– Чуў? – папытаў адразу.
– Чуў...
Эх, жыццё! Ну хіба ж яны, маткі, не могуць зразумець, што не дзеці ўжо хлопцы, а самыя што ні ёсць сапраўдныя партызаны. Так, так, партыза-ны: ні сёння-заўтра яны збіраюцца падацца ў атрад. Вось толькі трэба пранюхаць да іх дарогу, і ўся справа будзе ў капялюшы. Для гэтага ж і на вятрак шыбуюць. Цікава, ці прарвецца Сяргейка? Аднак яго так і не дачакаліся.
– Ну, што, пайшлі? – лыпнуў вачыма ў змроку Паўлік. – А то і дзеда праваронім, і Сяргея не дапільнуемся.
– Пайшлі...
Хлапчукі моўчкі падаліся да прыступак, крутых і рыпучых, што вялі да дзвярэй, з якіх цьмяна сачылася халоднае святло ад ліхтара, вылузвалася са шчылін – дошкі рассохліся, а самі дзверы скрывіліся, даўно не ведалі, што такое пазы, якія зрабіў для іх некалі цясляр. Стары ўжо вятрак, як і сам дзед Нупрэй.
Юраська нясмела пастукаў у дзверы. Пры-слухаліся. Шэпт, які даплываў з будынку, раптам прыціх, а голас дзеда Нупрэя, глухі і стрыманы, падбадзёрыў хлапчукоў:
– Заходзьце, не грыміце. Адамкнёна.
Дзверы прарыпелі, і хлапчукі адразу ж апыну-ліся за нізенькім парогам, стаялі на дошках, некалі раз і назаўсёды убеленых – як не наскрозь – пылам ад мукі, і пэўны час не маглі заўважыць млынара.
– Га-а, жэўжыкі! – выглянуў аднекуль з цемры дзед Нупрэй, падаўся насустрач сваім гасцям. – Чаго ж пасталі? Праходзьце, калі наважыліся да мяне. Праходзьце, праходзьце.
І дзед паказаў рукой, каб яны ішлі за ім. Там, у слаба асветленай бакоўцы – ліхтар, як заўсёды, стаяў пры ўваходзе – нехта кашлянуў. Кашаль падаўся знаёмым. Пазней ўбачылі: на табурэце, нібы пан, шырока разваліўшыся і ўзгруваздзіўшы на столік вялікі кулак, сядзеў Лявон Кончык. Канешне, хто ж яшчэ тут будзе. І сядзеў ён так, быццам знерухомеў, закамянеў, а ягоны кулак быў прыбіты да вечка стала цвіком.
– М-да, – нарэшце варухнуўся Лявон, прыцмокнуў языком, крутнуў галавой. – М-да... дзялы дзялішкі.
– Сядайце, хлопчыкі, на мяшочкі, – дзед Нупрэй ляпнуў па самаму пузатаму мяху, над ім ажно закурэй белы пыл. – От сюды. І ты, Паўлік, давай. Ці падсобіць табе?
– Сам...
– Сам дык сам. Што цікавае скажаце? – дзед Нупрэй навастрыў слых, хітравата абвёў позіркам гасцей.
Сябрукі перасмыкнулі плячыма, але трохі павесялелі, бо адчулі, што стары рады іх з’яўленню. Толькі не ведалі, што сказаць яму. А сапраўды – што? З чым яны прытупалі? З якімі навінамі? Няма навін. Не будзеш жа расказваць дзеду Нупрэю пра тое, аб чым ён і сам ведае. Ну, былі ў лесе, бачылі разбітыя грузавікі. Спытаць бы, чаго прыязджалі ў вёску немцы. А што ён, млынар, ведае? «Былі, былі немцы», – Юраська ўявіў, як скажа, апярэдзіўшы іх, зараз дзед Нупрэй. Скупа, хітра. Ці сам негаваркі Лявон Кончык. Пара і яму нешта выцадзіць. Таму і сядзелі, маўчалі. Аднак, як пераканаліся пазней, не заўсёды карысна лапатаць, іншы раз чаканне і сапраўды золата. Дзед Нупрэй прысеў да стала насупраць Лявона Кончыка, паглядзеў на хлапчукоў:
– Наш дзень настаў, малеча. Толькі пра вас пагаманілі, а вы тут як тут. Што значыць – лёгкія на ўспамін. Скажы, кум?
Лявон Кончык уцягнуў у рот шмат паветра, кіўнуў: было.
– Гаманілі? Пра нас? – не паверыў Паўлік. – Жартуеце? Што пра нас можна гаманіць? У вас, мусіць, і без нас клопату багата.
– Таму і ўспомнілі, што клопату багата, – пагадзіўся млынар. – Адным нам яго не адужаць. Зваліўся гэты клопат на нашы з вамі галовы, забрыкай яго каза, што снег улетку. І думай цяпер, кумекай, як пазбавіцца ад яго. Справа, браткі, важная, адказная дужа яна... Не думайце, што давяраем вам яе не падумаўшы, наскокам. Не. Раіліся, і доўга. Помніце сваё «чэснае піянерскае»?
– Карацей гавары, Нупрэй! – нецярпліва папрак-нуў таго Лявон Кончык. – Не муку ж мелеш. То важная справа. Хлеб таму што. А гаварыць можна і карацей...
Дзед Нупрэй пагадзіўся:
– Заўвагу прымаю. З Аляксеем Касцючэнкам у мяне дамова была. Калі што – паведамляць яму. Якім чынам, карціць ведаць? Не раблю тайны, бо цяпер вы не проста хлопцы басаногія і хатаўнянскія басурманы, а партызанскія сувязныя, і мы на вас ускладваем вялікія, прама скажу, планы. Як на верных памагатых. Цяпер мы без вас – як вятрак мой без ветру... Слухайце сюды, хлопцы... За Жавіннікам, дзе бярэ дарога на Каменку, стаяць тры сасны. Старыя, касматыя, з траха голымі каранямі. Вядома, на ўзвышшы, вецер ліжа з усіх бакоў...
– Як стары костку, – падказаў Лявон Кончык і ўсміхнуўся сам сабе.
Відаць, успомніў пра вячэру.
– Бачылі? – папытаў пра сосны дзед Нупрэй.
– Паўз іх на луг ездзілі, – кіўнуў Юраська.
Читать дальше