Лявон, адказаўшы на словы Рыгора слабым ускалыхам галавы, адкінуўся на сьпінку лаўкі, выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы.
Рыгор вярнуўся праз чвэрць часу з двума вялізнымі пачкамі чыпсаў, скруткам гарачых сэндвічаў, трыма бутэлькамі піва і літрам апэльсінавага соку, асабіста дзеля Лявона. Лявон моцна спаў. «Дзіўны дзяцюк гэты Лявон. Колькі ўжо можна спаць? Таму ён такі і затарможаны, што сьпіць помногу». Рыгор сеў побач, адкаркаваў піва гайкавым ключыкам нумар трынаццаць і ўзяўся за сэндвічы.
Было ціха і цёпла, недзе ўглыбіні парку сьпявала птушка. Рыгор глядзеў на шэры, змрочны фасад Опэрнага тэатра і, жуючы, разважаў, што ў гэткай пабудове добра было б выконваць Вагнэра. Ці бываюць там наогул канцэрты? Успомніўшы ўвэрцюру да «Валькірыі», ён закалыхаў галавой у тахт музыкі і замыкаў у нос. Зьеўшы другі сэндвіч, ён зьняў красоўкі, сьцягнуў шкарпэткі, акуратна паклаў шкарпэткі на красоўкі і выцягнуў стомленыя ногі побач з нагамі Лявона, трохі даўжэйшымі. Салодка паварушыў пальцамі. «Як добра ўсё атрымалася! Так лёгка і проста!» – ягоныя думкі перацяклі на ўдалае рабаваньне. Можа пералічыць зараз грошы? Не, потым. Ён залетуцеў, як будзе выбіраць і купляць кватэру. У якім раёне лепш? Можа, недзе тут, у цэнтры? Ціха, сьвежа. Тэатар побач, дарэчы. Гуляй сабе ў парку навокал, валяйся на траве, жуй вэнджаныя каўбаскі. Улагоджаныя думкі Рыгора перапыніліся, калі ягоная рука, працягнутая па наступны сэндвіч, намацала толькі пусты мяшок з хлебнымі дробкамі. Ён зірнуў на Лявона і рассудзіў, што калі санліўцу не дасталася сэндвічаў, дык у гэтым вінаваты толькі ён асабіста. Стане яму і чыпсаў. Але калі ж ён прачнецца? Рыгор апусьціў пустую бутэльку і мяшок з дробкамі ў чорную чыгунавую сьметніцу, адкаркаваў другое піва і ўзняўся, выпрастаўся. Заманіўшыся крыху прайціся басанож, ён накіраваўся да тэатра.
Ягоныя падэшвы прыемна ступалі па ўгрэтым сонцам пліткам, падмінаючы мяккую траўку, што прабівалася паміж імі. Накіраваўшыся па прыступках да галоўнага ўваходу і разглядаючы ўзьнёслыя фігуры на портыку, Рыгор намагаўся падымаць босыя ногі вышэй, каб ня ўдарыць пальцамі аб камень. Прайшоўшы паміж квадратнымі калёнамі, ён убачыў у адной зь нішаў тое, чаго невыразна спадзяваўся – афішу. Напісаная бэзавым алоўкам на белым кардонавым аркушы, яна здалася яму дзіўнай і неналежнай. Але раней афішы яму ніколі не трапляліся, параўноўваць было не з чым, і ён адагнаў сумневы. Пачаўшы чытаць, Рыгор нават сьвіснуў са зьдзіўленьня – афіша абяцала ў найбліжэйшай будучыні ўрачыстае адкрыцьцё сэзона і паведамляла, што вядзецца рыхтоўля да пастаноўкі опэры Вагнэра «Лятучы Галяндзец». Ніякіх падрабязнасьцяў і дат не вызначалася. Рыгор перачытваў яе колькі разоў запар і дзівіўся сам на сябе – як яму раней не прыходзіла думкі наведаць тэатар? Ён пацягнуў дзьверы, але яны не паддаліся. Рыгор адпіў з бутэлькі. «Мабыць, нядзеля ў іх выходная. Трэба будзе прыйсьці сюды ў які будзень дый даведацца дакладную дату пастаноўкі. Выдатны дзень сёньня! Дзень перамогаў, посьпехаў і добрых навінаў». У найлепшым гуморы ён спусьціўся назад і пабудзіў Лявона.
Праз гадзіну яны дабраліся да гаражоў. Ахоўнік дзядзя Геня ўжо быў на месцы, незвычайна рана для сябе. Ён прадыхаўся ля свае цаглянае хаткі і ўбачыў іх здалёку: памахаў смуглай валасатай рукою дый падняў шлягбаўм. Патрэбы ў гэтым не было ніякай, але яму падабалася гэткім парадкам паказваць вартасьць сваіх службовых абавязкаў. Дзядзя Геня выглядаў тыповым вяскоўцам-гаспадаром, ужо не маладым, але яшчэ не пажылым, жылаватым, з пасівелым шчэцьцем, у старых нагавіцах са стрэлачкай і замытай белай суколцы. Ураніцу і ўвечары дзядзя Геня корпаўся з жонкаю на лецішчы, а калі-нікалі ўдзень на гадзіну-дзьве прыходзіў да гаражоў, пабалбатаць з Рыгорам і адгадаць крыжаванку. І ўсё ж пра становішча ахоўніка ён меў асаблівае ўяўленьне – ён лічыў сваю пасаду ў некаторым родзе кіравальнай. Таму, падняўшы шлягбаўм, ён ня стаў сустракаць Рыгора і Лявона на нагах, а дзеля самавітасьці вярнуўся ў будку, надзеў на нос свае ўлюбёныя акуляры без аправы і ўзяў у руку аловак. Акуляры бліснулі ў сонечным промні.
– Дзядзя Геня – добры мужык. Свой чалавек, – патлумачыў Рыгор Лявону, калі яны параўняліся зь сіняй водакалёнкай, і крыкнуў: – Здароў, дзядзь Гень! Як маесься?
Дзядзя Геня заўсьміхаўся, зарухаўся за шклом. Ані не зьдзівіўшыся на аўтаматы за плячыма ў сяброў, ён высунуўся ў дзьверы і з воклічам «Лаві!» кінуў Рыгору вялікі чырвоны яблык. Рыгор лёгка злавіў яго, перадаў Лявону, а сам запусьціў руку ў торбу з грашыма. Праходзячы паўз адчыненых дзьвярэй, спрытна шпурнуў туды тугі пачак грошай і патрапіў наўпрост на калені дзядзе Гене.
Читать дальше