– Застудзіўся? Зразумела. Як клічучь?
– Рыгорам.
– Пачакай, зараз табе адкрыюць.
Мужчына зьнік. У ягоным уладным голасе ня чулася пагроза, і Рыгор, які быў падумаў схавацца ў парку, далей ад мажлівых непрыемнасьцяў, спыніў сябе. У яго зьявілася надзея, што зараз, мабыць, ён нарэшце атрымае нейкія тлумачэньні.
Хвіляў празь пяць дзьверы адчыніліся, і зьявіўся высокі худы чалавек гадоў сарака ў цёмна-шэрым гарнітуры, з сур'ёзным тварам колеру чырвонае цэглы. Не выходзячы вонкі, ён прытрымаў дзьверы і моўчкі зрабіў запрашальны жэст рукой. Калі Рыгор прайшоў унутар, чалавек гэтак жа моўчкі рушыў углыб вэстыбюля, завабіўшы Рыгора йсьці ўсьлед. Хада ў яго была ледзь стомленая, але худую сьпіну ён трымаў роўна, як сьцяг. «Целазахоўнік? Ад'ютант? Дварэцкі?» – меркаваў Рыгор, пакуль падымаўся за ім лесьвіцай з дываном. На трэцім паверсе, адразу за паваротам, строгі праваднік пастукаў у цёмныя дзьверы з залацістай шыльдай «Міністар» і, не чакаючы водгуку, увайшоў.
Рыгор рушыў за ім і апынуўся ў вялікай залі з даўгім пурамоўным сталом і чаргамі фатэляў абапал. Ля вакна стаяў той самы мужчына, што размаўляў зь ім. Да вялікага зьдзіўленьня Рыгора, мужчына быў загорнуты ў белую прасьціну, што рабіла яго падобным да старажытнага грэка. Але калі ён павярнуўся, стала зразумела, што гэта пэўны міністар – высокі, самавіты, з тоўстым тварам, маленькімі, жорсткімі вочкамі і вялікім чэравам. Упэўненым крокам міністар падыйшоў да Рыгора і падаў яму далоню:
– Рады новай асобе! Нас мала, і кожны каштоўны. Ці даўно ты застуджаны?
Рыгор паціснуў руку і кашлянуў са зьбянтэжанасьці, апусьціўшы вочы на босыя міністэрскія ногі.
– Каля тыдню.
– Зразумеў ужо, што ды навошта? Малайчына, – ягонае маўленьне было выразнае і хуткае, з трапным спалучэньнем камандавых і давяральных інтанацыяў, якое адначасна прыхіляла і падпарадкоўвала слухача. – Цяпер табе галоўнае – падтрымваць у сабе хваробу, не забывайся аб гэтым. Паменш бываць на сонцы, пабольш ладзіць скразьнякоў у хаце, і гэтак далей. Ты хто па прафесіі?
– Аўтасьлесар. Але хвіліначку, навошта мне падтрымваць хваробу?
Рыгор зьдзіўлена пазіраў на міністра. Той зьлёгку ўсьміхнуўся і зрабіў кароткую паўзу, быццам занатаваўшы сьціплыя разумовыя здольнасьці Рыгора.
– Ты заўважыў, што людзей у горадзе мала? Вядома заўважыў, калі лом з сабой цягаеш. Заўважыў, што жанчын няма? Што дзяцей няма? Што машын на дарогах няма? Што грошай няма? – на кожнае з гэтых пытаньняў Рыгор сьцьвярджальна ківаў, а пачуўшы пра грошы, утаропіў вочы на міністра. – Ну? Дык усё гэта ты зразумеў толькі дзякуючы застудзе. Калі ачуняеш, ізноў забудзеш.
Міністар разглядаў твар Рыгора, чакаючы водгук на свае словы. Рыгор адвёў погляд і прамармытаў:
– Вось якая навіна… А я сам і ня сьцяміў.
Міністру відавочна спадабалася, што Рыгор прызнаў сваё глупства. Ён сеў за стол, запрасіў сесьці насупраць сябе Рыгора і прыслужніка, і, быццам пацьвярджаючы свой тэзіс пра застуду, з густам чхнуў. Прамякнуўшы нос клятчастай хустачкай, ён працягнуў:
– Дык вось, Рыгору. Людзі нічога не разумеюць і разыходзяцца, хто ў плот, хто ў агарод. Напрыклад, ты – аўтасьлесар? І чым ты займаўся да застуды? Брынды біў! Ня мог жа ты рамантаваць няісныя аўтамабілі. Дындаваў, як і ўсё, за рэдкім выняткам. Лайдачуць ды ня бачуць, што знаходзяцца над прорвай. Разумееш мяне цяпер? Падтрымваць жыцьцядзейнасьць і функцыянальнасьць соцыюму ў гэткіх умовах неверагодна цяжка. Людзі жывуць ілюзорным жыцьцём, з гэтым анічога зрабіць мы пакуль што ня можам. Калі б ты ведаў, якіх намаганьняў патрабуе адно захаваньне працаздольнасьці электрасетак ды вода-забесьпячэньня! Вось Юрась не дасьць зманіць. Юрась – кіраўнік прадпрымальнікаў.
Юрась, які сядзеў у элегантавай позе леваруч Рыгора, зьлёгку нахіліў галаву, калі яго назвалі. Перад ім ляжаў разгорнуты нататнік у скураной вокладцы і бэзавы фламастар. Рыгор чуў часты і моцны подых Юрася, і цяпер зразумеў прычыну чырвані ягонага худога твару – высокая тэмпэратура.
– Ты разумееш, што я кажу? – спытаў міністар Рыгора.
– Так... – працягнуў Рыгор. – Але ўсё адразу ў галаве ня тоўпіцца. Чаму, напрыклад, хварэе так мала людзей? Няўжо падабаецца быць абдуранымі?
– Калі крыху разважыць, – міністар, мабыць, усё больш зацьвярджаўся ў тупаватасьці Рыгора, – дык можна лёгка знайсьці адказ. Першае, у нашым клімаце захварэць няпроста. Сам памяркуй: заўсёды сонечна, горача, зрэдку кароткі цёплы дождж. Разумееш? Другое, ня кожнаму прыдаецца ўтрымаць застуду, і ня кожны ўсьведамляе патрэбу гэтага для сябе, ня кажучы ўжо пра грамадзкую значнасьць.
Читать дальше