– Сядай, – тата паказаў на аблезлы фатэль з мэталічнымі ножкамі. – Па што прыйшоў?
– Рыгора шукаю. У лазьні яго няма, дома няма. Дзядулі каля вашага пад'езду сказалі мне, дзе вы працуеце, дык вось я і прыйшоў спытаць. Можа, вы ведаеце, дзе ён?
– Навошта табе Рыгор, сынку? – Тата пільна разглядаў нешта на чаравіке, напятым на руцэ, потым паставіў яго на варштат і запусьціў наждак.
– Мы зь ім дамовіліся сустрэцца сёньня, а я спазьніўся. Цяпер вось шукаю яго ўсюды.
Тата, не адказваючы і ня гледзячы на Лявона, працяжна высмаркаўся ў хустачку, прамакнуў ноздры ейным сухім кончыкам, а потым высунуў шуфляду і, ляснуўшы, выцягнуў адтуль вялікі нож, зроблены з шырокай сталёвай пласьціны. Стаўшы да наждака, які вярцеўся з магутным гудам, ён акуратным рухам прыціснуў нож да паверхні каменя. Пырснулі іскры. Праз паўхвіліны тата спыніў станок, падняў нож да вачэй і, прыжмурыўшыся, ацаніў лязо. Тым часам Лявон, не гнятучыся маўчаньнем, ўдыхаў прыемны пах клею і разглядаў незвычайныя рэчы, якімі была напоўненая майстэрня: кавалкі рыфлёнае гумы, скруткі тоўстых нітак розных колераў, слоічкі зь цьвікамі, кардонавыя скрынкі з абцасамі і падэшвамі, няроўныя палосы чорнае і рудае скуры, калекцыю вялікіх грозных нажніц. Раптам Лявон заўважыў, што тата павярнуў галаву і спадылба глядзіць яму ў твар. У ягоных грудзях нешта сьціснулася, і ён, халадзеючы, устаў з фатэля. Тата набліжаўся, нож у вялізарнай далоні быў накіраваны на Лявона. На лязе гулялі халодныя люмінясцэнтавыя блікі. Лявон адступіў да дзьвярэй.
– Мая табе парада, сынку, – павольна сказаў тата, – Кінь думкі пра Рыгора. Калі яшчэ ўбачу цябе зь ім – пашкадуеш. Давай бяжы адсюль, ну!
«Вар'ят стары! – думаў Лявон, вяртаючыся да лазьні, – Гэта ён з усімі так, ці толькі са мною? Зараз зразумела, чаму Рыгор хоча жыць асобна. Дзіўна, як ён яшчэ жывы застаўся». Спалох надаў Лявону сілаў, ён забыўся аб стомленасьці і шпарка йшоў назад уздоўж парку, падымаючы левую руку і праводзячы пальцамі па лісьцю кустоў. Ён ужо наважыўся, што цяпер накіруецца да банку і будзе чакаць там Рыгора, пакуль не дачакаецца. Пакрысе спакайнеючы, ён ізноў перайшоў мост і запаволіў крок, вагаючыся, ці зазірнуць яму ў лазьню яшчэ разу, запытацца пра найкарацейшы шлях да банку. Сонца стаяла яшчэ даволі высока над дамамі Серабранцы, і Лявон зьмеркаваў, што яно зараз на захадзе ці на паўночным захадзе, і калі ісьці кірункам да яго, па мажлівасьці забіраючы ледзь лявей, дык міма Паўднёвага Захаду ніяк не абмыхнешся. Заходзіць у лазьню ён ня стаў і рушыў вуліцай Крупскай, да сонца.
Ягоныя развагі сталіся слушныя, але ён змарнаваў на дарогу значна больш часу, ніж разьлічваў. А пачатку восьмай, калі ён выйшаў на вуліцу Ванеева, зьявіліся вялікія вечаровыя жукі, якія з кароткім гулам праляталі між дрэў, а яшчэ праз паўгадзіны, набліжаючыся да праспэкта Маякоўскага, ён назіраў, як дыск сонца, астываючы, кранае дахі пяціпавярховак. Паўз аэрадрому ён праходзіў у прыцемку, ужо пры сьвятле ліхтароў павярнуў на Чыгуначную вуліцу, і бяз чвэрці дзевяць выйшаў на фінішную прамую: наперадзе праглядалася буйная, цёмная будыніна банку.
Глупствам было б спадзявацца сустрэць Рыгора, але Лявон, ня маючы сілаў утрымацца ад надзеі, узіраўся ў кожны цень, які б хоць прыблізна нагадваў чалавечую постаць. Ля мастка, што вёў да галоўнага ўваходу ў банк, ён спыніўся. Масток асьвятляўся ліхтарамі, малочна-белымі кулямі на высокіх ножцах, і напіс, пакінуты на асфальце Рыгорам, нават можна было б прачытаць, прысеўшы на кукішкі. Напіс парадаваў і падбадзёрыў бы Лявона, але разглядаць асфальт яму ў той момант не прыйшло ў галаву. Убачыўшы наперадзе аўтобусны прыпынак з парай лаваў, ён падыйшоў да іх і прысеў. Ён дужа стаміўся за сёньняшні дзень, хацеў спаць і марыў пра апэльсінавы сок, апошні глыток якога быў выпіты яшчэ гадзіну назад.
Праз дарогу ўтульна сьвяціліся вокны Макдональдса, у які Лявон па галечы ніколі не хадзіў. Але цяпер ён быў нагэтулькі стомлены, што занядбаў усе эканамічныя меркаваньні. Сабраўшы сілы, ён ізноў устаў і пайшоў на сьвятло, з прыкрасьцю думаючы пра тое, што быў бы ўжо казачна багаты, калі б гэтак па-дурному не праспаў рабаваньня. Макдональдс абкружалі шэрагі круглых летніх столікаў зь лёгкімі мэталічнымі стольцамі, якія паблісквалі ў сьвятле вокнаў і ліхтароў. Усярэдзіне было бязьлюдна, пахла сьвежасьцю і пральным парашком. Лявон наблізіўся да стойкі і ветліва пакашляў, аднак ніхто не адгукаўся. «Але калі ўваходныя дзьверы адчыненыя, дык хтосьці ж мусіць працаваць? Пачакаю колькі хвіляў».
Читать дальше