Рыгор спыніўся і прадыхаўся, наракаючы на празябу і нэрвы. І праўда, людзей было мала, але яны былі: неўзабаве ён убачыў здалёк яшчэ аднаго чалавека, які йшоў у бок Камароўкі, крыху пазьней – іншага, які спускаўся праспэктам да плошчы Перамогі. Рыгор супакоіўся даканцова, калі ў краме «Тарты» цукернік, такі сапраўдны і такі ветлівы, падыйшоў да яго ды ласкава пацікавіўся, што пану прапанаваць. У Рыгора не хапіла духу распытваць прадаўніка пра пытаньні, якія яго турбавалі, ён узяў пару крэмавых пірожных, піва і рушыў далей, не ўступаючы ў размову.
Увайшоўшы ў кватэру, Рыгор пастараўся зачыніць дзьверы ціхутка, але безадмоўны замок звонка ляснуў. Адразу ж пачуліся хуткія цяжкія крокі, і ў вітальню з пакою выйшаў тата ў тоўстым белым халаце. Ён спыніўся і з абурэньнем, не падаючы рукі, усклікнуў:
– Зьявіўся!
Ссунуўшы бровы, тата стаяў і глядзеў на яго. Рыгор спакойна сьцягнуў красоўкі, наступаючы мыском адной нагі на пятку другой, і бясклопатным голасам спытаў:
– Спэцназавец тут не зьяўляўся? Рослы такі мужык, увесь у чорным, у бярэце і высокіх ботах?
– Не, мужыкоў у чорным не было. Можна мне даведацца, дзе ты сам быў?
Тата сказаў гэта знарочыста мякка, але адчувалася, што ён вось-вось выбухне і гнеўна зараве.
– У сяброў начаваў, тата. Адпачыў, адцягнуўся. Як вы тутака безь мяне? – сказаў Рыгор будзёным тонам і закашляўся, прытуляючы рот кулаком.
Пачуўшы кашаль, тата зірнуў на яго ўжо зусім іншым поглядам: гнеў выпарыўся, а ягонае месца занялі хітрасьць і цікаўнасьць. Рыгор перхаў. Тата, быццам заразіўшыся, набраў у грудзі паветра, наморшчыў лоб і, затрымаўшыся на пару сэкунд, з трэскам чхнуў. Пакуль ён старанна прамакаў ноздры сурвэткай, Рыгор увайшоў у свой пакой. Ён зьдзеў зь сябе ўсю вопратку, кідаючы яе на падлогу, адчыніў шафу і адзеўся ў чыстыя, з мылавым водарам джынсы, блакітныя і прасторныя. Працягнуў руку да стосу суколак і ўзяў верхнюю: яна была аранжавая з бледна-жоўтым малюнкам у выглядзе замуляных лічбаў і невыразных вуглаватых узораў. Тканіна суколкі была мяккай, прахалоднай і сьвежай, яна так прыемна лягла на скуру, што Рыгор усьміхнуўся з задавальненьня. Ён расшпіліў торбу і дастаў пачак наўздагад. Трапіліся даляры.
Рыгор выйшаў у вітальню і падаў грошы таце, які ўсё яшчэ стаяў там.
– Давайце зробім увечары сьвята, га? Сама смачная ежа і найлепшыя напоі! Але гэта ўвечары, калі я з лазьні вярнуся. А пакуль дайце штось у рот кінуць, я згаладнеў як зьвер.
Тата прыняў грошы, пакруціў у руках і, нічога не сказаўшы, сунуў у кішэню. Яны прайшлі на кухню.
– Расольнік будзеш? – тата не сумняваўся ў згодзе і дастаў з халадзільніка вялікі рондаль. – Я яго дзеля цябе яшчэ ў суботу зварыў, а ты не зрабіў ласкі на’т зьявіцца.
Ён адліў з вялікага рондаля ў малы пяць – Рыгор падлічыў – апалонікаў, паставіў малы на пліту і падпаліў газ. Рыгор сеў за стол, адчыніў хлебніцу і на сэкунду задумаўся, якога хлеба хочацца – чорнага ці белага. Абраўшы чорны, адламаў акраец «Нарачанскага», пасыпаў сольлю і прагна зажаваў.
– Піва ё? – спытаў ён з набітым ротам.
– Ёсьць, а як жа! Калі гэта я забываўся пра піва, скажы калі ласка? – у голасе таты чуўся дакор. – Толькі ня пі з халадзільніка. Пачакай хвілінку, я зараз бутэльку гарачай вадой салью, каб не была ледзяная. І дзе толькі прымудрыўся застудзіцца? У гэткую цяплыню?
Рыгор, нягледзячы на пратэсты Таты, узяў з халадзільніка свой ушанаваны «Сябар», адкаркаваў яго відэльцам і, закінуўшы галаву, стаў піць наўпрост з рыльца.
– Ну вось, суп ужо амаль і падагрэўся. А на другое ў нас сёньня галубочкі! Га? Галубочкі! Ты хлебам не наядайся, яшчэ шмат усяго смачнага.
Тата зноў палез у халадзільнік і дастаў вялізарную гусятніцу з галубцамі. Выклаўшы дзясятак галубцоў на патэльню, ён паставіў яе на слабы агонь, з такім разьлікам, каб галубцы падцяпліліся хвілін празь пяць-дзесяць апасьля расольніка. Потым падняў з падлогі на стол трохлітровы слоік з агуркамі і пачаў вылоўліваць зь яго агурочкі, з дапамогаю адмысловага раздвоенага кручка, зробленага зь вязальнай сьпіцы. Агурочкі ён укладваў на сподак.
Рыгор апусьціў пустую піўную бутэльку пад стол і ўздыхнуў з палёгкай – ён нарэшце перастаў адчуваць голад, які турзаў яго з раніцы – а наперадзе яшчэ чакалі расольнік і галубцы. Тата ўжо наліваў расольнік у талерку і падсоўваў сьмятану. Рыгор паклаў у талерку лыжку сьмятаны, разьмяшаў і зрабіў пару глыткоў, жмурачыся з асалоды.
– А я табе анэкдот склаў, у адказ на тое барока, памятаешь? – сказаў тата непавінным голасам, сядаючы побач. – Сустрэліся аднаго разу Брукнэр, Малер і Вагнэр, ды паспрачаліся, хто дужэйшы кампазытар. Брукнэр кажа – у мяне адзінаццаць сымфоніяў. Малер кажа – гэта што, у мяне ў сымфоніях яшчэ і сьпяваюць. А Вагнэр кажа – гэта што, сынкі, а ў мяне яшчэ і скачуць!
Читать дальше