– Гэта ж трэба было так застудзіцца... Мазгі трэскаюцца. Памыліся, бычыш, халоднай вадзіцай. Табе добра, ты хоць ня перхаеш.
Лявон таксама ўстаў і выйшаў. Кружылася галава, і яго мякка заносіла, быццам ён плыў у нябачных водных бруях. Ён з асалодай падставіў твар сонцу і заплюшчыў вочы. Яму пацяплела. Ён слухаў, як цьвіркаюць вераб'і недзе за гаражамі, як Рыгор выпускае з рота тытунёвы дым. Хацелася дадому.
– Але як нас усёткі высачыў спэцназ? Гэта таксама значна. Яны ўжо ведаюць нашы адрасы і імёны? Можна вяртацца дахаты, ці там чакае засада?
– Дзядзька Геня ня мог нас здаць, – Рыгор патрос галавой. – Не такі ён чалавек. Тым больш калі б гэта дзядзька Геня здрадзіў, дык прыйшлі б менавіта ў мой гараж, а не ламіліся ў кожныя дзьверы. Згодны?
– На’т ня ведаю... – працягнуў Лявон, абціраючы нос. – Можа, ён дзеля кансьпірацыі грукаў ува ўсе брамы, а зараз прытаіўся і чакае?
– Мог бы тады адразу прытаіцца ды чакаць! Які сэнс хадзіць і грымець? Не, навёў нехта іншы, хто мяне ня ведае і ня ведае мой гараж, але бачыў, як мы йшлі ў гэты бок.
– Можа, з вокнаў дома? – Лявон кіўнуў у бок пяціпавярховак.
– Так! Дакладна! – ажывіўся Рыгор. – Тут у адным з бліжэйшых дамоў бабка жыве, і ўвесь час у вакно глядзіць. Яна і здала! Вось транда старая! – Рыгор пагразіў кулаком у бок ейнае хаты. – Я на’т памятаю прыкладна ейнае вакно. Пайшлі! Наладзім ёй шчасьлівую старасьць!
– Бабка? – асьцярожна ўдакладніў Лявон пасьля паўзы.
Яны ўважліва паглядзелі адзін на аднаго.
– Ты ўпэўнены, што гэта менавіта бабка?
– Упэўнены! Ейныя валасы даўгія і сівыя, сабраныя ў хвост. І твар такі – круглы ды тоўсты, – Рыгор паказаў рукамі, які ў бабкі твар. – Дый што меркаваць, пайшлі спраўдзім, хто яна ёсьць, бабка ці дзед! Можа, чуеш, гэта апошняя бабулька на сьвеце. Стой, аўтамат табе навошта? Няўжо рука на бабулю падымецца?
Лявона зьдзівіла непасьлядоўнасьць Рыгора. «То забіць яе хоча, то бабуляй называе. Пэўна, гэткія крайнасьці ў думках вынікаюць праз хваробу. Таму дрэнна, што ён у кожны момант можа наладзіцца і супраць мяне. Трэба нарэшце сыходзіць ад яго, але толькі тактоўна і асьцярожна», – прыкладна так разважыў ён, а ўголас сказаў:
– Маеш рацыю! Але ўва ўсякім выпадку тут небясьпечна, і нам пара адсюль уцікаць. Давай паглядзім на бабулю дый разыдземся па хатах. І калі ты не супраць, дык я возьму сабе грошай на ровар.
З насьпелю Лявон гундосіў. Рыгор махнуў яму рукой – рабі, што хочаш – і адвярнуўся. «Хай валіць», – падумаў Рыгор. Пасьля таго, што сёньня адбылося ў ягоных мазгох, цікавасьць да знаёмства зь Лявонам загасла. Пра тату ён наогул успамінаў з агідай. Галава балела, у горле пяршыла. Рыгор ізноў закурыў, спрабуючы кіраваць струмень дыму ў роце на ўчасткі горла, якія сьвярбелі. Лявон зьнік на хвіліну ў гаражы, а потым няцьвёрда зьявіўся адтуль, ужо са сваім заплечнікам. Ён цёр пачырванелыя вочы, ягоны нос зусім распух. Куртку ён зьдзець забыўся, але Рыгор ня стаў яму пра гэта казаць. «Хай бярэ сабе на памяць. Нахалеру мне гэтая куртка цяпер».
Яны падыйшлі да пяціпавярхоўкі і спыніліся на адваротным баку вуліцы, там, дзе шыбаваў ураніцу Рыгор. Рыгор узіраўся ў пустыя вокны, спрабуючы вызначыць, у якім зь іх ён бачыў бледны круглы твар. Гэта быў другі паверх, бліжэй да рогу дома, але ў пэўным вакне ён сумняваўся. Здаецца, шыба мусіць быць падвойная, а не трайная. Мабыць, кухня. Ён прайшоўся туды-сюды, кідаючы бакавыя, быццам незнарочныя погляды на фасад і ловячы адчуваньне шляху на працу. Найверагоднейшымі яму здаліся два суседнія падвойныя вокны ў прасьвеце паміж клёнамі. Рыгор паказаў на іх пальцам:
– Як думаеш, гэта які пад'езд?
Лявон палічыў вокны, што засталіся да рогу, і выказаў здагадку, што першы. Рыгор кіўнуў, у яго таксама атрымаўся першы, сярэдняя альбо левая кватэра.
Але пад'езд стаўся зачынены, і на званкі па дамафоне аніводны нумар не адказаў. Лявон імлява прапанаваў вярнуцца за аўтаматамі і прастраліць замкі, але, на ягонае зьдзіўленьне, Рыгор гэтак жа млява адмовіўся. Зь яго нібы вынялі батарэйку, погляд патух і апусьціўся ўніз.
– Халера зь ім. Я можа абмыліўся, пэўна гэта ня бабка была, а дзед. Усё роўна сыходжу адсюль назусім, з гэтых гаражоў, дык якая ўжо розьніца. Не забіваць жа гэтага дзеда цяпер.
Лявон з палёгкай падаў Рыгору руку. Рыгор, ня гледзячы, паціснуў яе, і яны пачалі разыходзіцца ў розныя бакі. Зрабіўшы колькі крокаў, Рыгор павярнуўся і гучна сказаў усьлед Лявону:
– Толькі не марнуй шмат грошай пакуль што! Трэба крыху счакаць.
Читать дальше