Уваход у Акадэмію навук, тры аднолькавыя блокі дзьвярэй у чорна-мармуровым абрамленьні, навёў Лявона на думку пра тры шляхі пазнаньня, але ён адклаў разважаньні на потым і наблізіўся да цэнтральнага блоку. На левай створцы дзьвярэй вісеў сьвежы алоўкавы фотаробат, ужо знаёмы Лявону. Лявон разгледзеў яго падрабязней. Па вольнасьці мастака абодва рабаўніка былі ўпрыгожаныя змрочным шчаціньнем на падбародку (мабыць, неадымным атрыбутам злачынца) і зялёнымі вачыма, быццам крыху зьдзіўленымі. У правым ніжнім куце малюнка аўтар каліграфова расьпісаўся «Антось» і дадаў да мяккага знаку вытачаны росчырк.
Праваруч вісеў стары аркуш з аблезлым паведамленьнем: «Акадэмія навук пераехала ў Нацыянальную бібліятэку. Направа, 30 хвілін». Хоць Лявон і чакаў няўдачу ў той ці іншай форме, сыходзіць ані з чым усе роўна было крыўдна. У задуменьні Лявон падняў галаву да неба і ўбачыў там спачатку цёмную кропку далёкай птушкі, а потым, адразу па-над калянадай, бледны месяц, які заўсёды зьдзіўляў яго сваімі зьяўленьнямі ў сьветлы час. Мяркуючы па колеру нябёсаў і адценьню сонечнага сьвятла сьцяне Акадэміі, было каля шасьці вечара, і працоўны дзень няўмольна канчаўся. «Пайду ўсё роўна. На’т калі не пасьпею. Хоць пагляджу на бібліятэку і даведаюся пра расклад. Раптам яна таксама не працуе ці пераехала кудысьці?»
Фотаробаты Лявона і Рыгора былі налепленыя на ўсіх афішных тумбах, якіх багата стаяла ўздоўж гэтае часткі праспэкту. Лявона зьдзівіла стараннасьць і працаздольнасьць мастака, які выканаў столькі копій, хай і нескладаных. Ён падыходзіў да кожнае тумбы і разглядаў фотаробаты ў пошуках адрозьненьняў, але ўсе яны былі бадай аднолькавыя, за выняткам дробных алоўкавых штрыхоў, якія дзе-нідзе выбіваліся за абрыс малюнка. Акрамя фотаробатаў, на некаторых тумбах вісела чорна-белая тэатральная афіша з буйнымі літарамі «Лятучы Галандзец», з ужо пратэрмінаванай датай. «Рыгору было б цікава. Вось толькі дзе ён цяпер, што зь ім?»
На павароце праспэкту, крыху не даходзячы да батанічнага саду, Лявон убачыў на гарызоньце, па-над дрэвамі, далёкую сьпіну вялізарнае цёмна-шэрае будыніны, і адразу зразумеў, што гэта бібліятэка. Раней Лявон чуў пра яе, але на свае вочы ня бачыў аніколі і ўяўляў, што яна значна менш. Зараз, зразумеўшы ейныя рэальныя памеры, ён уразіўся і ўсхваляваўся. Мусіў спыніцца і высмаркацца. Калі ён мінуў уваход у батанічны сад, сьпіна бібліятэкі схавалася за дрэвамі.
Праходзячы паўз парку Чалюскінцаў, Лявон бачыў людзей, якія павольна шпацырылі з другога боку праспэкта, мабыць яны адпрацавалі зьмену на заводзе «Луч» і вярталіся дадому. Гадзіньнік на квадратнай вежы завода паказваў палову на сёмую. Сама час выбірацца на дах з прахалодным пакункам соку і трохі падрамаць, рыхтуючыся да назіраньня за заходам... Праваруч, у цені вялізных паркавых дрэў, былі відаць прывабныя лаўкі, адпачыць на якіх таксама было б вельмі прыемна. Каб не спакусіцца збочыць да іх, Лявон выйшаў на сярэдзіну праспэкта, спадзяючыся зноў убачыць адтуль бібліятэку. Бібліятэка сапраўды зьявілася, але Лявон заўважыў, што людзі спыняюцца і пазіраюць на яго. Аблаяўшы сябе за неасьцярожнасьць, праз якую ён рызыкаваў прыцягнуць увагу і быць пазнаным, Лявон вярнуўся на ходнік і паскорыў крок.
Неўзабаве праплылі міма шэрыя, старыя цагляныя дамы, потым абсэрваторыя з двума чырвонымі шарамі незразумелага прызначэньня. Адкрыўся від на аўтавакзал, з цэнтральнай вежай, падобнай да вежы гадзіньнікавага завода, што засталася ззаду. Ад вежы спускаўся данізу веер тросаў, якія падтрымвалі кругавы дах, а на ўваходзе было нешта напісанае залатымі літарамі, нябачнае адсюль. У іншых абставінах Лявон абавязкова б разгледзеў дзіўную пабудову паблізу, але зараз, чакаючы зьяўленьня бібліятэкі, ён толькі мелькам зірнуў у той бок. Месца наперадзе, дзе мусіла зьявіцца бібліятэка, засланяў невялікі таполевы гаёк, і ў прасьветах галін часам мільгала нешта невыразнае.
Яшчэ пару дзясяткаў крокаў, і гаёк застаўся збоку, адкрыўшы вялізарную прастору, абкрэсьленую па гарызонту паласой лесу. У цэнтры прасторы ўпэўнена і ўладна высілася бібліятэка. Ейная змрочная грамада захапіла Лявона, напомніўшы ядравы рэактар з малюнка ў адным з часопісаў. Ён запаволіў крок. Здавалася, што бібліятэка, пры ўсёй сваёй нерухомасьці і ўстойлівасьці, жыве напружаным унутраным жыцьцём. «Можа, гэтае адчуваньне выклікае ейная форма? Гіганцкі камень, які ляжыць у часовай раўнавазе, але гатовы пакаціцца праз вонкавы штуршок ці ў выніку ўнутраных працэсаў? Так! Патэнцыйная мажлівасьць руху і дзеяньня. Патэнцыйная энэргія», – разважаў Лявон.
Читать дальше