– Лёгка абыйсьціся, так? Ну дык паспрабуйце!
– Пачакай, а сьняданак!..
Але Рыгор, чырвоны з гневу, пляснуў дзьвярыма і выйшаў прэч. Калі ён завязаў матузкі, з пакою таты ўжо паплылі гукі нейкай дурной сарабанды. «Я яго аднойчы заб'ю, гэтага старога кабана! Пэўна, ён проста зьдзекуецца зь мяне. Ведае, што я нікуды ад яго не падзенуся». Рыгор уявіў тату ў парыку і легінсах, быццам той галантоўна танцуе на люстраным паркеце пад гукі клявэсына, і гэта трохі яго разьвеяла. Зьбягаючы лесьвіцай уніз, ён ужо больш спакойна падумаў, што немажліва быць чалавекам, ня будучы пунктам адліку. Што хіба не чалавек спарадзіў на’т гэтыя кастрацкія канцоны? І што рамантычную музыку таксама можна ўявіць у выглядзе абстракцыі, апісаўшы яе матэматычнымі формуламі, толькі значна больш складанымі, чымся формулы барока. Але дзе ж, чорт дзяры, узяць нарэшце грошы на кватэру?
На вуліцы яго сустрэла яркае сонца, і Рыгор незадаволенна адзначыў, што ўжо пачаў пацець. Дзядзька Васіль і дзядзька Міхась сварыліся каля суседняга пад'езду: дзядзька Васіль адной рукой трымаў дзядзьку Міхася за верхні гузік кашулі, а другою трос у паветры. Рыгор падзівіўся на моц спрэчкі, празь якую справа дайшла аж да фізычнага кантакту. Іншага разу ён абавязкова пацікавіўся бы пра тэму, але сёньня не хацеў спазьняцца да сустрэчы зь Лявонам. Добра было б нават крыху раней прыйсьці, каб да зьяўленьня Лявона прагрэць апарню як мае быць. А зь іншага боку, было б прыемна паказаць яму працэс ува ўсёй прывабнасьці, каб ён уразіўся.
Рыгор павярнуў за рог дому і сутыкнуўся тварам да твару з Андронам.
– Здароў, браценік, – нарасьпеў мовіў Андрон, спыняючыся і знарок павольна падымаючы руку да ўзроўню пляча, каб потым з размаху пляснуць Рыгора па далоні.
На раёне Андрона ведалі за хвацкага крымінальніка. У свой час ён адседзеў у вязьніцы за ўзлом аўто і крадзёж магнітолаў, а цяпер займаўся, паводле ягоных слоў, бізнэсам. Што гэта быў за бізнэс, Рыгор ніколі не цікавіўся. Часам яны бачыліся на вуліцы, гутарылі пра музыку, калі-нікалі мяняліся дыскамі. Ува ўсім, што датычылася музыкі, Андрон цалкам згаджаўся з Рыгорам і гатовы быў слухаць усё запар, таму хоць неяк ахарактарызаваць ягоны густ было немажліва. Рыгор нават падазраваў, што Андрон наогул ня слухае музыку, а размаўляе пра яе празь нейкія іншыя меркаваньні.
Рыгор глянуў у спакойныя злачынныя Андронавы вочы, і ў ягонай галаве бліснула і загарэлася выразная думка: няма чаго разважаць, трэба пайсьці і абрабаваць банк. Думка была ўпэўненая, цьвёрдая і ўжо адразу вырашаная. Рыгор узрадаваўся гэтай вырашанасьці і пэўнасьці будучых дзеяў. І таксама Андрону, які сустрэўся вельмі дарэчы – гэта быў менавіта той чалавек, у якога можна даведацца пра зброю.
– Пашто сумны? Маркотны ты нейкі, – ад Андрона, як заўсёды, моцна пахла адэкалёнам. Кароткая стрыжка, навюткія красоўкі, ладны спартовы гарнітурык, зашпілены даверху, што ў гарачую сонечную раніцу крыху зьдзіўляла. – Давай, раскажы старому сябру.
Яны закурылі, і Рыгор расказаў Андрону, што сілаў ягоных больш ніякіх няма трываць гукі клявэсыну. Андрон паставіўся сур'ёзна і прапанаваў дапамогу:
– Клявэсын – сапраўды брыдота, Рыгору. Нельга гэткае трываць. Хочаш, мае хлапцы яму ногі пераламаюць? – ён зрабіў няпэўны, але пагрозьлівы жэст.
Рыгор пасьпешліва папрасіў Андрона не чапаць цесьця:
– Хто яму потым ваду будзе насіць? Мне ж і прыйдзецца. Дый наогул чалавек ён нядрэнны. Ты мне лепей скажы, дзе пісталет можна здабыць? Вось як пачне тата клявэсын слухаць, я йго пісталетам і шугану! Адразу мазгі на месца ўстануць.
Андрон зарагатаў: ці можа гранатай шугануць? Рагатаў ён з роспачным выглядам, шырока адкрываючы рот і вочы, з чаго здавалася, што сьмех струмяніць не весялосьць, а пагрозу, і што ён любога моманту можа кінуцца на суразмоўцу і пачаць зьбіваць. Рыгора заварожваў гэты эфэкт, вось і цяпер ён ізноў адчуў прыцягненьне да Андрона; каб утрымацца і не паклікаць яго з сабой у банк ці ў лазьню, ён узгадаў сонна-нябытны Лявонаў твар. Паглуміўшыся, Андрон паведаў пра аднаго знаёмага прапара з вайсковага гарадку ўва Ўруччы, які захапляецца жывапісам, зьбірае альбомы і за добры альбом можа вынесьці са складу амаль што мінамёт.
– Да брамы падыдзеш дый гукнеш яго. Клічуць Антосем. Ён звычайна ля КПП бадзяецца. Як ісьці туды ведаеш? Ну і насьмяшыў ты мяне, браценік. Я б табе сам Макарава падагнаў, але выяўляцца не хачу. Будзь! Шчасьліва.
Андрон, як звычайна, рэзка спыніў размову і рушыў прэч. «Якая ўдалая сустрэча! – радаваўся Рыгор. – Вось і са зброяй ужо нешта зразумелася. Возьму пару альбомаў у таты, ён не зьбяднее».
Читать дальше