Дзядзька Васіль зарагатаў, трасучы выстаўленым уверх сухенькім адзінцам, а дзядзька Міхась захлынуўся з абурэньня і колькі сэкунд маўчаў, спрабуючы набраць у грудзі паветра. Не чакаючы адлупу, Рыгор махнуў ім рукой.
Рыгор пайшоў ува ўсю сілу. Спазьніцца ён ня мог, бо пэўны час сустрэчы ніхто не пазначаў, але яму карцела хутчэй дабрацца да месца. Да тога ж ён нечакана падлавіў сябе на тым, што адчувае боязь перасьледу, нічым не абгрунтаваную. Рыгор пасьмяяўся сам зь сябе: ну хто, хто можа гнацца за ім? Але трывожнае пачуцьцё засталося. Увечары, у прыцемку, ішлося прыкметна лягчэй і хутчэй. Запаліліся ліхтары, і ён пачаў назіраць за сваім ценем, як той, насычана-чорны, узрастае з-пад ног, бляднее, рашчыняецца па меры падаўжэньня і, нарэшце, саступае месца новаму, ад наступнага ліхтара. Насустрач трапляліся ночныя матылькі ды нейкія невялічкія жукі, што праляталі мэтліва і нячутна, удзень ён аніколі такіх ня бачыў. Калі яны траплялі пад сьвятло ліхтароў, на асфальту можна была заўважыць іхныя ценьчыкі, дробныя і бясформавыя.
Дарога была нескладаная, але доўгая, нават даўжэйшая чымся да працы. Прайшоўшы, па адчуваньні, палову шляху, Рыгор узгадаў, што ня ўзяў з сабою падсілкавацца. Усе крамы былі ўжо зачыненыя, і ён зьлёгку запанікаваў. Ён паляпаў па кішэнях і знайшоў-такі маленькую мятную цукерку, якую адразу ж адправіў у рот, а фаньцік сунуў назад у кішэню.
Да брамы вайсковага гарадку Рыгор наблізіўся ўжо поўнай ноччу. Бліжэйшы ліхтар не гарэў, над галавою змрочна высіліся вялізныя хвоі. Весьнічкі сталіся зачыненыя, гузіка пазваніць ён не знайшоў. Сама брама была вельмі высокая, з тоўстых жалезных дубцоў, з вострымі дэкаратыўнымі дзідамі зьверху. Пра тое, каб пералезьці празь іх, можна было і ня думаць. Ён хвіліну пастаяў ля брамы, у надзеі, што яго заўважаць. Ледзь відомы наперадзе КПП быў незаселена цёмны. «Антоооось!» – крыкнуў ён, адважыўшыся парушыць цішыню. Пастаяў яшчэ хвіліну – ці пачуе Антось? «Няўжо Андрон мяне падмануў? Не, ня мог ён гэта зрабіць!» Рыгор раззлаваўся. Ён пайшоў уздоўж плота, разважыўшы, што ў ім можа сустрэцца якая шчыліна. Але плот быў непрыступны, белыя бэтонавыя пліты без адзінае шчыліны цягнуліся наперад і наперад. Прайшоўшы мэтраў пяцьсот, Рыгор у роспачы стаў шукаць у кішэнях яшчэ адну цукерку. Ён паабяцаўся цяперака заўсёды мець пры сабе дзясятак цукерак. «А раптам Антось адыходзіў у прыбіральню, прыкладам? Акрамя таго, можна ж паспрабаваць падлезьці пад брамай», – ён узрадаваўся на гэтую новую мажлівасьць і павярнуў назад.
За паўгадзіны ягонае нябытнасьці нічога не зьмянілася. Будка КПП цямнела за брамай, весьнічкі былі зачыненыя. Між брамай і асфальтам можна было прасунуць хіба што руку. Думка пра вяртаньне ні з чым разьюшыла яго. У прыкрасьці Рыгор схапіўся за дубцы і патрос іх. Брама трошкі варухнулася. Ён пашукаў вачыма замок або завал, але створы брамы нічым не злучаліся. Мабыць, брама зачынялася электрычнымі штурхачамі, зьмешчанымі ў падмурку. Рыгор паспрабаваў рассунуць створы, і яны зь вялікай цяжкасьцю паддаліся, утварыўшы шчыліну, у якую ён бязь лішніх роздумаў пачаў шчаміцца. Моцна прыціснула жывот, але ён напружыўся і вырваўся ўнутар. Створы пругка злучыліся за ім. «Як усё проста сталася. Вось толькі куртку прыйдзецца зараз праць». У цемры не было відаць, ці запэцкалася куртка, але Рыгор у гэтым не сумняваўся. Ён як мог атросься. «Халера зь ім, якая справа Антосю да маёй курткі? Брудная яна ці не, усё роўна».
Рыгор наблізіўся да КПП і зазірнуў у вакно. Там бачыўся стол зь нязьменнымі газэтай і алоўкам, і фатэль за ім. Далей была цемра. «Можа, ён сьпіць на падлозе? Яны ж тут вайскоўцы, а значыцца спартанцы». Рыгор абышоў будку вакол. З далёкага боку ў будцы была дзьверка, зьнізу засьветленая ліхтаром, а зьверху пакрытая чорным ігольчастым ценем ад галін суседняе хвоі. «Шкада, Лявона няма – падзівіўся бы на прыгажосьць», – Рыгор адважна штурхнуў дзьверку. Яна была незачыненая; сьвятло ліхтара і чорны ўзор імгненна трапілі ўсярэдзіну і ляглі на падлогу, часткова асьвятліўшы шафу ля задняе сьцяны. «Анікога. Дзе ж цяпер шукаць гэтага чортава Антося?» Ён увайшоў у будку, памацаў рукою па сьцяне побач зь дзьвярыма. Уключальнік сапраўды знайшоўся, загарэлася сьвятло. Ігольчасты ўзор ізьнік, але затое ў пакоіку адразу зрабілася ўтульна. Рыгор рассудзіў ненадоўга застацца ў КПП і адпачыць. Можа, Антось убачыць сьвятло і прыйдзе даведацца, хто яго ўключыў? Рыгор прычыніў дзьверы, паставіў торбу на падлогу і, паддаўшыся натхненьню, расчыніў шафу. Ягоныя надзеі спраўдзіліся: на адной з вольных ад папер палічак ляжаў пачаты пакунак дробных пернічкаў. Ён з палёгкай згроб яго, зачыніў шафу, сунуў пернічак у рот і сеў за стол. Пернік быў чэрствы, амаль каменны, і прыйшлося пасмактаць яго перад тым, як раскусіць. Але гэта было лепш за нічога, і на душы ў Рыгора трохі паспакайнела. Ён прыцягнуў газэту, яна менавалася «Савецкая Беларусь». Рыгор перагарнуў яе апошняй старонкай уверх, але крыжаванкі там не было. Не было яе і на папярэдняй. «Дзіўна, навошта ж тады аловак?» Рыгор гартаў газэту ў пошуках якіх падкрэсьленьняў ці пазнак на палёх, але ўсё было чыста. У шуфлядах было пуста.
Читать дальше