– Вось. Бач, ванна, – ён прамяніў радасную ўсьмешку. – Застанешся ў нас?
– Дзякуй, братка, але не магу. І за піва таксама дзякуй. Мне пара йсьці.
Рыгор накіраваўся да дзьвярэй, бы запыняцца тут не хацелася. Кватэра яго расчаравала, а хлопцы выклікалі неспакой.
– Пачакай, – з пакоя зьявіўся Казік з кампакт-дыскам у руцэ. – Застанься яшчэ ненадоўга. Я адразу не заўважыў, што ты нешчасьлівы. Мы табе дапаможам. Пачакай жа! Вазьмі хоць бы дыск, у падарунак! Выдатная музыка! Дома паслухаеш.
Як раз у гэты момант на Рыгора наваліўся кашаль, і ён палічыў гэта за падставу не турбавацца пра ветлівасьць. Ён сунуў дыск у кішэню, самастойна адчыніў замок, выйшаў на пляцоўку і, махнуўшы рукою сябрам, хляпнуў дзьвярыма. «Вось паўдуркі», – думаў ён, зьбягаючы лесьвіцай уніз.
Рэшту тыдню Рыгор правёў у пошуках падыходнае хаты. Ён прыдабыў жалезны лом з выгнутым падвоеным кляўцом, які дазваляў яму лёгка выкрываць большую частку зачыненых пад'ездаў і дзьвярэй. Каб насіць лом, не займаючы рук, Рыгор прывязаў да яго скураны пас са старога фотаздымача, знойдзенага ў адной з кватэр, і закідваў яго за плячо, нібы стрэльбу ці лук. Звычайна Рыгор узьдзіраўся ў дом, які падабаўся яму знадворку, і абсьледаваў колькі выпадковых кватэраў, аддаючы перавагу другім паверхам. Першы паверх здаваўся яму няварта нізкім, а занадта высока паднімацца не было сілаў. Зрэшты, застуда патроху адыходзіла, ён кірхаў усё слабей і слабей.
Больш за другія яму спадабалася хата ў адным з дамоў па вуліцы Захарава, непадалёк ад плошчы Перамогі. Першае, яго ўзрадавала суседзтва дома з хлебнай крамай на рагу, дзе можна было заўсёды купіць найсьвяжэйшыя пірожныя, тарты ці на благі канец гарачы хлеб – як чорны, так і белы. Другое, у хаце была вада. Трэцяе, вялізарны дзьвюхдзьверавы халадзільнік «Атлант» у вітальні зьмяшчаў у сабе дзіўную колькасьць алькаголю: бутэлек было да тога шмат, што яны не стаялі, а ляжалі ўстос. З усьмешкай дзіця, што патрапіла ў краму цацак, Рыгор ашчэдна вымаў і разглядаў бутэлькі адну за другой. Стваральнік алькагольнага запасу відавочна аддаваў перавагу сухому чырвонаму віну: нейкія Шыразы, Бастардо, Піно Нуары, Сэнсо, Вэрмэнціны – урэшце Рыгор, які нічога не разумеў у віне, кінуў дурное. Ён мелькам прагледзеў іншыя палічкі ў пошуках піва, але піва было зусім трохі, таксама незнаёмых назваў. Моцныя напоі не шанаваліся: пару бутэлек з гарэлкай, нейкая тэкіла і маленькі флякон абсэнту, на якім красаваў чалавек зь перабінтаванай галавой. На верхняй паліцы зьмяшчаліся вэрмуты, партвэйны і лікёры. Павагаўшыся, Рыгор узяў піва наўздагад, з манахам на этыкетцы.
У нядзелю пад вечар, шчытна павячэраўшы эклерамі і вішнёвымі бісквітамі, закінуўшы за плячо лом і невялічкую торбу з паходным правіянтам, Рыгор выправіўся на шпацыр па праспэкту. Настрой быў ня лепшы, зацягнутая адзінота ўжо пачынала ўціскаць яго. Рыгор перабіраў усіх знаёмых, да каго можна было б зайсьці ў госьці, але ніхто не падыходзіў – пасьля размовы з татам яму здавалася, што ён ня здоліць маўчаць пра хвалюючыя яго тэмы, і сустрэча абавязкова скончыцца жаласна. Заставаліся толькі тата, шчасьлівая пара сяброў-паўдуркаў і Лявон, але нікога зь іх ён ня мог узгадваць без злаваньня.
Падняўшыся да Дома афіцэраў, Рыгор збочыў налева, мінуў помнік з танкам і спыніўся насупраць Рэзідэнцыі прэзыдэнта, разглядаючы яе. «Чаму б не?» – мільганула нечаканая думка, праз якую ён нават зьбянтэжыўся. Прысеўшы на чыгунавую агароджу, ён адкаркаваў «Сябра» і з хваляваньня выпіў яго адразу ўсяго, забыўшыся пра пакунак вэнджанага сыру. «Чаму б мне не пажыць у рэзідэнцыі прэзыдэнта? – падумаў ён цяпер сьмела, – Яна пэўна пустуе, пакрываецца пылам, і ніхто яе ня ветрыць». Рыгор аднёс бутэльку ў сьметніцу на краю агароджы і накіраваўся да ўваходу.
Галоўныя высокія дзьверы, як ён і чакаў, былі зачыненыя. Рыгор з задавальненьнем пацягнуўся, падняўшы ўверх сагнутыя ў локцях рукі, і наважыўся ўжо зьняць з пляча лом, як раптам пачуў вокліч:
– Гэй, ты!
Голас гучаў зьверху, нясьпешны і ўпэўнены. Рыгор адступіў на пару крокаў і падняў галаву. З вакна трэцяга паверху на яго пазіраў мужчына ў белым.
– Што ты робіш? Зусім боязь страціў? – счакаўшы крыху, мовіў мужчына.
Гэта было нечакана, і Рыгор замарудзіўся, абіраючы паміж адказамі «Выбачайце, я, здаецца, не туды трапіў» і «Вось зараз падымуся і навучу цябе сапраўднае боязі». Ён пракашляўся, схіляючыся да другога адказу, але мужчына апярэдзіў яго:
Читать дальше