– Куды ты пуляеш, дружа? Па кабіне страляй! Ён жа там хаваецца! – папракнуў яго Рыгор і грукануў доўгай чаргою наўскос па кабіне. Паляцелі трэскі; Лявон з захапленьнем назіраў, як на плястыкавай паверхні зьяўляюцца дзіркі. Ён мацней сьціснуў аўтамат, напружыўся і зноўкі пацягнуў цынгель, цаляючы трошкі вышэй за тое месца, куды прысеў служка. Грукат, агонь, трэскі, аскепкі! Лявон ціснуў на цынгель, пакуль аўтамат не заціх сам сабою. Ён паглядзеў на Рыгора. Рыгор глядзеў на яго. У вушох зьвінела, ў вачох плылі жоўта-чырвоныя кругі.
– Дай яшчэ патронаў, – усьміхнуўся Лявон.
– Трымай, – трасучы галавой, Рыгор падаў Лявону поўны магазын. – Старога не выкідвай, можа шчэ спатрэбіцца. Вось на гэтую клямку цісьні, каб высунуць. Ага, добра. Зараз гэты ўстаўляй. Але годзе пакуль што страляць, наш банкір там і так ужо ў катлету. Пайшлі паглядзім.
Банкаўская заля зьмянілася. Падлога была абсыпаная друзам і белівам, ад шыбаў на ўсіх блізкіх кабінах засталіся толькі зубастыя кавалкі, а ў тым месцы, дзе хаваўся служка, кулі прабілі вялікую дзірышчу, падобную да зоркі. Лявон удыхнуў пах пораху, даволі прыемны, ён напомніў яму пах супу. Нагнуўся і падабраў прастакутны шкляны кавалачак. «Чым абумоўленыя абрысы аскепкаў? Пунктамі кулёвых удараў, што задаюць вяршыні ліній-расколінаў, альбо ўнутранай структурай самога шкла?» Але дакончыць думку ён не пасьпеў.
– Уцёк, паскуда! – крыкнуў Рыгор. Ён залез унутар кабіны, але трупа там не было. – Вунь у тыя дзьверы ўцёк, бачыш? І калі толькі пасьпеў! Пабеглі хутчэй за ім!
Між шафай, ля якой служка заварываў сабе гарбату, і крыху далейшай калёнай сапраўды знаходзіліся дзьверы ў службовыя памяшканьні. Лявон памеркаваў, што калі параўнаць велічыню ўсёй будыніны з адносна невялікай Апэрацыйнай заляй, дык службовых памяшканьняў мусіць быць вельмі шмат, і што шукаць там кагосьці можна вельмі доўга, нават содні напралёт. Да тога ж яшчэ невядома, на колькі паверхаў банк сыходзіць углыб зямлі. Падземнае царства гномаў, незьлічоныя скарбы… Можа, застацца тут назаўсёды, сесьці на гномавы трон і справядліва кіраваць? Тым часам Рыгор ужо зьнік за дзьвярыма. Лявон павагаўся, пералезьці праз кабіну або абыйсьці і рассудзіў абыйсьці, бо стальніца была абсыпаная шклом, і можна было парэзацца.
Службовыя памяшканьні пачыналіся вузкім калідорам зь зялёнымі дзьвярыма паабапал. Праваруч, ля наступных дзьвярэй з шыльдай «Прымальня», стаяў Рыгор, прыклаўшы палец да вуснаў і зрабіўшы вялікія вочы. Ён усьміхаўся, і было відаць, што ўсё навокал яму падабаецца і яго забаўляе. Лявон наступіў на шкло, гучна хруснула. Рыгор нахмурыўся і сказаў яму нешта строгае, аднымі вуснамі, бяз голасу. Лявон вінавата ўцягнуў галаву ў плечы і на дыбачках наблізіўся, выглядаючы месца для кожнага кроку.
– Чаго бавішся? – спытаў Лявон шэптам, – Зараз ён выкліча ахову, і нам гамон.
– Ды нікога ён ня выкліча. Я ўпэўнены, ніякай аховы сёньня тут няма. Яны ўсе ў лазьні.
Лявон не разумеў, жартуе Рыгор ці не. Усярэдзіне прымальні чулася валтузьня і гістэрычны голас – мабыць, служка спрабаваў выклікаць па тэлефоне міліцыянтаў.
– Алё! Алё! Алё!
Рыгор падміргваў Лявону, быццам кажучы: «А тэлефон-та не працуе!» І праўда, дзівак гэты службовец, падумаў Лявон, няўжо ня ведае пра праблемы з сувязьзю ў апошні месяц. Пэўна, чапляецца за саломінку. Спадзяецца – а раптам тэлефон запрацуе, дый нехта прыйдзе яго ратаваць.
Тым часам Рыгору надакучыла чакаць, і ён пастукаў у дзьверы сагнутым пальцам:
– Даражэнькая, адчыняй! Інакш я мушу выбіць дзьверы!
Ён радасна глядзеў на Лявона, чакаючы ацэны свайго жарту. З пакою пачуўся нейкі малазразумелы стук, ляск, і ўсё сьціхла.
– Мы пачынаем ламаць! – урачыста абвясьціў Рыгор і дадаў Лявону: – Толькі не страляй. Я падумаў, што калі мы яго заб'ем, дык хто нам выдасьць грошы?
Рыгор адыйшоў на крок і з усёй намогі грохнуў нагой у дзьверы, бліжэй да клямкі. Замок быў слабенькі, і яны адразу ж расхінуліся. Сябры ўбачылі ўсярэдзіне ўтульныя канапкі абапал уваходу, высокія скураныя дзьверы зьлева і вялікі сакратарчы стол пасярэдзіне. Па-за сталом – вакно, расчыненае насьцеж. Служкі не было. Лявон падыйшоў да стала і зазірнуў пад яго. Там стаялі паношаныя карычневыя туфлі.
– У вакно ўцёк! – усклікнуў Рыгор. – Вось каскадзёр!
Ён высунуўся ў вакно і ўбачыў унізе заасфальтаваны ўнутраны дворык, з усіх бакоў закрыты сьценамі. Зьлева, ля вакна, была прычэпленая мэталічная лесьвічка з агароджай, яна цягнулася ўверх, да даху. Рыгор падняў галаву і выялаўся: высока над ім торгаліся ногі і зад служкі, які караскаўся вельмі жвава і знаходзіўся ўжо прыкладна на ўзроўні трэцяга паверху. Рыгор пасьпяшаўся за ім. Лявон назіраў, як ён перакінуў аўтамат за сьпіну, стаў на падваконьнік і схапіўся рукамі за лесьвіцу. Ягоныя ногі патузаліся, зьніклі, а потым на імгненьне зноў мільгнулі ў вакне.
Читать дальше