Паназіраўшы колькі хвіляў за дарогай, Рыгор павярнуўся да торбы і расшпіліў маланку. Палез у яе рукою, спрабуючы намацаць нешта ў глыбіні, але пачкі даляраў былі выкладзеныя шчыльна, і дабрацца да дна яму не ўдалося. Ён з прыкрасьцю мовіў, што забыўся перакласьці рэшткі доктарскай каўбасы ў бакавую кішэню, а яны былі б зараз так дарэчы! Лявон не адказваў.
Рыгор праглынуў сьліну і вярнуўся назіраць праспэкт. І ў час: ўдалечыні паказалася чалавечая постаць. Яна хутка набліжалася, расла, і неўзабаве можна было разгледзець чорную бярэтку, чорны вайсковы строй і трыкутнік бела-сіняй цяльняшкі на грудзёх. Спэцназавец крочыў бакавінай шырока і цьвёрда, ад ягоных высокіх чорных ботаў, даверху зашнураваных, падымаліся воблачкі пылу. Ён выразна махаў адной рукой у тахт крокаў, а другую трымаў на пасу аўтамата, дакладна такога ж, як і ў Рыгора зь Лявонам. Ужо праз хвіліну, узяўшы аўтамат наперавес, ён збочваў на масток, што вёў да банку. Ля ўваходу ён спыніўся, зьняў з поясу пляшку і адпіў колькі глыткоў. Потым выцер вусны рукавом і адважна рушыў унутар. Рыгор зірнуў на гадзіньнік.
– Выдатна! Каб мы тамака хвіляў на пяць затрымаліся, дык невядома, чым магло б скончыцца. А зараз сыходзім! – загадаў ён і ўстаў.
Рыгор падняў торбу, надзеў яе на правае плячо, павесіў аўтамат на шыю і павярнуўся да Лявона. Той спаў, раскінуўшы рукі і прыадчыніўшы рот.
– Знайшоў час! – Рыгор штурхнуў яго красоўкай. Лявон здрыгануўся і расплюшчыў вочы. – Падымайся! Сыходзім! Хутчэй!
Лявон паслухмяна ўстаў, пазяхаючы і праціраючы пальцамі вочы. Рыгор узяў яго за рукаў і пацягнуў да праспэкту. Ён баяўся, што спэцназавец выйдзе вонкі дый заўважыць іх; ягоны твар зрабіўся заклапочаны і злосны. Лявону перадалося пачуцьцё сур'ёзнасьці, і ён таропка пайшоў за Рыгорам па бакавіне. Калі яны адыйшліся ад мастка мэтраў на пяцьдзясят, Рыгор спыніўся, падштурхнуў Лявона ў сьпіну, каб ён ішоў далей, а сам пабег назад, да ўваходу. Напружваючыся, ён падцягнуў да дзьвярэй чыгунавую сьметніцу, стварыўшы невялікую барыкаду. Калі ён бегам дагнаў Лявона, ягонае дыханьне было цяжкім, твар заліваў пот. Лявон прапанаваў паднесьці ягоны аўтамат, выказаўшы здагадку, што страляць ужо наўрад ці прыйдзецца.
– Дзякуй, браценік! – выдыхнуў Рыгор, аддаючы яму зброю.
Лявон цяпер крочыў першым, разглядаючы ў пыле сьляды спэцназаўца, і думаючы, ці зручна яму ў гэтых чорных ботах. Цікава, яны носяць шкарпэткі або анучы? Ён нават хацеў задаць гэтае пытаньне ўголас, але потым рассудзіў, што ня час. Яны шпарка рухаліся праспэктам Дзяржынскага да цэнтру і неўзабаве дасягнулі скрыжаваньня-круга, ад якога ішоў на паўднёвы ўсход праспэкт Жукава. Увайшоўшы ўнутар круга, пакрытага выгарэлай ны сонцы травой, Рыгор спыніўся, скінуў торбу і сказаў Лявону:
– Пасядзім пяць хвіляў? Сьпякотна.
Ён апусьціўся на зямлю, выцягнуў ногі і абапёрся рукамі назад. Лявон, застаўшыся ў яго за сьпіной, няўпэўнена пераступіў з нагі на нагу дый мовіў:
– Мне, мусіць, пара, – Рыгор зьдзіўлена павярнуўся да яго. – Мне туды.
Лявон павёў падбародкам на поўнач, дзе пачынаўся праспэкт Пушкіна. Рыгор адразу забыўся аб стомленасьці і сьпякоце, падхапіўся і пачаў горача пераконваць Лявона, што йсьці дадому небясьпечна. Лепш трымацца разам, і лепш затаіцца. Ён прапанаваў перачакаць некаторы час у ягоных гаражох. Лявон імлява пагадзіўся, не зусім разумеючы, што дасьць ім перачаканьне. Калі ўжо цябе высачаць, дык адседжвайся ці не, гэта нічым не дапаможа, хіба не? Але на спрэчку не было сілаў. Акрамя таго, бываць у гаражох яму раней не даводзілася, і думка пра іх абуджала ў ім смутную цікавасьць. Лявон уяўляў сабе вялізарныя памяшканьні з паўкруглай стольлю на складаных рашэцістых мэталяканструкцыях – ён бачыў такія гаражы ў адным з часопісаў.
Калі яны прамінулі Траецкае прадмесьце, Лявон адчуў, што больш ісьці ня мае сілы: аўтаматы нацёрлі плячо, а заплечнік зь мяшком, якія здаваліся спачатку маленькія і лёгкія, пасьля доўгага шляху зрабіліся каменна цяжкія. Ён паклікаў Рыгора, што зноў крочыў наперадзе, і прапанаваў зрабіць прывал. Рыгор таксама стаміўся і маўчаў толькі з асьцярогі, што Лявон ізноў захоча сысьці. Цяпер, калі гаражы сталі бліжэйшыя за Лявонаву хату, і вяртацца назад ён наўрад ці пажадаў бы, можна было і адпачыць. Яны збочылі ў парк ля Опэрнага тэатра і плюхнуліся на адну з даўгіх гранітавых лавак.
– Стаміўся? Ну, патрымай крыху, галоўная справа зробленая! Ты давай пасядзі, а я ў гастраном па чыпсы зьлётаю, – за час, праведзены ў дарозе, Рыгор дужа згаладнеў, і пустэча ў ягоным жываце патрабавала запаўненьня.
Читать дальше