– Пятрусь, я вам веру. Але пакінем экспэрымэнты на потым. Раскажыце мне, як гэта зрабіць. Што за сьпеўнае празарэньне? Не хачу губляць ні хвіліны!
– Лявоне! Прашу вас дзеля прагрэсу: не празарайцеся яшчэ трошачкі. Патрывайце! Усё, усё прыйдзе, не сумнявайцеся. Давайце правядзем маленькае, хе-хе, экспэраня наўпрост зараз? Я вам задавацьму пытаньні, а вы адказвайце; пажадана не задумвацца. Скажыце, Лявон, ці бывалі вы калісь у іншай краіне?
Але Лявон спыніў яго, падняўшы руку далоньню наперад. Ягоны твар прыняў цьвёрды і нават напышлівы выраз, даволі сьмешны ў спалучэньні з распухлым чырвоным носам.
– Пятрусь, аніякіх экспэраня. Гэта вельмі зьневажальна – чагосьці ня ведаць і быць у дурнях. Прашу вас патлумачыць мне, як празарыцца далей. Інакш я сыходжу адразу ж, – ён зрабіў рух, быццам намасьціўся ўстаць.
– Што вы, што вы, даражэнькі калега! – Пятрусь заспакаяльна падаў руку ў бок Лявона. – Вашае жаданьне ў вышэйшай ступені законнае і значыць для мяне больш хоць за якія навуковыя мэты і задачы. Хай будзе так, як вы хочаце. Упэўнены, што мы ўдваіх неўзабаве знойдзем новых людзей экспэрымэнтавацца!
– Я вам сябра прывяду, зь якім мы разам застудзіліся, – паабяцаў Лявон, адчуваючы патрэбу згладзіць катэгарычнасьць свайго патрабаваньня.
– Сябра? Выдатна! Лепшага нельга і жадаць, – твар Пятруся рабіўся ўсё больш радасным, ён сашчапіў пальцы і патрос імі перад грудзьмі. – Я так за вас рады, Лявоне! Уяўляю сябе на вашым месцы зараз, – ён шчасьліва ўздыхнуў і паківаў галавой. – Такім ходам, усё, што вам трэба – гэта ўважліва слухаць песьні, якія зараз гучаць. Адсюль і тэрмін – «сьпеўнае празарэньне». Паспрабуйце не адцягвацца ні на што. Давайце сюды кнігу, прачытаеце яе пазьней. Зараз глянем, колькі хвілін засталося на касэце...
Пятрусь нагнуўся, пстрыкнуў чымсьці пад сталом, і музыка перапынілася. Мабыць, там у яго знаходзіўся магнітафон, гук ад якога перадаваўся ў рэпрадуктар. Лявон адчуў палёгку з насталай цішыні. Мяккі шум ветру, які павольна зьмяняў інтэнсыўнасьць і танальнасьць, ужо зусім не перашкаджаў яму. «Якая яна грубая і прымітыўная – музыка людзей, – падумаў ён. – Што можа параўнацца са звычайным шумам ветру?»
Тым часам Пятрусь падняў касэту, паглядзеў на прасьвет, павярнуўшыся да вакна, а потым ізноў сунуў яе ў магнітафон. Пачуўся шолах перамоткі, пару пстрычак і шыпеньне плёнкі перад пачаткам музыкі.
– Вельмі значна слухаць уважліва! Я вярнуся празь пятнаццаць хвілін.
Пятрусь узяў з паліцы сваю міску і пайшоў з пакоя. Лявон, якому карцела хутчэй празарыцца, з усіх сілаў засяродзіўся. Прагучала колькі фартэпіянавых акордаў – Пятрусь відавочна зрабіў гук яшчэ мацней – а за імі ўсё той жа сумны мужчынскі голас шчыра засьпяваў:
Несказанное, синее, нежное…
Тих мой край после бурь, после гроз,
И душа, словно поле безбрежное,
Дышит запахом мёда и роз.
З прыгажосьці слоў Лявону перахапіла дух, і на вочы навярнуліся сьлёзы. «Цуд! – думаў ён, сморкаючыся ў рушнік. – Гэта абавязкова павінен пачуць Янка! Вось яна, вяршыня паэзіі». Лявон паслабіўся, забыўшы пра ўсякае празарэньне. Ён заплюшчыў вочы і ўявіў бязьмежнае поле, вільготнае і цёплае паветра пасьля навальніцы, пах мёду і руж, што даносіўся аднекуль здалёк. На наступных куплетах ён ужо не засяроджваўся. У бязьмежным поле яму нарэшце зноў зьявілася хутаранка, яна сьмяялася і працягвала да яго прыгожыя голыя рукі. Ён, расплываючыся ўсьмешкай, пайшоў да яе насустрач, усё хутчэй і хутчэй, і з кожным крокам ідэя жанчыны рабілася яму ўсё больш зразумелая.
Лявон прачнуўся праз тое, што Пятрусь церабіў яго за рукаў. Пятрусь прымудрыўся адначасна сьмяяцца і хмурыцца, таму было не зусім зразумела, скардзіцца ён ці задаволены.
– Як у вас атрымалася заснуць, Лявон? Пры такім высокім узроўні шуму? Вы ня выспаліся ўночы?
Лявон праціраў вочы і пазяхаў. Ён успомніў, дзе сядзіць, успомніў новага знаёмага і раптам усьвядоміў, што цалкам і канчальна шчасьлівы. Паветра было дзіўна сьвежае і прыемнае на смак, рэчы вакол выпукліся і наблізіліся, іхны колер зрабіўся ярчэйшы і сакавіцейшы, быццам за час існу іх начыста вымылі. Зялёныя вочы Пятруся, які схіліўся над ім, глядзелі нагэтулькі ўважліва і з такой дабрынёй, што раней гэта б зьбянтэжыла Лявона, прымусіўшы думаць пра сваю нягожасьць, але зараз ён толькі адкрыта ўсьміхнуўся ў адказ.
– Як настрой? Што адчуваеце? Апавядзіце падрабязна, – дапытваўся Пятрусь.
Лявон адказваў, што пачуваецца як ніколі добра. Ён багата высмаркаўся, і нават гэта даставіла яму вялікае задавальненьне. Ён успомніў, як рэзка гаварыў зь Пятрусем, і пачаў выбачацца, але Пятрусь перапыніў яго:
Читать дальше