расіі.
Сціскае мне далонь і сядае на ложак. Потым дастае з кішэні бутэльку “спецыяльнай маскоўскай” і налівае мне шклянку гарэлкі (сабе таксама) і кажа:
– Вып’ем, таварыш, за згубу подлай Англіі і за здароўе нашага адданага сябра Адольфа Гітлера.
Ну, выпілі, закусілі, а потым ЁН пытаецца:
– Як пачуваешся?
– Паміраю, – паведамляю я, – баценька любы.
– Гэта нічога, глупства, – кажа, – затое імя тваё будзе несмяротнае. Можаш сабе паміраць спакойна.
– Слухаюся, – адказваю я, – правадыр мой любы.
І чую, што паміраю, паміраю і паміраю… у абдымках Сталіна.
Так… прыгожая мроя, аднак паколькі трэба жыць і ўзмацняць нашу вялікую савецкую культуру ў той няшчаснай, заэксплуатаванай польскімі крывавымі панамі Беларусі.
Учора спаткаў я лейтэнанта Дубіна. Ён кажа:
– Прыходзь да мяне ўвечары. Вып’ем. Спаткаем Новы год. Будзе капітан Ягораў і яшчэ некалькі хлапцоў.
– Добра, – кажу.
І пайшоў. Ну, натуральна, прыбраўся адпаведна і парфумы не пашкадаваў. Прыходжу, а там ужо ўсе на месцы і капітан Ягораў таксама.
– З чаго пачнем? – спытаўся ў нас Дубін.
– Вядома з чаго, – адказаў лейтэнант Сініцын.– З гарэлкі пачнем, гарэлкай і скончым.
– А можа, спачатку чаю хочаце?
– Чай не гарэлка, многа не вып’еш.
Ну і давай мы жлукціць… Знайшлася гітара. Дубін нішто сабе грае: гучна. Вось мы хорам Маскву забацалі. Голас, вядома, кожны з нас мае і спявалі з усіх сіл, ажно вокны трэсліся і шклянкі дзвынькалі. Няхай буржуі чуюць і ведаюць, што Чырвоная Армія балюе!
У куце пакою піяніна стаяла. Але граць на тым фашысцкім інструменце мы не ўмелі. Аднак– калі выпілі мацней – дык Сініцын спрабаваў. І нават вельмі добра атрымалася. Калі Дубін на гітары разануў, мы з усіх сіл Еслі заўтра вайна, спяваем, а Сініцын піяніна абедзвюма рукамі па клавішах лупцуе. І так ладна нам ішло, што мы да паўночы такім чынам бавіліся.
Потым Дубін урачыста абвясціў:
– Дарагія таварышы! Зараз будзе Новы Год. Пачнем яго спецыяльнай закускай да гарэлкі. Гэта найлепшая ў свеце буржуйская ежа!
Пайшоў ён да шафкі і дастаў вялізную папяровую торбу. Прынёс яе і вываліў змесціва на стол. Было там нешта падобнае на струкі вялікіх бабоў альбо на малыя агуркі.
– Што гэта? – спыталіся мы.
– Бананы, – паведаміў Дубін. – Нашы хлопцы з НКВД тут у аднаго буржуя, каторы раней меў гароднінавую краму, рэвізію рабілі і шмат такога далікатэсу знайшлі. Вось і мне троху далі.
– Давай сюды бананы! – крычыць Ягораў. – Досыць тым буржуям абжырацца. Цяпер наша чарга!
Ну вось. Дубін бананы ахайна ва ўмывалцы памыў і некалькі з іх скрылікамі на талерцы пакроіў, потым, натуральна, пасаліў адпаведна і кожнаму гарэлкі наліў.
– За здароўе пяхоты! – абвясціў ён.
Выпілі і бананамі загрызлі. Але, халера яго ведае, неяк нясмачна было. Я нават выплюнуць хацеў. А Сініцын тым часам паведаміў:
– Да тых бананаў трэба воцату і перцу таксама.
Перац быў, але па воцат Дубін да гаспадыні пайшоў пазычыць. Заправілі мы бананы воцатам, ну і, зразумелая рэч, перцам. І зусім іншы смак атрымаўся. Але ўсё адно нам не спадабалася. Лепей бы салёных гуркоў ці нават цыбулі. Але нічога: пад гарэлку дык нават і бананы пойдуць. Найгорай было тое, што капітан Ягораў крыху зарана ванітаваць пачаў. Сініцын да піяніна яго падвёў, накрыўку зверху інструменту адчыніў і кажа:
– Валіце, таварыш, у сярэдзіну, бо шкада падлогу забруджваць. А ў гэтым дурным інструменце месца досыць. Усё змесціцца.
Бачу я, што з другога боку піяніна Масляннікаў прыстасаваўся і таксама “налёты на Рыгу” робіць. Але я добра трымаўся і надалей гарэлку пад бананы сцёбаў. А потым пачуў, як Дубін паведаміў:
– Гэтыя бананы дык лепей за ўсё з алеем есці і цукрам. Але шкада што не маю.
Не здолеў ён таго дагаварыць, як капітан Ягораў ад піяніна адарваўся, да стала наблізіўся, адзін банан (яшчэ не пакроены) узяў і Дубіну ім у зубы як заедзе.
Читать дальше