Спусьціўшыся на два пралёты, дырэктар адчыніў цяжкія краты. Зноў пацягнуўся калідор, але ўжо больш змрочны, падземны. Дзьверы зрабіліся мэталічныя, з кодавымі замкамі.
– Вам даляры ці рублі? – пацікавіўся дырэктар, запавольваючы крок. Ён ужо ўвайшоў у ролю банкіра, які выдае кліенту ўклад, і перастаў дрыжэць.
Рыгор павярнуўся да Лявона, поглядам запытаўшы яго. Лявон паціснуў плячыма.
– А ты, дружа, ці купляў кватэру калі? – спытаў Рыгор у дырэктара. – За яе далярамі плацяць ці рублямі?
– Я жыву з мамай, – унікліва адказаў дырэктар.
Ён панурыўся, быццам паказваючы, што ня хоча браць на сябе адказнасьць за прыняцьце значнага вырашэньня, але нікога не прысьпешвае і гатовы чакаць, пакуль кліент робіць выбар. Рыгор выглядаў разгублена, пытаньне пра валюту засьпела яго зьнянацку. Ён пачухаўся. Лявон адзначыў, што Рыгор паводзіць сябе вельмі падобна да сапраўднага крымінальніка. Звычкі, манеры, лексіка. Хоць, зь іншага боку, хіба ён бачыў крымінальніка? Можа, яны цалкам іншыя.
– Чуеш, а якую валюту больш бясьпечна браць? – зноў запытаўся дырэктара Рыгор, спрабуючы ўсё прадугледзець. – Можа, нумары купюр з даляраў усе запісаныя, а з рублёў – не? Ну ці наадварот? Каб ня вылічылі нас потым?
– У нас усё ўлічанае, – дырэктар з вартасьцю нахіліў галаву. Але потым зразумеў, што, засмучаючы рабаўнікоў, можна атрымаць кулю ў лоб, і дадаў: – Калі пасьпяшацца, дык можна штосьці прыдумаць, самі ж бачыце, як павольна ўсё працуе. На’т спэцназ даводзіцца з цэнтру выклікаць.
Пачуўшы пра спэцназ, Рыгор больш ня бавіўся і запатрабаваў набіць сваю торбу далярамі, а заплечнік Лявона – рублямі. Дырэктар набраў на бліжэйшых дзьвярох код, разнасьцежыў іх і, памацаўшы рукой за вушаком, запаліў сьвятло. І адразу ж пайшоў адчыняць суседнія дзьверы, а Рыгор зь Лявонам зазірнулі ўнутар.
На падлозе высілася вялізарная куча пачкаў з далярамі. Памяшканьне было прыкладна пяць на пяць мэтраў, і ўздоўж сьцен стаялі стэляжы з паліцамі. Хутчэй за ўсё, ад пачатку меркавалася складаць пачкі на паліцы, але калі месца не хапіла, грошы сталі валіць наўпрост на падлогу. Рыгор стаяў узрушаны. Урэшце ўвайшоў, павярнуўся да кучы даляраў сьпіной і паваліўся на яе, раскінуўшы рукі. Лявон усьміхнуўся, гледзячы на яго, але сам уваходзіць ня стаў, бо сачыў дырэктара, які корпаўся ля наступных дзьвярэй. Ад даляраў пахала сьвежай паперай і чымсьці яшчэ, Лявон пакуль што ня мог распазнаць.
– Памятаеш, Лявон, як мы дзівіліся: дзе людзі грошы бяруць? – паслабленым голасам мовіў Рыгор, беручы ў рукі то адзін, то другі пачак, і разглядаючы іх. – Няўжо ўсе тут бяруць?..
Нарэшце ён устаў, расшпіліў торбу дый пачаў хутка кідаць у яе пачкі. Торба напоўнілася імгненна; яна здавалася нікчэмна драбнюткай у параўнаньні з грудай грошай, якая ані не паменшылася. Рыгор штурхнуў торбу нагой і застаўся незадаволены ейнай друзласьцю. Ён высыпаў даляры на падлогу і пачаў складаць ізноў, цяпер ужо шчыльна і акуратна. Зашпіліўшы маланку, ён зь цяжкасьцю закінуў торбу на плячо і выйшаў у калідор.
– Хадзі, вазьмі рублёў. Толькі купюры выбірай якія буйнейшыя, – сказаў ён Лявону і падаў яму невялікі поліэтыленавы мяшок з напісам «Nivea». – Сюды таксама насыпай. Можа, у цябе яшчэ мяшкі ёсьць з сабой?
У Лявона мяшкоў не было. Ён увайшоў у суседні пакой, зірнуўшы дырэктару ў вочы так, што той адступіў на крок, і ўбачыў там дакладна такую ж карціну: гару рублёў у пачках на падлозе. Рублёвы пах быў падобны да даляравага, але адрозьніваўся большай сьвежасьцю. Лявон памяшаў нагой гару. Сярод пачкаў чырвоных дзясятак і зеленаватых дваццатак трапляліся бледна-сінія пяцідзясяткі і ружовыя сотні. Лявон пачаў выбіраць сотні і напаўняць заплечнік, краем вуха слухаючы размову Рыгора з дырэктарам.
– А ты чаго стаіш? Набяры хоць у кішэні баксаў!
– Не, дзякуй.
– Ня будзь дурнем. Ніхто ж не пазнае! Шкадаваць потым будзеш. Усё роўна ж не твае грошы, а казённыя. Чуеш, а золата ёсьціка ў вас?
– Ёсьць і золата.
– Ух! Я чмурэю проста! Мы яшчэ прыйдзем да цябе, зараз усё роўна ня ўцягнем. Ты як, ня супраць? Ха-ха! А суп яшчэ застаўся ў цябе?
Дырэктар маўчаў, палічыўшы пытаньне пра суп не патрабуючым адказу жартам. Але Рыгор не жартаваў:
– Што маўчыш?! Пагарджаеш мяне, ці як? Суп застаўся, кажу?
– Ой! – мяркуючы па голасе, дырэктар атрымаў штурхель руляй. – Прабачце, я думаў, вы не сур'ёзна. Так, застаўся суп! Вы зь якім густам любіце? У мяне харчо і курыны.
– Гэта добра. Абодва паспрабуем. Ты мне вось што яшчэ скажы: навошта ў нядзелю на працы тырчыш?
Читать дальше