— Паспрабуй i ты,— прапанаваў ён сыну.
Але ў Жыўка спачатку не пайшло. З-пад аджымніка адляталі то зусім дробныя, не да патрэбы, адшчэпікі, то расколіна закручвалася, i на пясок падалі нязграбныя дзюбастыя пласціны. З ночы яшчэ была няўпэўненая рука, а можа, i быў няўважлівы, бо ўсё зіркаў на затоку, дзе плёхала, разганяючы кругі па вадзе, рыба, у якой было самае ранішняе жыраванне.
— Не, ты мне так увесь крэмень папсуеш,— адабраў бацька аджымнік.
Бацька левай рукой прыціснуў жаўлак да кругляка, правай прыставіў да яго вастрак казулінага рога, упёр плячо ў рог i націснуў. Ад сіняватага крэменю адскочыў трохкутны адшчэп. Затым ён прымерыўся з другога боку — атрымалася доўгая пласцінка. Бацька працаваў не спяшаючыся, акуратна. I пад яго рукамі акруглы жаўлак са збітай вяршыняй паступова ператвараўся ў тонкі стажкаваты кавалак з гладкімі, быццам паліраванымі, гранямі.
Жывок збіраў пласцінкі i адшчэпы i складаў ix на кавалак бяросты.
— Адшчапі, тата, доўгую пласціну, i каб яна была выгнутая,— папрасіў ён.
— Навошта табе? Згубіў, можа, нож?
— Не. Але каб была, як серп.
Бацька выбраў большы жаўлак, скалоў з яго боку бялявую крэйдавую скарынку i пасля некалькіх спроб адшчапаў патрэбную пласціну. Жывок паклаў яе асобна.
— Хопіць паку ль што,— сказаў, разгінаючыся над кругляком, бацька i адклаў рог-аджымнік убок.
Крыху адпачыўшы, бацька з сынам узяліся за выраб саміх наканечнікаў. Яны шчыльна мацавалі ў трэшчынах кругляка пласцінкі i каменьчыкамі-рэтушорамі адколвалі ад краёў нарыхтовак маленькія лусачкі — рэтушавалі ix. Апрацаваўшы так адну бакавіну, браліся за супрацьлеглую. Потым абрабілі верхнія канцы, стараючыся, каб яны атрымаліся спічаста завостранымі. Знізу рабілі чаранкі-насады.
Паступова меншала гурбачка нарыхтовак, i наадварот — даўжэў на бяросце радок гатовых ліставатых наканечнікаў. Жывок таксама прынаравіўся да рэтушавання, i ў яго пачало атрымоўвацца мала горш, чым у бацькі. Да таго ж такой справай ён ужо займаўся не раз.
— Колькі ix там? — нарэшце запытаўся бацька.
Жывок узяўся пералічваць.
— Два дзесяткі i шэсць.
— Дык i хопіць,— падсумаваў бацька.— Дзесяткі тры ёсць яшчэ старых. А з гэтымі разам будзе на некалькі паляванняў. Каб кожная страла трапіла ў цэль, то, ого, колькі б займелі дзічыны! А зараз зробім колькі i баявых наканечнікаў. Могуць спатрэбіцца, бо прыбалотнікі пачынаюць заходзіць i ў нашу пушчу. Каб не пасунуліся яны i далей.
Жывок ведаў, што для баявых наканечнікаў падыходзяць трохкутныя адшчэпы. Доўгай i тонкай рэтушшу, якая робіцца адмысловым націскам рэтушора, трэба апрацаваць бакавіны, каб атрымаліся вострыя пільчастыя краі. Затым неабходна было ў падставе зрабіць глыбокую выемку, тады наканечнік набудзе трохкутна-шыпастую форму, як ліст павою.
Ліставатыя наканечнікі ўжываліся на паляванні. З забітай жывёліны такая страла лёгка выцягвалася, i яе можна было ўжыць зноў. Форма ж баявога наканечніка — калючая, куслівая. Вострыя шыпы ледзь не самі ўпіваюцца. Ранены выцягне з цела дрэўка, а наканечнік зачэпіцца шыпамі за мышцы i астанецца, вярэдзячы рану ўсё жыццё. I будзе мучыцца нябога — не павярнуцца рэзка, не пабегчы. Так мучаецца цяпер Жыўкоў дзядзька. Ды i ў бацькі на сцягне глыбокая рана, аброслая дзікім мясам — даставалі такі шыпасты наканечнік...
— Можаш ісці пагуляць,— праз нейкі час дазволіў бацька,— я тут i сам закончу.
— Я яшчэ паспрабую зрабіць серп,— i Жывок узяўся за вялікую пласціну.
Ён накрыў сваё калена кавалкам калянай скуры i рубам прыціснуў да яе пласціну. Затым лёгкімі ўдарамі каменнага яйкападобнага адбойніка пачаў сколваць з доўгіх бакавін невялікія адшчэпы. Стараўся, каб падчэска атрымоўвалася з абодвух плашчынь. Затым пачаў прытупляць краі рукаяткі.
Бацька краем вока часам пазіраў на сынавыя практыкаванні і, нарэшце, не вытрымаў, папытаўся:
— I каму ты так стараешся — маці, ці каторай сястры?
Жывок змоўчаў i толькі ніжэй нагнуў галаву. Бацька пра нешта быццам здагадаўся i цішком заўсміхаўся ў густую бараду.
— Дай зірнуць, што ў цябе атрымоўваецца... Нішто выходзіць, нішто. Толькі вось тут круглей трэба,— i сваім адбойнікам тамсям падправіў выгін ляза.
I так пайшло — сын шчыраваў над сярпом, а бацька час ад часу падпраўляў няўдалыя або недаведзеныя мясціны. Затым краі вырабу паверх сколаў апрацавалі буйной зубчастай рэтушшу, i серп атрымаўся на захапленне. Ляжаў на жыўковай далоні доўгі i выгнуты, як месячны маладзічок.
Читать дальше