Лявону не было сьмешна. Аднак ён зьдзівіўся, што Рыгор ня толькі зразумеў іхную размову, але і пасьпеў яе пераварыць. Тата, таксама бязь ценю ўсьмешкі, заўважыў, што назаві адзін цар іншых дурнямі, дык тыя адразу б абвясьцілі яму вайну. «Вайну!» – паўтарыў ён з націскам. Павісла паўза. Нарэшце Рыгор рэзка ўстаў, пахіснуўшыся.
– Ну ўсё! Хадзем дадому! – сказаў ён тату. – Лявон, рады быў знаёмству. Дай мне свае кантакты, можа шчэ сустрэнемся.
Лявон прадыктаваў адрас і тэлефон. Рыгор занатаваў іх на мятую паперку, дапіў залпам піва і рушыў да выйсьця. Тата таксама ўстаў, моўчкі паціснуў Лявону руку і пайшоў усьлед. Gf Лявон сядзеў у замяшаньні. Што магла значыць уся гэтая сцэна? Чаму Рыгор занэрваваўся? Саромеецца свайго цесьця?
Зьявіўся буфэтнік, узяў пустыя бутэлькі і спытаў Лявона, ці будзе ён даядаць піццу. Лявон паматаў галавой. Буфэтнік прыбраў талеркі й, зірнуўшы на яго, з усьмешкай падміргнуў у бок выйсьця, дзе толькі што зьніклі Рыгор з татам.
– Так сябруюць, так сябруюць!
Голас у буфэтніка быў тонкі і пакеплівы, яму відавочна карцела пабалбатаць, але Лявон на сёньня ўжо перапоўніўся зносінамі і прамаўчаў. Нясьцерпна карцела прылегчы і паспаць. Ён прымусіў сябе спачатку ўстаць, потым дайсьці да дзьвярэй бара, потым да выйсьця з лазьні. Там было неба, і яму палягчэла.
4. Як Лявон ды Рыгор змовіліся
Тыдзень прайшоў хутка і непрыметна. Але назваць яго пустым не павярнуўся б язык – нагэтулькі лагоднае і павольнае было жыцьцё. Лявон хадзіў на інстытут і дадому, адпачываў на лаўках, чытаў часопісы, піў сок. Надвор'е стаяла прыемна сонечнае, зь лёгкімі белымі палосамі ў нябёсах. Увечары зьяўляліся аблокі, і дзякуючы ім заходы былі пышнымі і ўрачыстымі. Да свае вялікае прыкрасьці, Лявон жыў на трэцім паверсе, і дрэвы не дазвалялі атрымаць паўнавартаснае асалоды ад заходаў. Усяго ж паверхаў было дзевяць, і аднаго дню ў яго зьявілася дарэчная думка: спраўдзіць, ці ёсьць наверсе выйсьце на дах. Каб не забыцца пра думку, ён зьдзейсьніў яе адразу. Лявон падняўся на ліфце на дзявяты паверх, адчуваючы прыемную незвычайнасьць і нават таямнічасьць сваіх дзеяў. Паверх сустрэў яго коса намалёванай сіняй дзявяткай на сьцяне і высокімі чорнымі дзьвярыма праваруч, за якімі хавалася пляцоўка з кватэрамі. Лявон сунуўся налева, трапіў на лесьвіцу і пачаў падымацца, удыхаючы сухі пах беліва і бэтону. Прыступкі канчаліся на невялікай пляцоўцы, зь якой жалезная лесьвічка цягнулася да невялікага іржавга люку. Аніякага замка ня было відаць. Лявон ступіў на лесьвічку і спачатку штурхнуў люк, потым налёг на яго мацней – і ён туга, са скрыпам папусьціўся.
Сагнуўшыся і стараючыся не закрануць галавой за жалезную раму вакол люку, Лявон вылез на дах. І калі ён выпрастаўся, з захапленьня па ягонай сьпіне пабеглі дрыжыкі. Як жа там было добра! Шмат, вельмі шмат неба, і зусім блізка, значна бліжэй ніж зьнізу. Вялізарнае воблака ўздымалася збоку, сьветлае, але ўжо зь лёгкімі ценямі, што нагадвалі пра блізкасьць вечара. Ён стаяў нерухома, адчуваючы, як ветрык варушыць валасы. Тут люк рыпнуў, і Лявон спалохаўся, што ён можа зараз зачыніцца, пстрыкнуць і ня выпусьціць яго назад. Ён зьмеркаваў чымсьці падперці люк і ў пошуках палкі ці каменя наблізіўся да парапэту, спрэс залітога смалой, чорнай і цьвёрдай, у некаторых месцах бліскучай. Парапэт даходзіў яму да поясу і быў даволі шырокі, так што Лявон нават не адчуваў страху вышыні. Верхавіны дрэў клубіліся ўнізе, наводдаль высіліся суседнія дамы, а ў разрывах паміж імі было відаць, як сыходзяць да гарызонту зялёныя землі. Там, пэўна, горад сканчаўся, і Лявона пацягнула туды, удалячынь. «Чаму ж я ніколі...» – падумаў быў ён, але люк ізноў рыпнуў. Каб недарэчна не засесьці, Лявон рассудзіў зараз сысьці, а на заходзе вярнуцца, прыхапіўшы з сабою соку, крэселка і штосьці падперці гэты рыпучы люк. Аднак, вяртаючыся, ён лаяў сябе за маладушнасьць: хіба ж мог люк зачыніцца і пстрыкнуць, ня маючы ані замка, ані запора?
Перад тым, як вярнуцца ў кватэру, ён спусьціўся на першы паверх і зазірнуў у паштовую скрыню. Месяц ці два таму, калі тэлефон сапсаваўся, Лявона папярэдзілі на ўнівэрсытэце, што цяпер афіцыйная сувязь будзе падтрымвацца толькі поштай. Лявон не зусім разумеў, навошта патрэбная гэтая пошта, калі ён і бяз тога кожны дзень бывае на занятках, але завёў лаяльную звычку штодня правяраць скрыню. Звычайна скрыня пуставала ці зьмяшчала нікчэмную газэтку, але сёньня яго чакаў ліст ад Рыгора. Лявон разарваў капэрту проста ў ліфце і прачытаў прапанову: пайсьці суботай у лазьню разам, але крыху раней, а дванаццатай, калі ў апарне яшчэ чыста і горача. Лявон узрадаваўся запрашэньню. Хоць ягоны звычайны мыцьцёвы дзень была нядзеля, а мінулае суботняе наведваньне ня надта спадабалася яму праз шматлюдзтва, шум і бруд, але мажлівасьць пабачыць новага прыяцеля перавешвала ўсе мінусы. Таварыскасьць і актыўнасьць Рыгора, хай і дурнаватая, прыемна бударажыла Лявона. Гэта падмацоўвалася тым, што Рыгор быў старэйшы і здаваўся Лявону чалавекам сталым, дасьведчаным і мудрым.
Читать дальше