Праваруч, за нізкай кованай агароджай, зелянеў парк з акуратнымі дарожкамі, фігурнымі ліхтарамі, невялікім вадаёмам… але блізкасьць мэты надала Лявону сілаў. Лявон адчуваў адначасна душэўны ўздым і нясьмеласьць; з хваляваньня ён так часта ўціраў нос, што нават не хаваў рушніка ў заплечнік і нёс яго ў руцэ. Па меры набліжэньня бібліятэка губляла цэльнасьць, распадалася на часткі – вокны, сьцены, лесьвіцы, мэтал, шкло – і ператваралася ў проста вялікую пабудову. «Хай бы яна сталася таксама зачыненая. Унутры яна пэўна горай, чымся звонку. Лепш не расчароўвацца».
Перад самым уваходам, ужо амаль ступіўшы на лесьвіцу, Лявон раптам успомніў, што на ім дагэтуль надзеты жаночы сарафан. Ён адступіў убок, пасьпешліва сьцягнуў яго праз галаву і дастаў з заплечніка кашулю, катастрафова ўмятую. Сарафан не зьмяшчаўся ў заплечнік; ён мусіў дастаць пакунак соку, у якім яшчэ заставалася бадай палова, і асушыць яго.
6. Як Рыгор хадзіў слухаць опэру
Першае міністрава заданьне Рыгор зладзіў хутка. Ён так захапіўся ідэяй сацыяльнага і эканамічнага разьвіцьця горада, што пасьля размовы ў Рэзідэнцыі паўночы прасядзеў на кухні, мяркуючы, як угаварыць ці прымусіць мяне вярнуцца на тэлефонную станцыю. Наўрад ці атрымаецца захапіць ідэямі агульнага дабра здаровага чалавека, а значыць, трэба прапанаваць яму ўласную карысьць. Але якую? «Піліп любіць агарод, дэтэктывы і старыя магнітафоны. Агарод – не праблема, яго можна ўладкаваць ува ўсякім месцы. Дэтэктывы чытаць і пісаць – таксама не праблема: канапа, стол і крэсла. Але вось як быць з магнітафонамі?» Пасьля абкручваньня ў халодную мокрую прасьціну было вельмі прыемна курыць у фортку і пакрысе грэцца. Рыгор выпускаў дым у цёмна-сіняе паветра і ўяўляў, як добра стане жыць, калі тэлефоны зноў запрацуюць. Можна будзе нарэшце патэлефанаваць таце дый папрасіць прабачэньня за свой сыход, хай і незваротны. Напісаць яму ліст Рыгор усё ніяк ня мог наважыцца.
Пасьля трох абкручваньняў Рыгор спыніўся на тым, што прапануе мне асабістую дапамогу ў пераносе магнітафонаў з радзільні на тэлефонную станцыю. «Дамоўлюся на адзін бабіньнік штотыдзень, яму стане. Возьму з сабой пару бутэлек джыну і віскі ў падарунак, глядзіш і спадабаецца». Раскрыўшы свой неверагодны халадзільнік, Рыгор пачаў быў падбіраць пару бутэлек пахупавей, але раптам успомніў словы міністра пра тое, што кожны чалавек п'е толькі адзін, свой напой. Рыгор вылаяўся з прыкрасьці і ляпнуў дзьверцамі халадзільніка, але ніякага іншага прэзэнту, акрамя алькаголю, прыдумаць не ўдавалася. «Ён жа сьпірт піў! Дакладна памятаю. Дзе я яму цяперака сьпірт здабуду?» – нявесела цяміў Рыгор, вярнуўшыся да халадзільніка і перабіраючы бутэлькавыя паклады. Нарэшце ён спыніўся на абсэньце, бо ягоная моцнасьць была найбліжэйшая да сьпірту. «Зялёны нейкі... Ну нічога, затое бутэлька харошая, зь цісьненьнем».
Наступнай раніцай а восьмай Рыгор ужо ўваходзіў у вестыбюль радзільні з паласатай гаспадарчай торбай у руках. Ён спыніўся ля ўваходу, пачакаў, пакуль паветраны арганец адыграе сваю мэлёдыю, і паклікаў: Піліпу! Ніхто не адгукаўся. Рыгор зайшоў у рэгістратуру, адзначыўшы, што на стале стаіць ужо іншы магнітафон, і зазірнуў у кабінэт папярэдняга агляду. У кабінэце было таксама пуста, але ад крана мыйкі цягнуўся чорны гумовы шлянг і высоўваўся ў фортку. «Ага, значыць, у агародзе корпаецца». Рыгор выглянуў у вакно, і адразу ўбачыў мяне – я стаяў непадалёк і паліваў са шлянга градкі, заціскаючы дзірку пальцам, з чаго струмень вады драбніўся на тонкія даўгія цуркі, якія даляталі да зямлі ўжо асобнымі кроплямі. Я адразу заўважыў Рыгора і прывітаў яго вольнай рукой. Рыгор крыкнуў, што ў яго ёсьць сур'ёзная размова.
– Размова? Ды яшчэ сур'ёзная? А я ўжо думаў, ты засумаваў па натуральнай гародніне! Памятаеш, які абед мы закацілі? Колькі гэта часу прайшло, два тыдні, – я сунуў канец шлянга ў бляшаную бочку, што стаяла ля дзьвярэй задняга ходу, і выцер рукі аб фартух. – Пачакай у хаце, я зараз прыйду, трэба ваду закруціць.
Зьявіўшыся ў кабінэце, я закруціў вентыль, адлучыў шлянг ад крана і паклаў яго ў зялёнае эмаляванае вядро, каб не нацякло. Рыгор прысеў на белую кушэтку, абцягнутую поліэтыленавай плёнкай, паставіў на падлогу паміж ног торбу і дастаў зь яе дзьве зялёныя бутэлькі. Я наблізіўся, узяў і зь цікавасьцю разгледзеў кожную, спрабуючы прачытаць дробныя замежныя літары на этыкетках і водзячы пальцам па шклянаму цісьненьню. Пра сябе Рыгор таксама не забыў: ён адкаркаваў бутэльку «Сябра» і са смакам адпіў колькі глыткоў.
Читать дальше