Лявон паглыбіўся ў часопісы. Раней ён не зьвяртаў асаблівае ўвагі на ілюстрацыі з жанчынамі, але цяпер разглядаў кожную прагна і пільна. Падборка часопісаў у Лявона была тэматыковая – «Навука і жыцьцё», «Папулярная мэханіка», «Навука і рэлігія» – і збольшага там трапляліся фотаздымкі альбо малюнкі мужчынскіх твараў. Часам мільгала якая кабета ў белым лябаранцкім халаце, у скафандры ці ў камбінэзоне, але з гэткіх малюнкаў анічога новага Лявон ня ўведваў. Крыху мякчэйшыя рысы, крыху даўжэйшыя валасы, вось і ўсё.
Пагартаўшы колькі часопісаў, ён адкінуўся на пухоўку і, блукаючы вачыма па столі, паспрабаваў самастойна сфармуляваць хоць вонкавыя прыкметы жанчыны. «Як мы наогул вызначаем у час сустрэчы, мужчына перад намі ці жанчына? Напрыклад, Рыгор – мужчына? Ці Адам Васілевіч? Няўжо ідэнтыфікацыя толькі лексычная: імя і зварот «ён», а не «яна»? Але калі мы з чалавекам незнаёмыя, як мы вызначаем пэўны зварот? Па тэмбру голасу? Але чалавек можа маўчаць. Па мяккасьці рысаў? Гэта занадта расплывістае паняцьце... Па даўжыні валасоў? Але калі кожны чалавек кіне стрыгчыся, дык неўзабаве зарасьце. Па вопратцы? Спадніцу ці сукенку таксама можа надзець хто захоча. Тупік! Можа, жанчына – гэта справа самасьвядомасьці? Чалавек вырашае быць жанчынай, адпускае валасы, бярэ сабе новае імя, пераапранаецца і імкнецца казаць тонкім голасам? Не, не падыходзіць, інакш такія выпадкі былі б знаныя. Сытуацыя прынцыпова іншая: у панядзелак высьветлілася, што ні я, ні Рыгор аніколі ў жыцьці ня бачылі ніводнае жанчыны. Хоць нам здавалася, што мы жылі зь імі побач. Трэба было б пагутарыць з Рыгорам ізноў, падрабязьней, усё ж такі ён старэйшы ды жанаты, а жанатага акрэсьлівае наяўнасьць жонкі, жанчыны». Лявон патрос галавой, пачынаючы заблытвацца. «Стоп, ён жа не жанаты насамрэч! Ніякай жонкі ў яго няма, як няма і цётачкі ў мяне. І пэўна Рыгор анічога новага мне ня скажа. Толькі лаянкі наслухаесься».
Пад'ём канапы на дах Лявон зьдзейсьніў у чацьвер. Зьмеркаваўшы пачаць з сама грувасткага, ён выцягнуў на лесьвічную пляцоўку падставу канапы, паставіў яе вэртыкальна і запхаў у ліфт, ледзь праціснуўшыся ў кабіну побач зь ёю. Дзьверцы аўтаматычна зачыніліся, і Лявон толькі тады заўважыў, што стаў ня з тога боку і ня можа дацягнуцца да кнопак. Ён змарнаваў хвіляў пяць, пакуль здолеў павярнуць падставу, прасунуць руку да пульта і навобмацак націснуць гузік дзявятага паверху. Абліваючыся потам са слабасьці і адпачываючы праз кожныя колькі прыступак, ён давалок сваю ношу да апошняга крэсу – кароткае жалезнае лесьвічкі і іржавага люку. Гэты этап стаўся пякельны. Перацягваць падставу з прыступкі на прыступку тут не выходзіла, прыйшлося зноў паставіць яе вэртыкальна, нахіліць так, каб яна патрапіла адным бокам у люк, выбрацца на дах, і адтуль цягнуць яе наверх. Але калі ўсё нарэшце атрымалася, Лявон адчуў сябе сапраўдным героем. Спусьціўшыся на кухню, ён разагрэў соку і выпіў яго з улюбёнае вечаровае шклянкі.
Далей пайшло лягчэй. Матрасы, якія складалі сядзеньне ды сьпінку канапы, былі цяжкія, але меншыя памерамі, а бакоўкі і зусім нязначныя. Падняўшы наверх апошнюю зь іх, Лявон ізноў адчуў сябе шчасьлівым. Нагнуўшыся і абапёршыся локцямі на парапэт, Лявон спатолена глядзеў на адрэзкі гарызонту ў разрывах суседніх дамоў і ляніва вырашаў, які бок сусьвету ён хацеў бы бачыць часьцей за ўсё. Заходы і сьвітаньні ён любіў аднолькава, таму адназначна схіліцца да захаду ці ўсходу ня мог. Поўнач была яму нецікавая, тым больш што з поўначы выступ занімаў люк. Значыць, адзіны слушны і падыходны бок – паўднёвы. Удзень можна грэцца на сонейку, а ўранку і ўвечары назіраць і на заходы, і на сьвітаньні, пераварочваючыся з аднаго боку канапы на другі.
Зьбіраць канапу і ладзіць навес Лявон сёньня нават і ня масьціўся, балазе дажджу не прадбачылася. Бясхмарнае неба, ветрык і цішыня. Ён абмежаваўся тым, што падцягнуў матрас канапы да паўднёвага боку цаглянай будкі дый апошнім разам спусьціўся ў кватэру па часопісы «Навука і жыцьцё», пакунак соку і чыстыя рушнікі. Задаволены і ўлагоджаны, ён высмаркаўся ў сьвежы рушнік і лёг на матрас, закінуўшы рукі за галаву. Так блізка да неба ён яшчэ ня быў ніколі.
Жмурачыся на яркае сонейка, ён разважаў пра бліжэйшую будучыню. Заставацца яму застуджаным ці паспрабаваць вычуніцца? Калі хвароба скончыцца, ён рызыкуе набыць назад усе тыя ілюзіі, зь якімі жыў раней. Калі ўдумацца, дык анічога дрэннага ў гэтых ілюзіях няма, і ягонае жыцьцё пасьля празарэньня не зьмянілася... але вяртацца да іх зьневажальна. Тут ён раптам успомніў Рыгорава тату, які таксама няспынна чхаў, смаркаўся і паводзіў сябе невытлумачальна. Мабыць таксама празарыўся. Мо пайсьці да яго яшчэ раз і пагутарыць, цяпер ужо з разуменьнем? Але не, пасьля тое сцэны з нажом наступная сустрэча дабром ня скончыцца. І няхай. Мне дапамога не патрэбная. Сам ува ўсім разьбяруся! «Трэба мець адвагу. Трэба йсьці наперад і не спыняцца ў разьвіцьці. Абавязак гома сапіенса – назіраць, рабіць досьведы і знацца ў тым, што адбываецца вакол», – Лявон прагадаў колькі больш-менш падыходных лёзунгаў, што вызначалі якія-ніякія арыенціры ў далейшых дзеяньнях. Засталося прыдумаць нешта каб падтрымваць у сабе застуду. Першае, што прыходзіла ў галаву – гэта халодны душ з наступным не-выціраньнем і замярзаньнем... Лявон нахмурыўся і міжвольна здрыгануўся. «Цяжка, але належна. Трэба мацавацца. Навука патрабуе ахвяраў».
Читать дальше