Шануючы Рыгораву ўвагу, Кастусь калі-нікалі гатаваў чай асабіста дзеля яго, падсоўваючы пад краты свой парцалянавы кубачак на круглай драўлянай падстаўцы. Рыгор гарбату ня піў, але дзеля ветлівасьці браў кубак, нюхаў з сур'ёзным выглядам, а калі Кастусь адварочваўся і адыходзіў, ціха зьліваў яго пад лесьвіцу. Дзьверы-краты, што разьдзялялі іх, мелі даволі дробныя вочкі, празь якія Рыгорава далонь не працісківалася, і замыкаліся на вялізарны замок, з дужкамі яшчэ таўсьцейшымі за дрот кратаў. Мабыць, менавіта таму Кастусь паводзіў сябе цалкам рахмана, не баючыся ніякіх выбрыкаў з боку зьняволенага. Гэты ягоны спакой быў для Рыгора лепшым довадам немажлівасьці ўцёкаў, але ўсё ж такі часам ён пачынаў уважліва аглядаць сваю камору, шукаючы хоць найменшую зачэпку. Але дарэмна – кожны раз ён прыходзіў у роспач, сядаў на каменныя прыступкі і са злоснай усьмешкай успамінаў першае знаёмства зь вязьніцай і тагачасную наіўную ўпэўненасьць у хуткіх уцёках.
Калі маўклівы спэцназавец адканваяваў Рыгора ў музэй Вялікае Айчыннае вайны, упіхнуў у паўсклепавы лесьвічны пралёт і зачыніў за ім краты, недарэчнасьць сытуацыі спачатку насьмяшыла яго, а потым напалохала. Калі ў бяскрыўдным на першы погляд музэі зьмяшчаецца вязьніца, дык чаму б не чакаць небясьпекі і з боку іншых звыклых зьяў? Аднак, у хуткім часе ўсё патлумачылася даволі проста: наглядар Кастусь, акрамя гарбаты, захапляўся ваеннай гісторыяй і, ня маючы часу рэгулярна адлучвацца з Валадаркі ў музэй, падаў прашэньне на ўладкаваньне філіялу вязьніцы беспасярэдне ў музэйным будынку. Бо злачынстваў у горадзе не зьдзяйснялася, і зьняволеных не вадзілася, міністэрства прашэньне ўхваліла, і Кастусь асабіста пераабсталяваў пад турэмную камору левы лесьвічны пралёт, які раней вёў да гардэроба. Правая лесьвіца засталася ў вольным доступе наведвальнікам музея. Наведвальнікі, дарэчы, зьяўляліся ненашмат часьцей за вязьняў, але ўсёткі часам здараліся, і, убачыўшы іх у вакно, Кастусь захінаў на кратах каморы сьціплую шэрую запавесачку.
Сам Кастусь месьціўся ў былой білетнай касе, якая пуставала пасьля Ўказу аб дармовасьці культуры і мастацтваў. Там у яго стаялі стол з электрапліткай, стэляжы з кнігамі і цьвёрды драўляны фатэль, які забясьпечваў доступ да верхніх палічак. Паміж уваходам у музэй і білетным катухом стаяў ложак, на якім Кастусь чытаў і зь якога назіраў за каморай.
Такім парадкам, ува ўладаньні Рыгора былі дзьве лесьвічныя пляцоўкі, ніжэйшая паболей, з ложкам, вышэйшая паменей, але з вакном, і дзьве лесьвіцы. Вакно, таксама забранае надзейнымі кратамі, выходзіла на рог Дома прафсаюзаў, правей якога быў відаць праспэкт, а за ім празь лістоту дрэў Аляксандраўскага сквэра праглядалася Рэзідэнцыя. Рыгор падоўгу бавіўся ля вакна, узіраючыся ў рэдкіх мінакоў на праспэкце – у надзеі ўбачыць Юрася, які б выходзіў з Рэзідэнцыі. Ён разумеў, што нават заўважыўшы каго знаёмага, падаць знак было б немажліва, але ўсё роўна стаяў і глядзеў, зьнемагаючы зь нечыненьня.
Ля вакна зьмяшчалася вялікая драўляная шафа з ваеннымі мэмуарамі і фанэравы столец. Шафа была ідэяй Кастуся, ён спадзяваўся на дыдактычную ролю ваенна-патрыятычнай літаратуры ў перавыхаваньні вязьня. Але Рыгор ня здолеў прачытаць ані паўкніжкі, хоць сапраўды спрабаваў пару разоў. Адолеўшы старонку-другую, ён губляў думку, забываў, пра што йшла гаворка спачатку, і з прыкрасьцю запіхваў кніжку пад ложак. Убачыўшы гэта, Кастусь хмурыўся і загадваў Рыгору паставіць кнігу назад у шафу, на тое ж месца, дзе яна стаяла. Ён лічыў даручаную яму вязьніцу камфартовай, утульнай і наогул узорна-паказальнай, і строгі парадак у ёй быў абавязковы.
Патрабаваньне паставіць кнігу ў шафу было для Рыгора добрай падставай выказаць незадаволенасьць турэмнымі ўмовамі. Першае, ён пакутваў без хады, да якой прывык і безь якой адчуваў у целе непрыемны застой. У першыя дні ён нават буяніў, трос краты і дамагаўся прагулкі, але Кастусь слушна заўважаў, што калі Рыгора вывесьці на шпацыр, дык ён абавязкова ўцячэ, а дагнаць яго Кастусь ня зможа, гады ня тыя. Рыгор даваў урачыстыя абяцанкі і палкія прысягі, але наглядар на’т чуць анічога пра гэта не хацеў, а ў кару за някемлівасьць захінаў краты запавесай. Другое, дужа бракавала ежы і піва, якія Кастусь таксама наадрэз адмаўляўся прадастаўляць Рыгору, матывуючы тым, што тутака вязьніца, а не рэстарацыя, і вязьні церпяць кару, а не дагаджаюць страўніку. І яшчэ: калі Кастусь адыдзе ў краму, дык Рыгор можа нешта напаскудзіць, ён жа крымінальнік. Вось каб быў Рыгор добранадзейны, законлівы грамадзянін, тады б іншая справа. Трэцяе, Рыгор быў пазбаўлены лазьні, і, крадком нюхаючы свае падпахі, прыходзіў у роспач і пачынаў палохаць Кастуся вошамі і заразнымі скуранымі хваробамі. Апошняе мела некаторы посьпех: дзеля падтрыманьня гігіены Кастусь падсунуў Рыгору пад краты зялёны плястмасавы таз і штодня мяняў у ім ваду. Чацьвёртае, не было музыкі. На пытаньне Рыгора пра радыё Кастусь адказваў, што адмысловым указам міністра прайграньне песень у грамадскіх месцах забароненае. «Глупства якое! Міністар сам сьпявае ў Опэры, хіба вы ня ведалі?» – зьдзівіўся Рыгор, але Кастусь паціснуў плячыма і сказаў, што ён на службе і абавязаны выконваць загады.
Читать дальше