– Кастусь! На колькі мяне пасадзілі? – спытаў ён няварта нясьмелым голасам.
– Будзеш сядзець, пакуль ня выправісься! – павучальна адказаў Кастусь.
Ён падыйшоў да свайго стала і пстрыкнуў уключальнікам электрапліткі, зьбіраючыся гатаваць гарбату. Рыгор пачуў знаёмае цурчаньне вады, шыпеньне кроплі, што патрапіла на распаленую фаерку, лёгкі сухой шолах чаінак у парцэляне. Потым Кастусь выйшаў са свойго катуха з алюміневым кубкам у руках і паглядзеў на Рыгора, які панура стаяў ля кратаў.
– Дарэчы! Калі скажаш, дзе шукаць твайго саўдзельніка, Лявона, што ў сіняй шапцы быў, гэта табе залічыцца! Памяркуй. А лісты твае я перадаў.
Наконт лістоў Кастусь не падмануў, і праз пару дзён Рыгора пачалі наведваць. Першым зьявіўся тата зь дзьвюма вялізнымі торбамі і заплечнікам, нагружанымі харчаваньнем.
– Рыгору! Рыгору! Ат, калі б я ведаў, што ты тутака! – тата вохаў, смаркаўся і трос галавой. Ён наблізіўся ўсутыч да кратаў і схапіўся за іх абедзьвюма рукамі, фалангі ягоных вялізарных пальцаў загнуліся ўнутар вочак. – Што я перажыў безь цябе! Роспач, сапраўдную роспач, ізмрок і адзіноту. Калі б я толькі ведаў, што ты тут...
Каб схаваць сьлёзы, ён нахіліўся і паспрабаваў прасунуць прынесеныя торбы пад краты, але шчыліна была занадта вузкая, і адна зь іх парвалася, выявіўшы пакунак чакалядных пернікаў. Тата з крэкамі прысеў на кукішкі і пачаў разладоўваць торбы ды падсоўваць іхнае зьмесьціва ў камору. Рыгор, які спачатку вінавата апусьціў галаву, убачыўшы ежу, ажывіўся і радасна браў і перакладаў татавы гасьцінцы да кніжнае шафы. Сухары з ванільлю, сухары з разынкамі, сухарыкі зь перцам, аўсянае печыва, чыпсы, снэкі, мятнае дражэ, тры бляшанкі згушчонкі, ружовы зэфір, колькі буйных чакалядак і вялікі пакунак з разважнымі вафлямі – і гэта толькі першая торба. Другая торба зьмяшчала прадукты, якія, паводле тлумачэньня таты, трэба было зьесьці ў першую чаргу: плястыкавыя кантэйнэры з чымсьці яшчэ цёплым, два літровыя шкляныя слоікі з супам, сьмятана, масла, сыр і скрынка зь пірожнымі. Адно зь пірожных Рыгор адразу ж адправіў у рот, пасьля чаго адкаркаваў слоік з супам і з захапленьнем панюхаў. Гэта быў гарохавы, ягоны ўлюбёны. Тата падаў яму праз краты лыжку і відэлец, загорнутыя ў стос жоўтых сурвэтак.
Сеўшы на столец, ссунуўшы калені і паставіўшы на іх слоік з супам, Рыгор з асалодай еў. Гэта было сапраўднае, паўнавартаснае шчасьце. Ён адчуваў, як суп праліваецца па страваводзе ўніз, у жывот, напаўняючы яго чароўным мяккім цяжарам. Тата глядзеў на яго вільготнымі з замілаваньня вачыма, а потым зьняў са сьпіны заплечнік і пачаў даставаць зь яго піва «Сябар», бутэльку за бутэлькай. З узьнясеньня і ўдзячнасьці Рыгору захацелася расцалаваць мясісты татаў твар. Ён хутка і асьцярожна браў кожную бутэльку з рук у рукі, стараючыся не закрануць шклом ні падлогі, ні кратаў, каб не зазьвінець – Кастусь працягваў чытаць тварам да сьцяны – і ставіў іх на ніжнюю паліцу кніжнае шафы, паціснуўшы ваенных гісторыкаў.
Тата паабяцаў прыходзіць дзень празь дзень і прапанаваў Рыгору скласьці сьпіс патрэбных рэчаў. Рыгор папрасіў прынесьці яшчэ піва, кніжак, дыскаў і магнітолу. Ён пачаў тлумачыць, як знайсьці магнітолу, што мусіла захоўвацца ў вітальні на антрэсолях. У гэты момант рыпнуў ложак, і да іх падыйшоў Кастусь. Рыгор схаваў піва за сьпіну. Кастусь, выявілася, добра чуў усю іхнюю размову. Ён сказаў, каб яны і думаць забыліся пра музыку.
– Тутака вам не дыскатэка, а вязьніца! У разе парушэньня рэжыму наведваньня будуць забароненыя. А наведвальнікі будуць пакараныя за кантрабанду, – ён хмурна паглядзеў на тату, і той зазьбіраўся дадому.
Пасьля сытнага абеду жыцьцё зноў набыла паўнату, радасьць і шчасьце. Глядзець у вакно ўжо не хацелася, і Рыгор лёг на ложак, залетуцеў пра хуткую волю. Рабаваньне зноў здалося яму ня змрочнай абмылай, а пацешным непаразуменьнем, і ён падумаў, што, апынуўшыся на волі, будзе сьмешна і прыемна ўспамінаць пра месяц адсідкі. З задавальненьнем ён смакаваў у памяці ўсе падрабязнасьці налёту на банк, кожны крок і кожнае слова, сказанае ім і Лявонам адзін аднаму. Як асьвятліўся Лявонаў твар, калі ён узяў у рукі сапраўдную зброю! Упершыню за ўвесь час, што прайшоў пасьля рабаваньня, Рыгора наведала цёплае пачуцьцё да Лявона, ужо бадай забытае. «Ці памятае ён пра мяне? Ці здабыў ровар, пра які марыў? А як мы страцілі надзею, калі банк стаўся зачынены!» – Рыгор шчасьліва ўсьміхаўся на свае думкі.
І раптам адна падрабязнасьць уразіла яго! Побач з уваходам у цакалёвы паверх банку... Так, цалкам дакладна: побач з уваходам у Апэрацыйную залю была аўтастаянка! Ярка-жоўтыя інкасатарскія аўтобусы! Сэрца Рыгора забілася. «Ня можа быць! Гэтага ня можа быць! Але я так выразна іх памятаю – стаянка, аўтобусік, зялёны плот з мэталічных дубцоў вакол, – ён сеў на ложку. – І чаму я раней пра гэта не ўзгадаў? Дык што ж, значыць, аўтамабілі існуюць? Можа... і жанчыны?» Двума вялікімі крокамі ён падскочыў да вакна і ўтаропіўся ў праспэкт. Прайшло пару хвіляў, але ніякага руху там не было, як і раней. Толькі пагойдваліся на ветры галіны дрэў Аляксандраўскага сквэру.
Читать дальше