Званіў тэлефон, я падымала трубку і чула аптымістычны заклік:
— Сустракаемся каля «Пацалунка Юды»! У пяць гадзін!
Колькі ўсяго напісана і нагаворана пра жаночае сяброўства! Помніцца, у адным савецкім дэтэктыве на гэтую тэму выказваецца ўладальніца прыватнай крамы капелюшоў. Маўляў, дваццаць год прадае капялюшы дамам, і ніводная жанчына не выбірала капялюшык без сяброўкі, і ніводная сяброўка не дала правільнай парады. А сур’ёзна? Калі ў жанчыны з’яўляецца сям’я — муж, дзеці, усе яе знаёмствы аўтаматычна адыходзяць (павінны адыходзіць) на другі план. Пэўна, тут дзейнічае інстынкт, які і робіць жанчыну захавальніцай і выратавальніцай чалавецтва. А вось мужчыны так любяць і пасля жаніцьбы падтрымліваць «сапраўдную мужчынскую дружбу» і даказваць верным сябрукам, што жонка яго не «акруціла» і не «ўзяла пад абцас», і ўвогуле ён — гаспадар свайго жыцця... І няхай «яна» хоць лопне са злосці са сваімі сумнымі хатнімі справамі, а рушыць святое не дамо! (А святое, між тым, і рушыцца...)
Я паступіла ў той інстытут, які хацела, у чужым вялікім горадзе. Антошку ў яе запаветны тэатральна-мастацкі не прынялі, і бацькі «паступілі» яе ў малацікавую навучальную ўстанову вытворчага профілю. Усё радзей я чула ў свае таксама нячастыя наезды звонкагалосыя запрашэнні сустрэцца, і спатканні ля Ге амаль перарваліся... Нарэшце я патэлефанавала Антошцы, каб запрасіць яе на сваё вяселле...
— Ведаеш,— прамовіла Антошка такім разгубленым і вінаватым голасам,— а я замужам... Ужо тыдзень... Тут такія абставіны... Не ведаю, ці атрымаецца прыйсці... Прабач.
Недзе праз паўгода Антошка пазваніла і коратка паведаміла, што нарадзіла сына, якога назвалі Вітаўтам, што жывуць яны то ў яе бацькоў, то ў бацькоў мужа — былога аднакурсніка. А калі адбывалася чарговае непаразуменне між старэйшым і малодшым пакаленнямі, і рэчы маладых аказваліся выстаўленымі на лесвічную пляцоўку, Антошка казала: «Пэўна, так трэба...» — і перадыслацыроўвалася са сваёй сям’ёй да тых бацькоў, якія выганялі іx мінулы раз. Мусіць, на адносіны пакаленняў уплывала і тая акалічнасць, што Антошка з мужам ніяк не маглі ўладкавацца на працу. Але самае галоўнае — яны ўдваіх іграюць у народным тэатры, і ў іx маса творчых планаў, і ўвогуле — жыццё цудоўнае! Сустрэнемся каля Ге!
Прайшло гады два. Антошка зycім знікла з майго жыцця. Раптам я ўбачыла яе ў адной выпадковай для мяне кампаніі, як я іx называю, «будыстаў-ёгістаў». З Антошкай быў яе муж, Хведар, як высветлілася, дакладная яе копія, толькі на паўметра вышэйшы. Абое «рыжыкі» з захоплена-ўзнёслымі тварамі пагойдваліся ў рытме медытатыўнай музыкі і спявалі мантры. Антошка пазнала мяне і зараз жа, прысеўшы на бакавіну майго фатэля, абрынула сваю «інфармацыю». Яны з Хведарам толькі цяпер знайшлі сэнс жыцця, пазнаёміліся з касмічнымі пacpэднікaмі і кожны вечар праводзяць сеансы сувязі з вышэйшым настаўнікам (як я зразумела, чамусьці з дапамогай звычайнай спірытычнай дошкі). Прычым гэты настаўнік загадаў усёй іхняй кампаніі неадкладна адпраўляцца на натуральнае жыццё ў сакральнае месца, каб выканаць касмічную Міcію. Месца, адведзенае для выканання Mіcіі, было на Алтаі.
— Мы ад’язджаем праз два тыдні! Будзем там жыць у намётах, вырошчваць сабе ежу і здабываць агонь! — захлыналася Антошка.— Федзя пачне пісаць вершы, Аксана, галоўная наша сувязная, складзе кнігу прадказанняў. Мы бяром з сабою музычныя інструменты, будзем сачыняць музыку! Дзеці паедуць з намі! Вітаўт наш вырасце гарманічным чалавекам!
Антошка шчабятала, а я з жахам глядзела на яе круглы жывоцік: месяцаў шэсць будзе, пэўна... Перахапіўшы мой позірк, Антошка жыццярадасна паведаміла, што яе Хведар чытае спецыяльную літаратуру, каб прыняць роды ў намёце...
Пра Ге і «Пацалунак Юды» я нават не рэкнула.
Недзе праз год Антошка аб’явілася зноў.
— Ну, з кім цябе віншаваць — хлопчык? Дзяўчынка?
— А, ведаеш, нічога не атрымалася... Пэўна, так трэба...
Голас крыху здрыгануўся, і зноў — інфармацыя, інфармацыя... Уладкаваліся ў прыватны лялечны тэатр, ездзяць па школах, дзіцячых садках... Антошка атрымала ролі Бабы Ягі і Лісічкі, усё цудоўна, толькі з лялькамі цяжка ўпраўляцца... Далей высветлілася, што жывуць пакуль на дачы сяброў — свякруха са свёкрам выгналі «прыпыленую» нявестку, а Антошкіны бацькі з такой жа насалодай спусцілі з лесвіцы «вальтанутага» зяця.
— Збіраемся ехаць жыць у вёску,— «парадавала» мяне Антошка.— Праўда, мы ніколі раней не жылі ў вёсцы, але я адчуваю, наша карма — працаваць на зямлі...
Читать дальше