Прыступ кашлю скончыўся, але Рыгор па інэрцыі кашлянуў яшчэ колькі разоў, і за стойкай яго пачулі. Зашамацела складзеная газэта, і зьявілася хостэс у строгім чорным строіку, са скураной тэчкай у руках. Невысокая, худзенькая, са сьветлымі, сабранымі ў хвосьцік валасамі і зьлёгку непрыгожым тварам, яна так спадабалася Рыгору, што ён адразу забыў пра напышліваю ўладальніцу джыпа. Хостэс прапанавала Рыгору выбраць месца па густу, і ён агледзеўся яшчэ раз і сеў на канапку ля вакна. На ейных грудзёх быў прышпілены квадратны бэджык з імём: Кацярына. Яна падала яму разгорнутую тэчку, дзе зьмяшчалася мэню з назвамі і фотаздымкамі страў, і запыталася, ці не прынесьці што-колечы адразу.
– Піва халадзенькае ёсьць у вас?
– Вядома! Якое вы хочаце?
Яна стала падрабязна пералічваць гатункі. Рыгор ня слухаў і глядзеў на ейны твар – як яна кажа. Вялікія вочы пазіралі нерухома і крыху дзіка, а кончык шырокага носа ледзь прыкметна рухаўся ў тахт з вуснамі. Ад крылаў носу апускаліся дзьве замілавальныя зморшчынкі. Вусны спыніліся, і Рыгор зразумеў, што яна ўсё расказала і чакае адказу. Ён папрасіў прынесьці сама першае па сьпісу. «Старапрамэн?» – удакладніла яна, кіўнула і пайшла. Рыгор гартаў мэню, але ні флякаў, ні зразаў, што спадабаліся яму ў Эвы, не знайшоў. Зрэшты, усе стравы былі падрабязна і апэтытна апісаныя, і праз адны толькі соўсы Рыгор пару разоў праглынуў. Часта трапляліся загадкавыя кнэдлікі, і, пакуль ён спрабаваў знайсьці іхную фатаграфію, Кацярына прынесла піва ў высокім куфлі. Яна паставіла куфаль на квадратную кардонку з напісам «Сьмятана» , і, убачыўшы, што ён яшчэ вывучае мэню, наважылася сысьці.
– Каця! – паклікаў яе Рыгор, і яна паслужліва павярнулася. – Каця, чаму вы называецеся «Сьмятана»? У вас уся ежа са сьмятанай?
– Не, што вы! Гэтая назва – на чэсьць кампазытара Сьмятаны. Ведаеце такога? – проста адказала яна. – Хочаце, я вам зараз уключу ягоную музыку?
– Няўжо? – Рыгор зьдзівіўся, – Вядома, уключыце. Можа, у яго песьні ёсьць? Уключыце песьні, паслухаем разам. Але чаму менавіта ён? Назвалі б «Мэндэльсон» або «Глінка»?
– Бо Сьмятана – гэта наш гонар! Бадай усё жыцьцё ён працаваў тут, у Празе, а ведаюць яго ўва ўсім сьвеце. Ён пісаў толькі пра Чэхію, пра чэхаў і праславіў нашую культуру.
«Значыць, я ўсёткі ў Празе, а не ў Варшаве», – Рыгор канчальна заблытаўся і болей ні пра што не пытаўся, каб выпадкова ня трапіць перад ежай на яшчэ нейкія нечаканыя навіны. Ён тыцнуў пальцам у сама вялікую фатаграфію – “смажаная сьвініна з кнэдлікамі, капустай і агурочнай падліўкай”. Прасачыўшы, як Кацярына хуткай і нэрвовай хадой выдаляецца на кухню, ён адпіў піва і закурыў, адкінуўшыся на канапе. Ён спрабаваў думаць пра дзівацтвы прасторы дый новыя змогі, і што добра было б патэлефанаваць і расказаць пра ўсё Піліпу – хай ня б’е галаву пашпартамі ды йдзе ў падарожжа самастойна, але думкі няўхільна вярталіся да жаноцкае тэмы наогул і да Каці ў прыватнасьці. Зайграла музыка. Мабыць, песень не знайшлося, і Каця паставіла сымфанічнага Сьмятану. Рыгор пазнаў «Влтаву». Якая харошая дзевачка! Але з чаго менавіта складаецца ейная прыгажосьць? Твар, рукі, ногі – па асобнасьці ўсё было звычайнае. Ён хваляваўся. Закурыў яшчэ раз, зрабіў пару глыткоў. Цыгарэты паліліся імгненна, куфаль неўзабаве апусьцеў.
Неўзабаве зьявілася Каця з падносам. Яна паклала перад ім відэлец і нож, паставіла вялізарную талерку, ад якой узыходзіў пар. Рыгор запрасіў яе сесьці побач, але яна з падзякамі адмовілася, спаслаўшыся на неадкладную працу.
– Якая праца? Навошта? Нікога ж няма ўва ўсёй зале, толькі я! – Рыгор усьміхаўся, падняўшы рукі, і яна неспакойна азірнулася абапал. – Кацечка, калі ласка! Зрабі кампанію! Просьма прашу.
Сказаўшы, што зносіны з наведвальнікамі ім забароненыя, і яе могуць зволіць, яна насьцярожана села насупраць. Рыгор спытаў, дзе абяцаныя кнэдлікі, і Каця паказала яму на дзелькі распаранага белага хлеба. Проста хлеб? Рыгор быў крыху расчараваны, але ў спалучэньні з агурковым соўсам кнэдлікі прыйшліся яму да спадобы, і ён міжволі зноў успомніў тату зь ягонымі кулінарнымі вынаходзтвамі. Ён запытаўся Кацю, што цікавага можна паглядзець у Празе, і яна, быццам чакаючы гэтае пытаньне, пачала расказваць пра масты, пра саборы, пра фантаны.
– Ты пакажаш мне?
– Сёньня ўжо позна, неўзабаве сьцямнее. Лепш заўтра ўраніцу пагуляйце па горадзе. Лепш за ўсё купіце даведнік, яны ў кожнай краме прадаюцца, – ветліва адмовілася яна.
Читать дальше