«Цікава, якая ж яна, жанчына, насамрэч?» Блытаючы ў здагадках, ён абмінуў пяціпавярхоўку вакол і падыйшоў да крайняга пад'езда. Перад дзьвярыма ён затрымаўся, набраў у лёгкія пабольш паветра і са смакам чхнуў. Колькі імгненьняў пасьля чыху Лявон стаяў, зажмурыўшыся, потым выцер рукавом сьлёзы і разгледзеў кодавы замок. Мэталічнае колца і два шэрагі гузікаў зь лічбамі зьлева і справа. Фарба на корпусе замка вакол лічбаў 1, 3 і 6 была сьцёртая праз часты дотык пальцаў, і Лявон усьміхнуўся – як проста быць узломнікам! Набіраеш 1, 3, 6 ды цягнеш колца ўніз. Заблякавана? Цягнеш яго ўгору да слабой пстрычкі і спрабуеш наступную камбінацыю лічбаў. На вызначэньне пэўнага коду спатрэбілася ня больш за хвіліну, колца пстрыкнула, апусьцілася, і Лявон уступіў у прахалодны пад'езд.
Абсалютная цішыня. Каленчаты даводнік павольна зачыніў за ім дзьверы, ціха пстрыкнуў замок. Колькі лесьвічных пралётаў вышэй зазьвінела і змоўкла аса. Лявон падняўся на другі паверх, ведучы рукою па няроўным жалезным парэнчам. Да ягонага зьдзіўленьня, дзьверы ў кватэру пасярэдзіне, адну з падазроных, былі прыадчыненыя. Лявон піхнуў іх рукой і глядзеў, як яны паволі расхінаюцца, дасягаюць пэўнага пункта, вяртаюцца на пару сантымэтраў і заціхаюць. Смачна высмаркаўшыся ў рушнік, ён адкашляўся і спытаў унутар:
– Ёсьць хтосьці?
Ягоны голас выдаваў хваляваньне і няўпэўненасьць, гэта заўважыў нават ён сам. Лявон пераступіў парог і ўдыхнуў складаны пах старога жытло: ледзь саладкавы, душны, з прысмакам аптэкі і пыльнае каморы. Цёмна-зялёны дыванок ля парога вітальні, бэжавыя шпалеры, шафа. Два пакоі зьлева былі зачыненыя; кухню, ярка асьветленую сонцам, было відаць праваруч уваходу. Ён зрабіў колькі крокаў у бок кухні, і падлога пад ім віскліва зарыпела. Лявон спыніўся на рыпучым месцы і пахістаўся з боку ў бок, услухоўваючыся ў гук. Лінолеўм на падлозе імітаваў сьветлы паркет «у елачку», а пад ім, відаць, хаваліся ссохлыя дошкі. Прысеўшы на кукішкі і нахіляючы туды-сюды галаву, ён злавіў такі пункт гледжаньня, зь якога на лінолеўм клаўся сонечны водбліск і выразна выяўляў сутыкі і зьлёгку выпуклыя сьпіны дошак. Лявон яшчэ трохі парыпеў, пераносячы вагу з адной нагі на другую, а потым, раптам заклапаціўшыся магчымым практычным ужыткам рыпаньня, паспрабаваў атрымаць тую мэлёдыю Вагнэра, што яны слухалі з Рыгорам у гаражох. Атрымалася кепска, зусім не падобна.
У гэты момант з кухні пачуўся ўскрык, і ў вітальню выскачыла постаць зь сякерай у занесеных руках. Адзіная крыніца сьвятла зьмяшчалася за сьпіной постаці, таму і ейны твар, і ейнае адзеньне выглядалі як цёмныя, бадай чорныя; не бліснула на’т лязо сякеры. Зрэшты, разгледзець падрабязнасьці Лявон ня змог бы нават пры добрым асьвятленьні, ён толькі пасьпеў інстынктоўна адхіснуцца назад і направа, да выйсьця, і паваліўся на локці. У тую ж сэкунду падлога здрыганулася з магутнага вытню, сякера глыбока ўшпілілася ў лінолеўм на тым месцы, дзе сядзеў на кукішках Лявон, а постаць, не ўтрымаўшы раўнавагі, павалілася на падлогу і, здаецца, стукнулася галавой аб сьцяну.
«Бабулька. Спалохалася, што я хачу забіць яе і наладзіла засаду. А калі я доўга не зьяўляўся і рыпеў падлогай, нэрвы ня вытрымалі, і выскачыла», – патлумачыў сам сабе Лявон, сядаючы і разглядаючы яе. Ейныя валасы былі сапраўды зусім сівыя, даўгія, сабраныя ззаду ў хвосьцік, як Рыгор і казаў. Простае і сьціплае адзеньне: паркалёвая сукенка ў невыразныя кветкі, чорная футравая камізэлька, шчыльныя шэрыя калготы, зношаныя тэпцікі. Росту яна была невялікага, складаньня худзенькага; маленькая сухая далонька, якая ляжала на падлозе ля туфлі Лявона, была падобная да птушынае лапкі. «І адкуль у ёй столькі сілы?»
– Бабуля? – паклікаў ён. – Вы добра?
Лявон крануў яе за локаць, выцягнутай рукой, баючыся наблізіцца – раптам яна ачуецца і зноў кінецца на яго? Бабулька не варушылася. Ён устаў, выдраў з падлогі сякеру і паклаў яе за рог, каб бабка не змагла зноў ёю скарыстацца. Лявон пераступіў адной нагой праз бабульку і паспрабаваў зазірнуць ёй у твар, але яна ляжала ніцма, сівым хвосьцікам уверх. Ён прыслухаўся, ці дыхае яна, але не адчуў ні гуку. «Як спраўдзіць, ці жывы чалавек? Пульс?» Дакранацца да ейнай скуры падалося яму агідна, але, памятаючы пра абавязак дасьледніка, ён зрабіў над сабою высілак. Прахалоднае прыдалоньне не пульсавала, хоць Лявон старанна яго прамацваў у колькіх пунктах. «Няўжо можна памерці вось так, проста праз упадак на падлогу?» Ён пацягнуў яе за плячо і перакуліў на сьпіну. Патыхнула аптэкай. Твар, пацьвярджаючы словы Рыгора, і запраўды быў амаль круглы, але ня праз мажнасьць, а праз шырокі скуласты абрыс. Нічым асаблівым твар не вызначаўся. Са зморшчынкамі, зь мяшочкамі пад вачыма, гладка паголены, напамажаны – гэткі твар мог быць у кожнага старэчы, пытаньня пра адрозьненьні мужчынскага і жаноцкага ён не разьвязваў.
Читать дальше