– Мне два калашы патрэбныя, дружа. Вельмі патрэбныя, – падкрэсьлена засмучаным голасам мовіў Рыгор. Ён разгледзеў крадком сваю куртку – на грудзёх было колькі чорна-іржавых палос. У гэты момант скрыпічны канцэрт скончыўся, і настала цішыня. – Гэта Паганіні граў? Магу дыскаў табе прынесьці паслухаць, у мяне іх шмат. Раз ужо з альбомамі такая прыкра выйшла. Ці скажы, якія іншыя кнігі патрэбныя, я пашукаю.
Напружаная атмасфэра ўжо пачала раздражняць Рыгора, замільгалі абрыўкі думак пра гвалт над Антосем. Ён падумаў, што сказаў ужо досыць, што цяпер хай кажа Антось, калі хоча, і павярнуўся да стала. На ім ляжаў разгорнуты альбом зь незразумелымі абстрактоўнымі кампазыцыямі. Абедзьве старонкі развароту былі запоўненыя супляценьнем каляровых плямаў, лініямі, кропкамі. Каб разгледзець абстракцыі лепей, Рыгор падняў альбом са стала, і ўбачыў пад ім вялікую паперу з алоўкавымі малюнкамі кацянят.
– Гэта ты намаляваў, браценік? Якая прыгажосьць! – не ўтрымаўся Рыгор і з захапленьнем павярнуўся да Антося.
Антось выпрастаўся і стаяў, пачырванеўшы са зьбянтэжанасьці. Рыгор здагадаўся, што сваім зьяўленьнем ён перапыніў ночныя натхненьні мастака-пачаткоўца, і схаваныя ў шуфлядзе былі хутчэй за ўсё алоўкі. Ён паклаў альбом, узяў малюнак у рукі і разглядаў. Намаляваных каляровымі алоўкамі каткоў было зь дзясятак, галоўным парадкам яны сядзелі, сьціпла абгарнаючы сябе хвастамі, адзін спаў, а адзін выгінаў сьпіну.
– Асабліва вось гэтыя трое добрыя! Як жывыя. Такі прыгажун! – Рыгор правёў пальцам па паласатым баку кацяняці, крайняга з трох, размаляванага аранжавым і жоўтым. – А шчанюкоў можаш?
Антось падыйшоў, нахіліўся і нясьмела спытаў, які менавіта прыгажун. Ад яго дыхнула адэкалёнам і часныком. Рыгор тыцнуў у прыгажуна.
– Так, гэта мой улюбёны, як ты здагадаўся? Шчанюкоў таксама магу, але каткі мне больш даспадобы. Калі дакладней, дык кацяняты і шчанюкі роўна любыя, але ведаючы, хто зь іх потым вырасьце, немажліва ставіцца да іх аднолькава.
– Што ты маеш на ўвазе? – Рыгор неўзаметку расчыніў куртку так, каб брудных палос на грудзёх не было відаць, але жывот хаваўся.
– Я маю на ўвазе тое, што са шчанюкоў потым вырастаюць сабакі, таксама харошыя, але батрацкія стварэньні, занадта залежныя ад чалавека. Тым часам як каты выдатныя бездакорна. І калі яны зьлёгку пыхлівыя, дык гэта мне падабаецца.
– А чаму ж ты ня возьмеш сабе жывых кацянят?
– На гэты конт у мяне другая тэорыя, – усьміхнуўся нарэшце Антось. Гэта была ягоная першая ўсьмешка, і яна даканцова скарыла Рыгора. – Калі хочаш добра маляваць кацянят, дык мець іх нельга. Трэба сумаваць па ім, марыць пра іх. Малюнак з натуры надта роўны і просты, я б на’т сказаў – неадухоўлены. Нават ягоная вонкавая форма не дасканалая, як можа падацца на першы погляд, яна толькі суха адбівае відомае воку. Поўная ж дасканаласьць дасягаецца працай душы і сэрца.
Рыгор паківаў. Ён трымаў у руках малюнак і наважыўся абавязкова выпрасіць яго сабе. Дзеля падтрыманьня гутаркі ён спытаў:
– Але хіба нельга зрабіць накід з натуры, а потым укласьці ў яго душу, калі канчальна дамалёўваць будзеш?
– Нельга. Душа мусіць быць у кожнай лініі кацяняці, пачынаючы з самай першай і канчаючы самай апошняй.
Яны пагутарылі яшчэ колькі хвілін, ужо без усялякай напругі, амаль як старыя сябры. Потым Антось сам прапанаваў схадзіць на склад зброі, а на пытаньне, што Рыгор будзе яму абавязаны, толькі махнуў рукой. Рыгор ужо шкадаваў, што прышоў да Антосю па справе, а не проста так. Любы чалавек! Але зь іншага боку, не прыйдзі ён па справе, як бы яны пазнаёміліся? Каб ісьці вонкі, Антось зьняў тэпцікі і надзеў боты. Паводле ягоных слоў, склад знаходзіўся побач, хвілінах у пяці хады. Перад сыходам Рыгор спытаў, ці ня знойдзецца ў Антося чаго пад’есьці. Антось з ахвотай прапанаваў зайсьці ў сталоўку, у будынку насупраць.
– Але зараз жа ноч? Там пэўна зачынена і нікога няма?
– Адчынім. Знойдзем што паесьці. Я таксама адчуў апэтыт, гледзячы на цябе! Гэта на’т рамантычна – вячэраць удваіх ціхай летняй ноччу.
Неўзабаве яны ўжо ўваходзілі ў сталоўку. Антось павярнуў уключальнік, і на столі загулі і заміргалі, запальваючыся, лямпы дзённага сьвятла. Па прасторнай зале цягнуліся шэрагі сталоў з лаўкамі, а ў адным з кутоў зьмяшчалася раздаткавае акенца і дзьверы на кухню. Антось рушыў наўпрост туды, Рыгор за ім. Яны апынуліся ў шырокай паўцёмнай кухне зь вялізнымі электраплітамі, шырокімі сталамі ды халадзільнікамі.
Читать дальше